Сёлета споўніцца 435 гадоў з часу з’яўлення ў Оршы езуітаў. Так, менавіта ў 1573 годзе апорным пунктам для сваёй дзейнасці на Беларусі езуіты выбралі наш горад. Чаму Орша прывабіла гэты манаскі ордэн, які паставіў сабе галоўнай мэтай барацьбу з Рэфармацыяй і ўмацаванне каталіцтва? Галоўнае – стратэгічнае значэнне горада, яго зручнае геаграфічнае становішча. Аднак, як заўважаюць даследчыкі, выхаванцы Ігнація Лаёлы не ўлічылі адной важнай акалічнасці. Ва ўсім Аршанскім павеце жыло тады не больш сотні каталікоў, не меўшых ні касцёла, ні ксяндза. Ды й праваслаўнае насельніцтва сустрэла езуітаў не надта ветліва. Але яны чакалі свайго часу. І, нарэшце, дачакаліся. Пры падтрымцы караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Вазы і канцлера Вялікага княтства Літоўскага Льва Сапегі езуіты ў Оршы ўмацаваліся матэрыяльна і ў пачатку XVII стагоддзя адчынілі тут кляштар.
Бібліяграфія аршанскага калегіума (так называліся закрытыя сярэднія навучальныя ўстановы, створаныя езуітамі; ад лацінскага слова collegium – таварыства, садружнасць) не надта й багатая. Дый, у асноўным польскамоўная. Айчынныя даследчыкі пачалі займацца вывучэннем гісторыі аршанскага калегіума толькі напрыканцы 1980-х –пачатку 1990-х гадоў, бо да 1989 г. у яго мурах месцілася турма. Будаўніцтва манастырнага комплекса, яго архітэктурныя адметнасці, дзейнасць у ягоных мурах навучальнай установы, якая стала па тым часе значным асяродкам культуры Усходняй Еўропы, асветлены ў працах мінскіх гісторыкаў Т.Бліновай, С.Цярохіна, археолага В.Ляўко, віцебскіх навукоўцаў Л.Хмяльніцкай і І.Цішкіна, мясцовых краязнаўцаў Ю.Копціка, Зм.Дзядзенкі ды іншых. І ўсё ж невядомых старонак гісторыі калегіума яшчэ шмат.
Па-першае, у розных крыніцах існуе пэўная блытаніна з датай заснавання езуіцкага кляштара ў Оршы. У беларускіх выданнях адназначна пазначана дата – 1604 год. Але вось у артыкуле пра аршанскі езуіцкі кляштар, які змешчаны ў выдададзенай у 1996 г. у Кракаве “Энцыклапедыі ведаў пра езуітаў на землях Польшчы і Літвы (1564-1995)”, рэзідэнцыя езуітаў у Оршы датуеца 1610-1611 гадамі, а калегіум 1611-1820 гадамі. Першыя будынкі (прынамсі калегіума і касцёла), трэба меркаваць драўляныя, былі узведзены ў 1611-1612 гадах на месцы былога кальвінскага збору, як раз насупраць замка. У 1655-1661 гадах, калі Орша была акупіравана маскоўскімі вайскамі, касцёл і школа былі зачынены. Пасля вяртання ў Оршу езуіты жылі ў нанятым доме і аднаўлялі зруйнаваныя будынкі. Пажар у горадзе ў 1664 г. знішчыў калегіум і нарыхтаваныя будаўнічыя матэрыялы.
Мураваны двухпавярховы будынак калегіума быў узведзены ў 1690 годазе (па іншых звестках – у 1717 годзе). Будаўніцтва новага мураванага касцёла у імя Міхаіла Архангела пачалося 31 ліпеня 1741 года і працягвалася да 1765 года. У 1786-1788 гадах касцёл быў значна рэканструяваны і набыў велічны манументальны выгляд. Дзякуючы шматлікім ахвяраванням, у тым ліку каранаваных асоб, ён меў шмат каштоўнага начыння.
Мясцовая шляхта праводзіла ў касцёле соймікі Аршанскага павета. Часам яны былі надта бурлівымі, аднойчы справа дайшла да бойкі на шаблях і праліцця крыві. З-за гэтага касцёл быў пэўны час зачынены і пасля пераасвечаны.
Касцёл, школа з бурсай, будынкі калегіума, аптэкі (дарэчы, першай у горадзе), гаспадарчыя пабудовы адвольна размяшчаліся на вялікай тэрыторыі ў форме абгароджанага няправільнага шматкутніка. Будынак калегіума быў 2-павярховым, складаўся з двух крылаў, размешчаных пад прамым вуглом адно да другога: у іх месціліся келлі манахаў, бібліятэка, архіў, інтэрнат для навучэнцаў публічнай школы. Пазней адзін з тарцоў калегіума быў упрыгожаны фігурнай вежай з гадзіннікам, які “адбіваў на ўвесь горад гадзіны і чвэрці”, а фасад на зломе “дзвюх ліній” – высокім багата дэкарыраваным двух’ярусным франтонам.
На рубяжы XVIII-XIX стагоддзяў калегіум стаў адным з буйных цэнтраў адукацыіі і культуры ў нашым краі. Ён даваў, дарэчы, бясплатна (у тым ліку і для прадстаўнікоў іншых канфесій), досыць грунтоўную сярэднюю адукацыю. Яшчэ ў XVII ст. у ім быў адчынены першы ў горадзе тэатр. Тут быў створаны рукапісны зборнік драматычных твораў, вядомы цяпер як “Аршанскі кодэкс”(знаходзіцца ў адной з бібліятэк Польшчы). Адсюль выйшлі знакамітыя рэлігійныя дзеячы, навукоўцы і літаратары Ю.Маралеўскі, Я.Красоўскі, С.Шадурскі, Ф.Кара. Сярод выхаванцаў аршанскіх езуітаў нельга не назваць Пятра Завадоўскага, расійскага дзяржаўнага дзеяча, міністра народнай асветы ва ўрадзе Аляксандра І.
У 1812 годзе ў калегіуме кватэраваў, адступаючы з Расіі, імператар Францыі Напалеон І, які прымаў тут справаздачу інтэнданта “Вялікай арміі” Анры Бейля, больш вядомага ў свеце як пісьменнік Стэндаль. Некалі аўтар гэтых радкоў выказваў пажаданне, каб у адрэстаўраваным будынку калегіума ў адным з пакояў добра было б размесціць васковыя фігуры Напалеона і Стэндаля ў адпаведным інтэр’еры. Гэта была б адна з “разыначак” нейкай музейнай экспазіцыі, прысвечанай гісторыі помніка. А што яна павінна быць, у мяне няма сумневу. Але, на жаль, пакуль з гэтай марай трэба развітацца.
У 1820 г. ордэн езуітаў на тэрыторыі Расійскай імперыі быў скасаваны. Ягоныя навучальныя ўстановы, у тым ліку і аршанскі калегіум, былі зачынены. Будынак касцёла спачатку спрабавалі прыстасаваць пад праваслаўны храм (была нават складзена дакументацыя на яго перабудову і выкананы праектны чарцёж), але потым прадалі пад знос. Будынак калегіума і шматлікія гаспадарчыя пабудовы перадалі ваеннаму ведамству, якое ператварыла іх у турму, што дзейнічала тут з 1842 па 1989 год.
На працягу XIX-XX стагоддзяў будынкі езуіцкага калегіума былі значна перабудаваны. У 1989-1993 гадах на ягонай тэрыторыі былі праведзены археалагічныя даследаванні. Магутнасць культурнага слоя вагаецца тут ад 0,6 да 1 метра. Найбольш раннія знаходкі датуюцца ХІІ стагоддзем.
У пачатку 1990-х гадоў быў распрацаваны план рэстаўрацыі калегіума (мал.2). Тады ж былі знесены будынкі, якія не мелі да яго дачынення . Праўда, некаторыя з іх, значна перабудаваныя, мелі ўчасткі сцен, складзеныя з буйнапамернай цэглы-пальчаткі, характэрнай для XVII-XVIII стст. Была знесена і частка аўтэнтычнай агароджы з паўднёва-заходняга боку.
Непрыемная гісторыя атрымалася з адным з будынкаў – афіцынай кляштара (тут некалі размяшчаліся пякарня, бровар, саладоўня і памяшканні для чэлядзі), што стаяў на беразе Аршыцы. Як бачна з плана рэстаўрацыі, ён павінен быў захавацца. Першы раз яго спрабавалі знесці напярэдадні Свята беларускага пісьменства ў 1998 г. Але тады грамадскасці ўдалося яго адстаяць. Дадам, што тады ў падлозе другога паверха аматарам аршанскай даўніны Сяргеем Сцепанковым былі знойдзены і перададзены ў музей гісторыі і культуры горада два невялікія жалезныя ядры. Што вельмі сімвалічна – міналі стагоддзі, бушавалі адна за другой войны, а будынкі калегіума стаялі. І толькі ў наш мірны час будынак былой афіцыны выглядаў як пасля бамбёжкі. Застаўшыся без даху, ён паціху разбураўся. Апошняя кропка ў ягоным лёсе была пастаўлена ў 2004 годзе, калі будынак быў зруйнаваны да падмуркаў. Дарэчы, менавіта гэты будынак трапіў на гравюру “Від езуіцкага кляштара ў Оршы” французскага мастака і падарожніка Б.Лаверня (1840 г.) – першае вядомае мастацкае адлюстраванне горада.
Шматлікія рэчы мінулых стагоддзяў, знойдзеныя за апошнія дзесяцігоддзі на тэрыторыі калегіума, захоўваюцца цяпер ў музейных фондах. Сярод іх найбольшую цікавасць, на наш погляд, уяўляюць фрагменты паліванай каробчатай кафлі з царкоўнай эмблематыкай. У цэнтры змешчана манаграма ордэна езуітаў “ІНS” (Iesus Hominum Salvator – Езус Чалавека Выратавальнік) у коле, ад якога зыходзяць прамяні. У верхнім левым куце літара “С”( Collegium – калегіум). У правым ніжнім куце – літара “І” (Iesu – езуітаў). Можна меркаваць, што дзве іншыя літары былі “О” – аршанскі, і “S” (Societatis – таварыства). Самае адметнае, што гэта кафля датаваная – на ніжнім фрагменце выразна чытаюцца лічбы “(1)668”. Здаеццца, гэта быў першы выпадак знаходкі датаванай кафлі на тэрыторыі Оршы.
На жаль, маштабныя археалагічныя даследаванні, якія б пралілі святло на дакладнае размяшчэнне пабудоў, падземныя хады, якія, магчыма, звязвалі ў мінулым езуіцкі кляштар з іншымі каталіцкімі кляштарамі горада, на ягонай тэрыторыі не праводзіліся. А тайн яна захоўвае яшчэ шмат (варта згадаць пра знаходку тут ў пачатку 1970-х гадоў буйнага скарба сярэбраных манет), як, дарэчы, і ўся тэрыторыя гістарычнага цэнтра Оршы. І апошняе. Летась пачалася доўгачаканая рэстаўрацыя калегіума – выдатнага помніка архітэктуры барока, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Над будынкам ужо паўстала велічная вежа. І наогул, адрэстаўраваны комплекс езуіцкага калегіума стане сапраўднай дамінантай у цэнтры нашага старажытнага горада.
Віктар Лютынскі (газета “Телеком-экспресс”)
Фото 1. Из глубины веков
Фото 2. План иезуитского коллегиума (по О. Левко):
1 – костел,
2 – коллегиум,
3 – трапезная,
4 – крытый переход,
5 – школа,
6-8 – хозяйственно-производственные помещения,
9 – аптека,
10 – ботанический сад.
Фото 3. Кафля. Аршанскі езуіцкі калегіум. 1668 г. Рэканструкцыя В. і Я. Лютынскіх.
Фото 4. Теперь он почти такой же как и был.
|