Свой унёсак ў гісторыю і культуру нашага горада зрабілі прадстаўнікі многіх нацыянальных меншасцяў, якія стала жылі і жывуць тут: рускія, яўрэі, палякі. Пра гэта сказана і напісана шмат. Нельга не згадаць і прадстаўнікоў еўрапейскіх народаў, якія, так бы сказаць, на слыху: немцы і французы(пра апошніх ўжо “Т-Э” пісаў: гл. № за 2008 г.).
Але шведы... Штуршком к пошуку матэрыялаў пра іх(а гэта, паверце, справа цікавая і захапляльная!) стала выдатная кніга беларускага гісторыка Андрэя Катлярчука “Шведы ў гісторыі і культуры Беларусі”, на прэзентацыі другога выдання якой пашчасціла пабываць летась.
КРЫХУ ПРА ШВЕЦЫЮ І ШВЕДАЎ
Якія веды ў сучаснага беларуса пра Швецыю і шведаў? З гісторыі з большага прыгадаем варагаў (вікінгаў) ды Карла ХІІ пад Палтавай (паводле А.Пушкіна). А хто з нашых сучаснікаў (прынамсі, маладых) не ведае пра нобелеўскія прэміі, глабальныя брэнды шведскіх вытворцаў Volvo і Ericson, Elektrolux і IKEA, Oriflame Cosmetics i Absolut Vodka?
Шведаў нездарма называюць нацыяй геніяў і вынаходнікаў, бо пералік адкрыццяў і вынаходніцтваў, зробленых імі ў розныя стагоддзі, і якімі карыстаецца ўсё чалавецтва, сапраўды ўражвае. Гэта і тэмпературная шкала Цэльсія, і паравая турбіна, і халадзільнік, і адзін з першых мабільных тэлефонаў ( з’явіўся больш за 50 гадоў таму і важыў ...40 кг), і упакоўка “тэтрапак”... З вынаходак апошніх гадоў можна адзначыць трохпунктавы рэмень бяспекі, кампутарную “мышку” і каляровую кампутарную графіку. А так званы “шведскі сацыялізм” з бесплатнымі адукацыяй і медыцынскім абслугоўваннем, з зарабатнай платай не менш 30 еўра ў гадзіну! І гэта ў краіне, якая не мае ні багатых радовішчаў газа, ні нафты, з суровым кліматам ды насельніцтвам, па колькасці супаставімым з Беларуссю.
Менш як за стагоддзе невялікая паўночная краіна ператварылася з жабрацкага, прымітыўнага сельскагаспадарчага краю ў адно з самых заможных грамадстваў ў свеце. Самі шведы ( як і амаль паўсюль ў Заходняй Еўропе значную частку іх складаюць сёння эмігранты-афраазіяты) звязваюць поспехі сваёй краіны і высокі дабрабыт народа з прыватнай уласнасцю, дэмакратыяй і палітычным плюралізмам. Напрыклад, свабода слова тут была заканадаўча замацавана яшчэ ў 1766 годзе. Нават шведскі кароль, хоць улада яго і сімвалічная, часта становіцца аб’ектам жорсткай крытыкі з боку журналістаў. А яшчэ ёсць “шведскі стол” ды “шведская сям’я”. Ну, здаецца, хопіць. “Разные прочие шведы”, як пра іх некалі грэбліва пісаў савецкі паэт Уладзімір Маякоўскі, зрабілі для чалавецтва шмат карыснага й добрага, а сацыяльна-эканамічны лад Швецыі можа быць прыкладам для пераймання.
У ГЛЫБІНЮ СТАГОДДЗЯЎ
Як вядома яшчэ са школьнай лавы, сама назва нашай першай дзяржавы Русь варажскага паходжання (дагэтуль тэрмін “Русь” выкарыстоўваецца для пазначэння Швецыі ў фінскай і эстонскай мовах). У шведскіх крыніцах краіна Русь атрымала ўласную назву “Гардарыка” – краіна ўмацаваных гарадкоў. Аднім з цэнтраў яе быў Полацк.
Як раз праз нашы землі прайшоў славуты гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі”. Мэтай жа падарожжаў варагаў-купцоў быў Канстанцінопаль – найбуйнейшы цэнтр тагачаснага свету, сталіца магутнай Візантыі. Галоўным аб’ектам гандлю шведаў былі рабы, якіх абменьвалі на серабро. Невыпадкова скарбы куфіцкіх дырхемаў(сярэбраных манет, якія чаканіліся на Блізкім Усходзе ў ХІ-Х стагоддзях) былі знойдзены на ўзбярэжжах Дзвіны і Дняпра, на тэрыторыі Аршаншчыны ды суседніх Дубровенскага, Сенненскага, Талачынскага і Лёзненскага раёнаў.
“Паступова, на працягу стагодзьдзяў, - зазначае А.Катлярчук, – скандынаўская палітычная эліта асыміліравалася ў славянскім асяродзьдзі. Тутэйшыя абшары, населеныя ўсходнімі славянамі, атрымалі назву Русь і вызналі праваслаўе. Вынікам стаў своеасаблівы скандынаўска-славянскі сымбіёз. Этнолягі даўно заўважылі, што ў адрозьненьне ад звычайных палітонімаў (этнонімаў), палітонім “рускі” адказвае на пытаньне “чый”, але не на пытаньне “хто” (паляк, немец і г.д.). Таму ўсходнеславянскія этнасы лічыліся ў сярэднявеччы “рускімі” (арфаграфія арыгінала – В.Л.).
Першая гістарычная дзяржава на беларускіх землях – Полацкае княства – было створана вікінгам Рангвальдам (Рагвалодам). Ён і паклаў пачатак дынастыі полацкіх князёў. Як мяркуюць гісторыкі, для забеспячэння кантролю і абароны Полацкае княства заснавала ў ХІ стагоддзі шэраг невялікіх гарадзішчаў-умацаванняў. Сярод іх ва ўсходнім накірунку была і Орша. Менавіта з дзейнасцю аднаго з нашчадкаў Рагвалода полацкага князя Усяслава Чарадзея (1041-1101) звязана першае ўпамінанне нашага горада (1067 год) на старонках летапісу “Аповесць мінулых гадоў”.
Пра шведскі ўплыў на культуру месцічаў сведчаць і знаходкі археолагамі, у тым ліку на Аршаншчыне, рэчаў скандынаўскага паходжання, а таксама прывазных з Кіева, Візантыі, арабскага свету.
Вызначаюць вучоныя і шмалікія лексічныя запазычанні са шведскай мовы. Пералічым толькі беларускія словы з гандлёва-рэчавай сферы: бязмен, вандраваць, гандаль, госць, дрот, скрыня, торг і іншыя.
Такім чынам скандынаўскі або старашведскі этнакультурны ўплыў на землі Беларусі быў вельмі моцны. Спазналі яго і нашы продкі.
ЯК АРШАНЦЫ ЛЕДЗЬ НЕ СТАЛІ ШВЕДАМІ
Прадстаўніком Швецыі, які сыграў значную ролю ў гісторыі і культуры Оршы, з’яўляецца кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ Васа (Ваза). Ён нарадзіўся 20 чэрвеня 1566 года. Паходзіў з шведскай дынастыі Васаў. З 1587 па 1632 год быў каралём польскім і вялікім князем літоўскім, а з 1592 па 1604 год – да таго ж каралём Швецыі.
У 1609 і 1611 гадах ён быў ў Оршы пад час вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. Будучы адданым каталіком, зрабіў тут багатыя ўкладанні ў езуіцкі калегіум. Але найперш Жыгімонт ІІІ Васа за працяглы час свайго кіравання неаднойчы надаваў граматы і прывілеі жыхарам Оршы. Менавіта ён 20 снежня 1620 года падпісаў прывілей на наданне Оршы Магдэбургскага права. Тады ж атрымалі аршанцы і сучасны герб горада. Некалькі гадоў таму цудоўныя вялікафарматныя копіі партрэтаў Жыгімонта ІІІ Васы падараваў Оршы грамадзянін Польшчы, даследчык нашай мінуўшчыны Ежы Чаеўскі. Хацелася, каб партрэт караля, надаўшага гораду самакіраванне, ўпрыгожыў калі не сцены кабінета мэра (як прапаноўваў меценат), а хаця б экспазіцыю музея гісторыі і культуры ці аднойленага езуіцкага калегіума.
У першай трэці XVII стагоддзя Швецыя вяла вайну з Рэччу Паспалітай. У Расійскай Нацыянальнай бібліятэцы (Санкт-Пецярбург) захоўваецца рукапісная “Ведамасць выдачы пораха і куль панам Эгерту і Зондербаху, капітанам шведскага войска”, датаваная 31 снежня 1632 года, за подпісам бурмістра Оршы Бартэша Буткевіча.
У 1700 годзе пачалася Вялікая Паўночная вайна паміж Швецыяй з аднаго боку і Расіяй і яе саюзнікам Рэччу Паспалітай. Адной з мэт распачатай шведскім каралём Карлам ХІІ вайны акрамя пераўтварэння Балтыйскага мора ва ўнутранае “шведскае возера” было аднаўленне старажытнага шляху вікінгаў з Швецыі праз Дзвіну і Дняпро ў Міжземнае мора.
Мелі шведы і падтрымку ў тагачасным беларускім грамадстве. На баку іх быў магутны магнацкі род Сапегаў. Патэнцыйным хаўруснікам лютэранскай Швецыі была і літоўская пратэстанцкая шляхта. Нагадаю, што яшчэ ў 1555 годзе ў Оршы ўзнікла кальвінісцкая абшчына, якая мела свой збор (храм). Праўда, у 1590 годзе яго месца купіў кацлер ВКЛ Леў Сапега для пабудовы езуіцкага кляштара.
“Патэнцыйнымі хаўруснікамі Швецыі, - зазначае А.Катлярчук, - былі месьцічы-купцы беларускага Падзьвіньня і Падняпроўя. Калі Польшча мела ўласны выхад у Балтыку, беларускія месты яго ня мелі, і з гэтай нагоды выкарыстоўвалі швэдскую Рыгу. З прыходам швэдаў гэтая падтрымка ўвасобілася ў шэрагу гучных акцыяў, якія, аднак, па вайне старанна замоўчваліся, бо перамагла Расія... Да прыкладу, месьцічы Воршы ў 1706 годзе (калі швэды былі ў Беларусі) узьнялі паўстаньне супраць расійскага гарнізону, зьнішчылі жаўнераў ды абвесцілі пра пераход места пад швэдзкі пратэктарат.” (курсіў мой – В.Л.). Відаць, гэта потым ўспомніў аршанцам Пётр І, калі ў верасні 1708 года загадаў спаліць горад, тады ж пачалося і разбурэнне аршанскага замка. На сумленні пятроўскіх ваяроў, на думку даследчыкаў, і разбурэнне замка ў Смалянах.
А вось у ліпені 1708 года жыхары суседняга Магілёва ўрачыста сустракалі Карла ХІІ і падаравалі шведскаму каралю, як патрону, “на чырвоным ручніку ключы ад места”. Дарэчы, у адрозненні ад расійцаў шведы плацілі месцічам за ежу. Ну й у пакаранне за добрае стаўленне да шведаў Магілёў, адзіная цытадэль праваслаўя ў Рэчы Паспалітай, быў пасля зруйнаваны на “загад “праваслаўнага белага цара”. Праўда, расійская, а потым савецкая гістарыяграфія ўсё перайначыла.
У час сярэднявечча і першыя стагоддзі новага часу Швецыя вяла ажыўлены гандаль з нашымі землямі. Пра гэта сведчаць у тым ліку і скарбы манет, чаканеных у шведскай Прыбалтыцы, і знойдзеных на нашых землях. А ў 1960-я гады на левым беразе Аршыцы на тэрыторыіі бальніцы імя Сямашкі была найдзена шведская медная манета, датаваная 1646 годам, вартасцю 1 эрэ, якая цяпер захоўваецца ў музее гісторыі і культуры Оршы.
НАШЫ Ў ШВЕЦЫІ
За апошнія стагоддзі ў архівах, бібліятэках ды музеях Швецыі былі назапашаны багатыя зборы “беларусікі”, у тым ліку калекцыі беларускіх рукапісаў і старадрукаў. Трэба адразу зазначыць, што гэтыя каштоўнасці трапілі сюды не ў выніку захопніцкіх войнаў, якія Швецыя вяла з Рэччу Паспалітай. Ужо ў ХVІІ стагоддзі біблятэка сусветнавядомага універсітэта Ўпсолы купляла кнігі непасрэдна ў Рэчы Паспалітай, у тым ліку і ў ВКЛ. Збіралі кнігі, якія друкаваліся на нашых землях, і шведскія вучоныя канца ХVІІ – пачатку ХVІІІ стагоддзяў. Так філолаг і паліглот Ёхан Спарвэнфэльд прывёз у Швецыю з Масквы шмат розных выданняў ХVІ –ХVІІ стагоддзяў, сярод іх і куцеінскае выданне слоўніка Памвы Бярынды . Як зазначае Андрэй Катлярчук, у бібліятэках Швецыі захоўваюцца сотні кніг, шмат з якіх няма ў Беларусі, а некаторыя наагул існуюць у адным асобніку. Годна прадстаўлены ў іх і куцеінскія выданні. Так у бібліятэцы універсітэта Ўпсолы ёсць “Псалтирь”(1642), “Диоптра или зерцало...”(1651), ”Лексикон славено-росский” Памвы Бярынды(1653).
НОБЕЛІ Ў ОРШЫ
20 мая 1896 года праўленнем Таварыства нафтавай вытворчасці “Браты Нобель” быў заключаны дагавор на арэнду зямлі ў горадзе Оршы для ўладкавання склада, дзе збіраліся захоўваць “газу(па – руску - керосин) і іншыя прадметы нафтавай вытворчасці і ўсялякага роду маёмасць”. І такія склады былі адчынены Таварыствам у 39 гарадах Расійскай імперыі.
Мяркую, трэба згадаць тут пра дзейнасць Таварыства ды некалькі слоў пра сям’ю Нобель. Глава сям’і Эмануэль быў шведам. А тры яго сыны – Людвіг, Альфрэд і Роберт сталі галоўнымі ініцыятарамі і пайшчыкамі Статутнага фонда, створанага ў 1879 годзе ў Санкт-Пецярбургу Таварыства. З 3 мільёнаў рублёў першапачатковага капіталу каля двух мільёнаў склалі паі Нобеляў.
Потым у нафтавай “імперыі” Нобеляў працавала каля 30 тысяч чалавек. Толькі за першыя восем гадоў дзейнасці Таварыства кошт газы ў Расіі ўпаў ў 8 разоў!
Такім чынам, звыш 110 гадоў таму ўпершыню ў гісторыі нашага горада гэтым Таварыствам пачаў ажыццяўляцца гандаль нафтапрадуктамі, прыблізіўшы гэтыя тавары і паслугі к спажыўцам. Для захавання нафты і нафтапрадуктаў (газы, масла і г.д.) будаваліся металічныя рэзервуары. Дарэчы, іх канструкцыя захавалася да нашых дзён. Упершыню ў 1881 годзе Нобелі пачалі ажыццяўляць перавозку нафты і нафтапрадуктаў у чыгуначных цыстэрнах. А ўжо праз некаторы час па чыгунках курсіравалі сотні цыстэрнаў з надпісам “Т-во Бр.Нобель”. Дарэчы, у Расійскім гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу захоўваецца план адводу на зямлю пад склады ў Оршы. На жаль, са зместам гэтага дакумента ў нас ніхто незнаёмы. Таму можна выказаць меркаванне, што скалды знаходзіліся недзе непадалёку ад чыгуначнай станцыі Орша-Пасажырская.
Да 1888 года Праўленне Таварыства ўзначальваў Людвіг Нобель, затым яго змяніў сын Эмануіл. Яшчэ раней адышоў ад гэтай справы бадай самы вядомы з Нобеляў Альфрэд(1833-1896). Ён засяродзіўся на вытворчасці вынайдзенага ім дынаміта, валодаў напрыканцы жыцця 355 патэнтамі (у тым ліку і на электрычны стул). Але найперш ён увайшоў у гісторыю чалавецтва, калі паводле ягонага тэстаменту былі заснаваныя самыя прэстыжныя прэміі сучаснасці – нобелеўскія.
У 1918 годзе Эмануіл Нобель з’ехаў на радзіму, у Швецыю, паколькі Дэкрэтам Саўнаркама РСФСР ад 20 чэрвеня маёмасць Таварыства падлягала нацыяналізацыі. У тым ліку і нафтаскалад у Оршы. Фактычна ж ён быў нацыяналізаваны 3 верасня 1919 года. Менавіта ад нафтавага склада “Таварыства братоў Нобель” вядзе сваю гісторыю Аршанская база нафтапрадуктаў.
З ПЕРСПЕКТЫВАЙ НА СУПРАЦОЎНІЦТВА
У 1992 годзе Каралеўства Швецыя ўстанавіла дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь, адной з першых у свеце прызнаўшы незалежнасць нашай краіны. На жаль, адносіны паміж Швецыяй і нашым горадам носяць сёння досыь выпадковы характар. Вядома ж, аршанцы з задавальненнем карыстаюцца якаснымі і надзейнымі вырабамі шведскай прамысловасці – ад касметыкі да аўтамабіляў. Ужо колькі год чытаюць сваім дзеткам цудоўныя кнігі шведскай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн пра Карлсана, які жыве на даху, ды Пэпі Доўгую панчоху, настальгічна слухаюць кампазіцыі АВВА. Так, пэўныя сувязі падтрымліваць шведскія рэлігійныя арганізацыі з дзьвюмя лютэранскімі абшчынамі Оршы. Не адно аршанскае дзіцяці, якое засталося без бацькоўскай апекі, знайшло сабе новыя сем’і ў Швецыі.Па словах адказных работнікаў ГарАА, у гэтай краіне вельмі адказна адносяцца да пытанняў ўсынаўлення. “Новыя бацькі” і іх дзеці знаходзяцца пад пільным кантролем дзяржавы. А юным грамадзянам Швецыі, трэба сказаць, пашчэсціла, бо другой такой дзяржавы, якая б так клапацілася аб дабрабыце сваіх грамадзянаў літаральна ад калыскі да магілы, яшчэ трэба пашукаць.
Зразумела, ёсць палітычныя і эканамічныя абставіны, якія пакуль перашкаджаюць працэсу збліжэння дзьвюх нашых краінаў, як на цэнтральным, так і на рэгіянальным узроўні. І ўсё ж будзем спадзявацца, што багатая супольная гісторыя, дэмакратычныя працэсы і рынкавыя пераўтварэнні ў нашай краіне будуць садзейнічаць добрым перспектывам супрацоўніцтва ў будучыні.
P.S. АБО ОРША ЯК МЯДЗВЕЖЫ КУТ У ШВЕЦЫІ
Так-так, аказваецца на паўночным захадзе краіны ёсць буйнейшы ў Еўропе мядзвежы парк, які мае назву Орша Грёнкліт. У ім бурыя мядзведзі, а таксама рысі, ваўкі і расамахі жывуць у сваім звычайным асяроддзі. Хочацца згадаць тут і такі цікавы факт – у Швецыі існуе старажытны, унікальны ў сусветнай практыцы закон, які дае магчымасць усім без выключэння свабодна знаходзіцца на ўлонні прыроды – ставіць намёты, збіраць грыбы, кветкі і ягады, купацца і г.д. Гэта права распаўсюджваецца нават на прыватныя тэрыторыі, умова адна – каб вас было не відаць і не чуваць з дома ўладальніка. Так, любоў і павага да прыроды – цэнтральная частка шведскай душы.
А адкуль там, спытаеце, Орша? З усяго відаць, што некалі тут жылі фінскія плямёны, з мовы якіх і трапіла гэтая назва. А пра паходжанне назвы нашага горада з мовы фіна-уграў чытачу, спадзяюся, вядома. Дарэчы, існаванне “тёзак” Оршы ў Еўропе сыграла злы жарт з мінскімі дызайнерамі – аўтарамі новых прыпынкаў, якія ўпрыгожылі горад да свята “Дажынкі-2008”. Сярод фотаздымкаў помнікаў аршанскай гістарычнай і архітэктурнай спадчыны яны размясцілі выяву жаночага манастыра ў сяле Орша Цвярской вобласці.
Віктар Лютынскі, газета “Телеком-экспресс”, №№ 41 и 42 за 2008 год
|