Сёлета спаўняецца 375 год з часу асвячэння галоўнага храма Свята-Богаяўленскага Куцеінскага праваслаўнага мужчынскага манастыра – Свята-Богаяўленскага сабора. Наш кароткі аповед пойдзе пра, бадай, самы велічны драўляны храм старажытнай Оршы, які, на вялікі жаль, не дайшоў да нас.Цяжка і марудна ідзе адраджэнне Куцеінскага манастыра. Недзе ў пачатку 1990-х гадоў, калі толькі пачаліся рэстаўрацыйныя работы на гэтым, самым значным помніке аршанскай гісторыі і культуры, планавалася цалкам аднавіць мураваную агароджу з дзвюмя брамамі і над трэццяй ўзвесці званіцу, прыдаць першапачатковы выгляд манаскаму корпусу. І толькі цэнтральны аб’ект комплекса – Свята-Богаяўленскі храм – аднавіць не планавалася. Але ж вернемся да самага пачатку існавання манастыра.
Апісваючы ў 1824 годзе Куцеінскі манастыр, вядомы беларускі гісторык і археограф Іван Грыгаровіч яшчэ бачыў якім быў гэты храм. Ён адзначаў, што драўляны храм ў імя Богаяўлення Гасподняе быў закладзены ў 1623 годзе, пры заснаванні Куцеінскай лаўры. Дарэчы, у самім храме захоўваліся партрэты заснавальніка манастыра магната Багдана Стэткевіча-Завірскага і яго жонкі Алены Саламярэцкай. 29 чэрвеня 1635 года храм асвяціў кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла. У алтары храма былі пакладзены часткі мошчаў святых вялікамучанікаў Арцемія, Панцеляймона і Анастасія Персіяніна.
Свята-Богаяўленскі сабор быў 4-зрубным крыжова-купальным храмам. Меў даўжыню 26,6 м, шырыню 25,5 м і вышыню 37,8 м. Тры зрубы былі 5-гранныя, заходні прамавугольны ў плане; накрыты шматсхільнымі дахамі з галоўкамі ў месцы схілаў. Над крыжам узвышаўся светлавы васьмярык з гранёным купалам. Храм быў крыты гонтай, а з 1880 года (па іншых звестках – з 1887 г.) – бляхай. Сцены храма былі абшыты дошкамі і ў 1880-х гадах пафарбаваны. Пры ўваходзе ў сабор мелася невысокая абхадная крытая галерэя.
Да 1639 года ў царкве рэзчыкамі па дрэву, якімі ў той час славіўся наш горад, быў створаны велічны шасціярусны разны іканастас (у 1655 годзе ён быў вывезены ў Расію, потым усталююць пяціярусны), а сцены храма ўнутры былі распісаны манахамі. Роспіс уключаў 38 шматфігурных кампазіцый на біблейскія тэмы. У кнізе "Опыт описания Могилевской губернии”… (1883 г.) была змешчана рэпрадукцыя адной з іх - "Мелхісэдэк, цар Салімскі, сустракаючы Аўраама з войскам яго”.
У 1778 годзе быў падрыхтаваны і зацверджаны ў кансісторыі праект рэканструкцыі храма. Цудам захаваўся сабор у дні навалы 1812 года, калі напалеонаўскія войскі дашчэнту разрабавалі манастыр.”У 1885 годзе, - піша вядомая даследчыца беларускай архітэктуры Тамара Габрусь, – храм рамантаваўся”. Яна ж прыводзіць звесткі, што сабор гарэў два разы – у 1885 і 1888 годзе.
Разам з тым, археолаг Вольга Ляўко, аршанскія краязнаўцы Аляксандр Кудзін і Аляксандр Шынкевіч згадваюць, што храм згарэў ад удару маланкі ў чэрвені 1885 года. І, нарэшце, даследчык гісторыі Куцеінскіга манастыра іераманах Ніл (Падабед), які працаваў у архівах Санкт-Пецярбурга, сведчыць, што храм згарэў 24 чэрвеня 1891 года ў пяць гадзін вечара ад удара маланкі ў час моцнай навальніцы. Выратаваць ўдалося толькі рызніцу. Пасля пажару сабор больш не аднаўляўся...
"Куцеінскі мужчынскі Богаяўленскі манастыр з’яўляецца самым даследаваным у археалагічных адносінах манастырскім комплексам на тэрыторыі Беларусі,” – канстатуецца ў 4-м томе фундаментальнай працы "Археалогія Беларусі” (2001 г.). Яшчэ ў 1910-12 гадах манахамі манастыра пад падмуркамі былі адкрыты рэшткі старадаўняй пячорнай падземнай царквы Уваскрасення Праведнага Лазара. Спроба яе даследвання прадпрымалася аршанскімі краязнаўцамі ў 1920-я гады. Аб чым сведчыць публікацыя "Пячорная царква і падземны ход у Варшанскім Кутэінскім манастыры” ў часопісе "Наш край” (1926 г.). Яна знаходзілася на вялікай глыбіні, куды вялі вузкія прыступкі, мела крыжападобную форму з нізкім каменным скляпеннем. Памер царквы каля 11 кв. м. У алтарнай частцы (2,5 кв. м) замест прастола быў умацаваны драўляны крыж, абкладзены камянямі. З бакоў да алтарнага памяшкання прымыкалі яшчэ два (магчыма скарбніцы). Улева ад пячоры пачынаўся падземны ход да р.Днепр. Але потым на доўгія дзесяцігоддзі храм зноў схаваў свае не раскрытыя да канца таямніцы. І толькі ў канцы 1980-х гадах, калі пачаліся даследчыя работы на тэрыторыі манастыра, падмуркамі храма зноў заняліся археолагі. Найбольш пашыраныя даследванні былі праведзены В.Ляўко ў 1993 годзе, калі была раскапана плошча
амаль у 400 кв.м. Па іх вынікам археолаг зрабіла некалькі высноў: храм меў плошчу ў 1000-1200 кв.м., абапіраўся на моцныя каменныя падмуркі, пад якімі знаходзіліся сутарэнні глыбінёй да 2,8 м. "Такім чынам, - зазначае яна, – тыя матэрыялы што выкарыстоўваліся пры ўзвядзенні храма...дазваляюць датаваць пабудову XVII-XVIII стагоддзямі. Не выключана, што некаторыя работы ажыццяўляліся і ў ХІХ стагоддзі. Што тычыцца падземнай царквы Уваскрэсення Праведнага Лазара, дык яна павінна размяшчацца ніжэй узроўня залягання падвалаў Богаяўленскага сабора, г.з. на глыбіні больш 3 м ад сучаснай дзённай паверхні... Можна спадзявацца, што далейшыя работы па раскрыццю падвальных памяшканняў Богаяўленскага сабора будуць садзейнічаць і выяўленню прахода ў пячорную царкву пад імі”.
На жаль, гэтыя работы больш так і не праводзіліся. Першапачаткова над раскопам быў узведзены шыферны дах. Потым, калі шыфер параскрадалі, адкрытыя падмуркі схавалі пад плёнку. Нарэшце засыпалі іх грунтам. Цяпер месцазнаходжання былога Свята-Богаяўленскага сабора пазначана крыжом.
"Богаяўленская царква, - заключае іераманах Ніл, - уяўляла сабой выдатны старажытны драўляны беларускі храм, які з’яўляўся свайго рода архітэктурнай пропаведдзю, якая сведчыла пра наяўнасць у куцеінскіх манахаў глыбокай праваслаўнай свядомасці і высокага мастацкага майстэрства”.
У 2005-2006 гадах ў Оршы былі праведзены Першыя і Другія Куцеінскія чытанні. Зноў і зноў падымалася пытанне аб хутчэйшым адраджэнні манастыра, прымаліся звароты, пісаліся і пішуцца лісты ў вышэйшыя інстанцыі аб фінансаванні рэстаўрацыйных работ. На жаль, пакуль безвынікова. Але й нам, аршанцам, павінна быць сорамна за тое гаротнае становішча, у якім знаходзіцца цяпер самы каштоўны помнік нашай гісторыі і культуры. Пра даследаванне рэшткаў Свята-Богаяўленскага сабора, а тым больш яго аднаўленне, можна пакуль толькі марыць...
Віктар Лютынскі, газета "Телеком-экспресс”. http://skif.by
Схема
(гл. у артыкуле) размяшчэння пабудоў Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра (па В.Ляўко):
1. Святадухаўская (Свята-Троіцкая) царква,
2 – манаскі корпус,
3 – дом архімандрыта,
4 – местазнаходжанне былога Свята-Богаяўленскага сабора