Главная** PLEASE DESCRIBE THIS IMAGE ** Регистрация ** PLEASE DESCRIBE THIS IMAGE ** Вход

:: Сделать Стартовой Избранной :: Четверг, 25 Апреля 2024, 00:34

Меню сайта
  • Наша Орша

Мини чат


Опросы
На что вы готовы, чтобы пережить трудные времена?
Всего ответов: 2335

Главная » Статьи » История города » Короткевич Владимир Семенович

Ветрык з Дняпра

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч лічыў за вялікае шчасце жыць, працаваць і тварыць у родным горадзе. Можа таму аршанскі перыяд жыцця літаратара быў у яго творчасці даволі змястоўны. Шмат аб чым гаворыць ужо тое, што тут, у Оршы, ён убачыў свой першы паэтычны зборнік.

Пасля заканчэння Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта У. Караткевіч пэўны час працаваў настаўнікам мовы і літаратуры ў Лесавічах Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці - месцы, вядомым славутымі людзьмі і прыгожымі краявідамі. Толькі чароўныя ўкраінскія краявіды не маглі засланіць прыгажосці таго кутка зямлі, які завецца малой радзімай. Караткевіч імкнецца да бацькоўскай хаты. Пра гэта сведчаць яго лісты да Максіма Танка. У маі і 955 года ён піша: "Я тут (у Лесавічах -I. Я.) буду да 25 чэрвеня, а потым уцякаю назаўсёды, ужо ёсць наказ. Вельмі жадалі затрымаць, але настойлівасць зрабіла сваё". 5 ліпеня 1956 года, усхваляваны падзеямі апошніх месяцаў, Уладзімір Караткевіч паведамляе Максіму Танку: "Вось я і дома. Усё сваё. I гэта сваё я ні на якія Сінгапуры не замяню. У акно плыве ветрык з Дняпра. Пакуль не пажадаеш чагосьці большага - усё добра. Я разумею так, што гэта завецца шчасцем". Праз месяц яшчэ ліст: "... я ўрэшце моцна засеў у Оршы, буду тут працаваць і жыць". Малады спецыяліст з дыпломам аднаго з прэстыжных універсітэтаў тагачаснай краіны, вершы якога друкуюць вядомыя літаратурныя часопісы рэспублікі і ўсхваляюць сталыя паэты і пісьменнікі, уладкоўваецца настаўнікам у звычайную сярэднюю школу. Гэтаму ёсць тлумачэнне. Ужо ў час вучобы юпак напісаў больш за 200 вершаў. "Пішу я даволі даўно. Пачаў у 15 год... потым ва універсітэце пісаў", — пазней успамінаў Уладзімір Сямёнавіч. I хаця будучы пісьменнік рана спазнаў асалоду творчасці, адчуў у сабе калі не талент, дык літаратурныя здольнасці, аднак праз час вучобы ва універсітэце ён пісаў: "Як ні дзіўна, я не хацеў быць літаратарам. Вершы пісаў для сябе". Так што шлях настаўніка малады чалавек выбраў свядома.

Безумоўна, на выбар прафесіі вельмі паўплывала маці, Надзея Васільеўна, якая скончыла марыінскую гімназію ў Магілёве і пэўны час працавала настаўніцай на Рагачоўшчыне. Значны ўплыў аказалі і настаўнікі тых школ, дзе вучыўся Валодзя. Не выпадкова шмат сваіх вершаў ён аддаў на суд пастаўніцы Е. Грыневіч, імя якой пранёс праз усё жыццё і, па ўспамінах сяброў, "да канца дзён перапісваўся з ёй і заўжды ўспамінаў дабром".

Да працы на ніве адукацыі Уладзімір Сямёнавіч адносіўся выключна адказна, добрасумленна і творча. Роўнымі і ветлівымі былі адносіны да калег. Найбольш блізка сышоўся з настаўнікам фізікі Уладзімірам Ліпіпскім і настаўнікам фізічнай культуры Уладзімірам Урублеўскім. Таму і называлі іх жартліва - "тры Валодзі".

Ужо пасля ад'езду пісьменніка з Оршы У. Ліпінскі ўспамінаў: "Я так і не вызначыў для сябе, чым больш захапляўся Валодзя - літаратурай ці гісторыяй, але ў той і гэтай галіне веды ён меў энцыклапедычныя". Былы калега У. Караткевіча Р. Трутко, які шмат разоў наведваў яго ўрокі, адзначаў глыбокае веданне прадмета, цікавасць да гістарычнага мінулага бацькаўшчыны. Урокі Уладзіміра Сямёнавіча былі вельмі захапляльнымі. Настаўніца П. Антонава ўспамінала: "Урокі літаратуры ў Уладзіміра Сямёнавіча доўжыліся сорак пяць хвілін, перапынак і, нават, наступны ўрок, калі павінен быў прыйсці ўжо іншы настаўнік. I не раз Уладзімір Андрэевіч Ліпінскі, які выкладаў фізіку, не мог увайсці ў клас і спыніць захапляючы расповед літаратара і стаяў за дзвярыма і сам з цікаўнасцю слухаў". Яшчэ адна настаўніца, А. Давыдоўская, у сваіх успамінах падкрэслівала, што "часцей за ўсё прыгадваецца ён на нашых педсаветах. Яго выступленні былі прадуманыя, аргументаваныя, не пазбаўленыя іншы раз дасціпнага гумару. Мы заўсёды з нецярпеннем чакалі: а з чым прыйшоў на педсавет Уладзімір Сямёнавіч, што цікавага ад яго пачуем...»

Пачынаючы настаўнік уважліва прыслухоўваўся да парад старэйшых таварышаў, кіраўніцтва школы, але не ўспрымаў фармалізму, шаблоннасці, заарганізаванасці. Асабліва не пераносіў непатрэбную пісаніну і канцыляршчыну. Аналіз настаўніцкай дзейнасці Уладзіміра Сямёнавіча сведчыць, што малады спецыяліст самастойна, хутчэй за ўсё інтуітыўна, падыходзіў да тых прыёмаў і метадаў, якія ўзялі пазней на ўзбраенне настаўнікі-наватары.

У час, калі пачаў сваю працоўную дзейнасць У. Караткевіч, ініцыятыва не заахвочвалася, хутчэй, наадварот. Былая навучэнка школы № 8, дзе працаваў Уладзімір Сямёнавіч, Л. Лятун у сваіх успамінах піша: "Тады мы, яго вучні, не зусім разумелі, чаму наш настаўнік бывае розны: калі ніхто не прысутнічаў на ўроку - адны урокі, калі прысутнічаў - другія. Цяпер, з пункту гледжання настаўніка, я зразумела, чаму ён так рабіў. У сваіх поглядах на ўрок ён пайшоў намнога ўперад тых метадаў і прыёмаў навучання, якія былі ў той час". Былыя вучні адзначаюць і тое, што ўрокі Караткевіча былі не падобныя да ўрокаў іншых настаўнікаў. Эмацыянальнасць, вобразнасць, нават тэатральнасць выкладчыка ўводзілі навучэнцаў "у іншы свет, далёка ад класа, ад школы". Цікавае прызнанне зрабіў П. Дземчанка: "У яго я вучыўся ўсё жыццё, спачатку ў школе, а потым, калі чытаў яго цудоўныя творы".

Ён быў надзвычайна працаздольным. Познімі восеньскімі вечарамі разам з навучэнцамі прыходзіў на школьную геаграфічную пляцоўку і накіроўваў тэлескоп у неба. Яго "ўзброенае" вока часцей за ўсё спынялася на зорным скопішчы Стажараў, якое больш за іншыя чаравала і ўзбуджала фантазію паэта. Яно неаднойчы сустракаецца ў вершах Караткевіча. Дарэчы, асобныя радкі з іх гучалі тут, на пляцоўцы, у час імправізаваных вандровак у касмічныя далячыні. Пад кіраўніцтвам У. Караткевіча школьны драматычны гурток паставіў шмат спектакляў. Па ўспамінах самадзейных акцёраў, Уладзімір Сямёнавіч быў і аўтарам п'ес, і рэжысёрам, і цырульнікам, і грымёрам, і мастаком. Вядома, што яго мастацкія здольнасці праяўляліся не толькі ў ствараемых дэкарацыях. Будучы літаратар быў аўтарам мноства рукапісных газет з сяброўскімі шаржамі, добразычлівымі карыкатурамі і гумарэскамі. Рэдкі школьны вечар праходзіў без актыўнага ўдзелу Караткевіча. Звычайна ён чытаў шмат вершаў, часцей за ўсё ўласных, прытым ненадрукаваных. Радзей спяваў. Голас меў добры. Па гэтых вечарах ён застаўся ў маёй памяці як чалавек шчыры, добразычлівы, вясёлы, жыццярадасны, просты.

Гады настаўніцтва ў Оршы для У. Караткевіча былі плённымі і ў літаратурным плане. Свае першыя празаічныя творы ён імкнецца прывязаць да гісторыі Аршаншчыны. "Я зараз засеў за вялікую аповесць пра рэвалюцыю 1905 г. на Аршаншчыне. Дыяпазон герояў будзе вельмі вялікі, таму што будзе ў аповесці і сялянскі рух, і рух студэнтаў у Горках... А дакументы я маю: і сам трошкі назбіраў, і чытаў даволі многа, і са старымі партыйцамі размаўляў" - гэта яго планы на будучае. А пакуль вершы. Шмат вершаў. Каб упэўніцца, дастаткова адкрыць "Летапіс жыцця ітворчасці пісьменніка". Год 1957. Амаль кожны месяц рэспубліканскія часопісы і газеты друкуюць вершы маладога паэта. Літаратуразнаўца А. Верабей адзначае: "Не слабла творчая актыўнасць пісьменніка... калі ён працаваў настаўнікам у 8-й школе Оршы, хоць часам і наракаў, што праца ў школе адымае час ад творчай дзейнасці". Цікавыя ўспаміны аб першай сустрэчы з У. Караткевічам пакінуў Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Адбылася яна ўвосень 1955 года на традыцыйнай нарадзе маладых літаратараў у Каралішчавічах. "Уладзімір здзіўляў мяне і ашаламляў і развагамі і задумамі. Глядзеў я на яго, як тубылец на касманаўта. I трэба быць шчырым, да апошніх дзён заставалася жыць у мяне гэта пачуццё багавейнасці і здзіўлення. Сам Уладзімір ніколі, нічым, ніяк не падкрэсліваў ні перад кім сваёй перавагі, сваёй адметнасці. Яна сама выдавала яго, незвычайнасць Караткевіча. Любіў маштабнасць, любіў гіпербалу. Любіў размах. Потым, — працягвае Барадулін, — калі ўжо не стала крыштальна чыстага пастыра духоўнасці беларускай, калі адчынялі ў Оршы мемарыяльную дошку на вуліцы, якую перайменавалі ў гонар Уладзіміра Караткевіча, любімая сястра Наталля Сямёнаўна паказвала мясціну, дзе стаяла хата, у якой нарадзіўся новы звястун Адраджэння... А ў тую першую нашу восень, — працягвае Рыгор Іванавіч, — чытаў Уладзімір вершы і балады, якім суджана было стаць хрэстаматыйнымі, анталагічнымі. Пра адну баладу насмеліўся я заўважыць, што дужа нагадвае "Івікавых журавоў". Хацелася ж і мне паказаць, што нешта чытаў, нешта чуў. Чытаў Уладзімір, які настаўнічаў у роднай Оршы, і пераклады з Гейнэ".

Усё гэта было. Але хацелася значна большага. У лісце да М. Садавога ў снежні 1958 года пачынаючы пісьменнік паведам ляў: "А задум у мяне столькі, што калі б была свабода і калі б далі мне гадоў шэсцьдзесят жыцця - напісаў бы сто тамоў". У гады настаўніцкай працы ў Оршы У. Караткевіч падрыхтаваў свой першы паэтычны зборнік "Матчына душа". Пад час жыцця ў горадзе на Дняпры, 25 красавіка 1957 года, яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР. Шчырыя віншаванні сяброў і першыя вясновыя кветкі навучэнцаў былі адказам на шчырую любоў да іх.

Паэт працуе над мовай сваіх твораў. Прымае добразычлівыя крытычныя.заўвагі, пагаджаецца з імі. У лісце да М. Танка тлумачыць: "Т. Вялюгін кажа пра маю кепскую мову, але ж адкуль мне яе ўзяць, добрую мову? Я выжываю памылкі, але проста з крывёю. Орша адносна мовы наогул не запаветная зямля... шмат русіцызмаў, блытаюць канчаткі роднага і, часам, меснага склону". Студэнцкі сябра Караткевіча Муза Сняжко падчас працы міжнароднай навуковай канферэнцыі "Уладзімір Караткевіч у братніх культурах" адзначала "... сваю мову Валодзя, безумоўна, любіў больш іншых". Але рускую і ўкраінскую мовы ведаў таксама дасканала. У пачынаючага літаратара былі вершы, напісаныя адра зу на трох усходнеславянскіх мовах.

У землякоў Уладзіміра Сямёнавіча склаліся розныя адносіны да яго творчасці. Не абышлося без зласлівай крытыкі ў мясцовай газеце "з відавочным намерам зганьбіць усё, што рабіў і робіць малады паэт". Але добразычлівасці было, вядома, больш. Пад час працы ў Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь я выпадкова знайшоў ліст вядомага пісьменніка. ураджэнца Аршаншчыны М. Садковіча да рускага перакладчыка М. Кабзарэўскага, дзе ёсць такія радкі: "Прашу цябе, прачытай маленькі вершык у "Полымі" № 3 за гэты год "Заяц варыць піва". Гэта, як мне здаецца, вельмі добры верш. Гэта малады аўтар, і калі б ты дапамог яму (у тваім перакладзе) надрукаваць на рускай, было б не блага. Я яго не ведаю, але думаю, што чалавек з будучым".

Тут, у Оршы, У. Караткевіч стаў працаваць над аповесцю "Дзікае паляванне караля Стаха". Аб гэтым засведчыла сяброўка пісьменніка Нэлі Казак: "Зімой 1957/58 года я была ў Оршы на пераддыпломнай практыцы... Мы часта праводзілі вечары разам. Ён чытаў урыўкі з аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха" ў рукапісу".

У 1958 годзе Караткевіч пакіне родны горад, каб амаль праз 35 гадоў вярнуцца сюды ў бронзе велічнага помніка на высокім беразе Дняпра, дзе некалі стаяла бацькоўская хата.

З кнігі "Вёрсты пройзденных дарог" І.А.Яршоў, В.М.Сіднякова

Категория: Короткевич Владимир Семенович | Добавил: asket (17 Мая 2009)
Просмотров: 2125 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Форма входа
Логин:
Пароль:





Пользователи

Всего: 127685
Новых за месяц: 0
Новых за неделю: 0
Новых вчера: 0
Новых сегодня: 0



Категории
Бизнес
Бомонд
Здоровье, экология
Даты
Дожинки-2008
Культура
Новости этого сайта
Образование
Общество
Оршанский район
Пресс-служба горрайотдела МЧС по г. Орша
Пресс-служба оршанского ГОВД
Пресс-служба ИМНС РБ по г. Орша
Проиcшествия, криминал
Связь
Слухи
Спорт
Транспорт


Сегодня с нами
Сегодня с нами были:



Случайное фото

Новые статьи





При использовании материалов сайта указание авторов и ссылка на источник материала обязательна! Мнение администратора сайта может не совпадать с мнением авторов статей. За объявления несут ответственность рекламодатели. © 2006-2024
Яндекс.Метрика