Каб наведаць самыя цікавыя мясціны Воршы, неабходны нястомныя ногі ды абутак на нізкай падэшве - хаця апошняе, мабыць, і не абавязкова. Колькі год таму я са здіўленнем назірала ў Крыме, як жанчыны ў басаножках ды яшчэ на высокіх абцасіках спрабуюць пераадолець абрывістую Галіцынскую сцежку, што агінае гару Коба-Кая ў Новым Свеце. Ну, хто мае падобны вопыт - на абцасіках ды па камяністых сцежках - той, напэўна, здолее гэтак і з правулачкамі Воршы.
Ад чыгуначнага вакзала да цэнтра можна пад'ехаць - звычайных аўтобусаў у Воршы амаль не засталося, трэба карыстацца маршруткамі ці то мясцовай знаходкай - нечым сярэднім паміж першым і другім. Гэта звычайна невялікі ПАЗік, у якім змяшчаецца больш за 20 чалавек. Праезд у ім, як і ў маршрутцы, каштуе 250-300 рублёў (улетку 2003-га). Трэба запытацца, ці ідзе аўтобус у цэнтр - да помніка Леніну (0) на цэнтральнай плошчы горада, а ўжо далей ад яго - толькі пехам.
Напэўна, я выбрала не самы эканамічны (у сэнсе стомленасці) маршрут, але... як атрымалася, так атрымалася. Спачатку я збіралася паглядзець Iльінскую царкву і Куцеінскі манастыр, што знаходзяцца на левым (процілеглым ад плошчы) беразе Дняпра, а потым ужо - касцёл, што змяшчаецца на правым. Калі падыходзіш да Дняпра, ён здаецца не надта шырокім - нічога агульнага з тым Дняпро, да сярэдзіны якого "не кожная птушка даляціць". Але калі пачынаеш рухацца па мосце, хутка адчуваеш, што ідзеш-ідзеш, а да той самай сярэдзіны ўсе яшчэ далека - такім чынам ён двойчы крыху падманвае ўспрыманне.
Уздоўж берага есць сцежкі - можна прайсціся, падыйсці да вады, хаця ў большасці мест пад нагамі хлюпае. I тут варта аглянуцца назад - паглядзець на магутныя быкі маста, што перагароджваюць раку - іх памеры і велічнасць уражваюць.
$Адразу за мастом стаіць помнік "Кацюшам" (1) - знакамітым машынам рэактыўнай артылерыі. Мемарыяльны комплекс створаны ў гонар першага залпа "Кацюш", які адбыўся летам 41-га пад Воршай.
(1)
Каб патрапіць да Ільінскай і Троіцкай царквы, трэба за "Кацюшамі" узяць управа, па вуліцы Дзям'яна Беднага, што ідзе паралельна Дняпру. Гэтая вуліца на мапе пазначана як перакрыжаванне з Магілёўскай - той, якая падаўжае мост. Але на самой справе гэта не так - ніякага перакрыжавання няма. Мне прыйшлося некалькі разоў прайсці туды і назад, пакуль я яе знайшла: уздож Магілеўскай ідзе тратуар і насып з дрэвамі, а па насыпу ідзе яшчэ адзін тратуар - вось да яго і датыкаецца вулачка. На другой старане Магілеўскай вядуцца земляныя работы, можа, калі і будзе падаўжэнне, але зараз на мапе надта зарана намалявалі гэты пыльны, з гравейным пакрыццём завулачак тоўстай жоўтай лініяй, якая азначае галоўныя магістралі. Вуліца Дзям'яна Беднага датыкаецца да вул. Фр. Скарыны. Направа караценькая частка вуліцы Скарыны вядзе да Ільінскай царквы і манастыра (2), налева па значна даўжэйшаму адрэзку можна дайсці да царквы Св. Троіцы Куцеінскага манастыра (3).
|
|
(2) |
(3) |
Брама Ільінскага манастыра адкрытая - ці то мне шанцуе, ці то гэта заўседы так, але колькі я не была разоў у Воршы, да Ільінскай царквы можна было падыйці заўседы. Блакітна-белая, яна невялічкая, ажурная - сапраўдная размаляваная дымкаўская цацачка. Жанчыны-манашкі не толькі дазволілі мне фатаграфаваць - але яшчэ і падсказвалі, адкуль лепшыя здымкі атрымоўваюцца, а затым адыходзілі, каб не трапіць у кадр. На жаль, дрэвы і агароджа так шчыльна ахопліваюць царкву, што цалкам яна амаль ніадкуль не змяшчаецца. Каб сфатаграфаваць царкву з апсіды, я адыходзіла, адыходзіла, адыходзіла ... . Пакуль урэшце рэшт не намацала (не скажу, чым :-)) нейкае зручнае месца, дзе я і ўсесцілась. Шум за спіной адарваў мяне ад разглядвання царквы праз аб'ектыў - людзі, што шлі на вячэрнюю службу, стаялі на вуліцы за агароджай манастыра і са здзіўленнем глядзлі на жанчыну, што сядзіць у пылу на парозе вузенькай уваходнай брамкі і перашкаджае ім увайсці :-). Дарэчы, манастыр вырабляе розныя сельскагаспадарчыя прадукты - малако, тварог і гэтак далей. Набыць іх можна прама на тэрыторыі манастыра.
На другім канцы гэтай жа вуліцы (гэта яшчэ з кіламетр) - Троіцкая царква. Рэшткі манастырскай агароджы кантрастуюць з адрамантаванай, чысценькай, толькі што пафарбаванай царквой - нават чарапічны дах фарбай яшчэ запэцканы. Мой дзядзька, які жыве ў Воршы, казаў, што колькі год таму царква гарэла, і яе толькі-толькі вось нарэшце адрамантавалі. На жаль, мае голыя каленкі, што тырчаць з-пад шортаў, не дазваляюць зазірнуць унутр, але тут ужо прыходзіца выбіраць - ці ў адпаведна строгім выглядзе, але па 30-градуснай спякоце, ці легка апранутай, але без аглядання царквы :-(
Амаль насупраць Ільінскай царквы, праз Дняпро, знаходзіцца касцёл Св. Язэпа (4). Ад Троіцкай царквы можна прайсці уперад, да наступнага маста і вярнуцца па другім беразе. Але крыху бліжэй, на мой погляд, вярнуцца тым жа шляхам да "Кацюш", прайсці па Камсамольскай, перайсці мост праз Аршыцу і далей па вуліцы Савецкай. У цэнтры я мела на ўвазе пашукаць яшчэ сёе-тое, але вырашыла спачатку прайсці да касцёлу - самай далёкай кропкі, а потым ужо паціху вяртацца.
(4)
Вялізны, з нейкімі нязвыклымі формамі, касцёл зусім не падобны на культавы будынак. Унутры пустэча - лавы, спавядальня, дзьве скульптуры, крыж на сцяне ды просты стол замест алтара. Старэнькая манашка расказала, што касцёл значна пацярпеў за гады савецкай удады. Тут былі і склад, і кіназала, і клуб. Цікава, што сярод паствы ёсць людзі, якія памятаюць, як у гады маладосці танцавалі ў гэтым будынку, а зараз вось яны прыходзяць у касцёл на службу. Касцёл звонку часткова рэканструяваны, унутры збіраюцца рамантаваць узімку, калі, як сказала манашка, "крыху грошай людзі нам насыпяць у фартух".
Ад касцёла я паціху рухаюся назад. Тут жа, на Савецкай, будуецца новы сабор, пакуль замест яго маленькая драўляная царква (5) са шматлікімі макаўкамі, падобная на тыя, што ў Кіжах. Паблізу, у месцы ўпадзення Аршыцы ў Дняпро, знаходзіцца і гістарычны центр горада (6) - высокі насып з памятным знакам і кветкамі на схіле. Чырвоныя кветкі, якія высажваюць кожны год па новых абрысах, ўтвараюць на фоне зялёнай травы вялікага размеру лічбы - узрост Воршы. Амаль ля падножжа насыпу - маленькі музейчык (7), што мае назву "На млыне". Недзе побач, мабыць, павінен быць і сам вадзяны млын, але я яго так і не знайшла. На правым беразе Аршыцы, амаль спаўзаючы ў яе вуглом, стаіць жылы корпус Свята-Пакроўскага манастыра. Можна было завярнуць, паспрабаваць зазірнуць унутр. . . Але я шукала не яго (тым больш, што гэткія здымкі ў Кастуся ўжо ёсць :-)). Мяне цікавіў кляштар трынітарыяў, які, па звестках Кулагіна, павінен быць таксама недзе тут, у цэнтры, на вул. Камсамольскай. Калісці я ўжо спрабавала знайсці яго, больш-менш падыходзячых будынкаў тут хапае, але ж - як гэта, на жаль, амаль заўжды на Беларусі - ні якой-ніякой шыльды, ні, тым больш, указальніка нідзе не сустрэла.
|
|
(5) |
(6) |
Першы з намечаных "аб'ектаў" :-) (7) знаходзіцца недалёк ад музея, на "мысе" паміж Дняпром і Аршыцай, насупраць Пакроўскага манастыра. Гэта некалі быў цэлы комплекс пабудоў - масіўны корпус пад двухсхільным дахам, рэшткі яшчэ якога будынка, маленькі, але высокі кавалак сцяны, шматлікія прамавугольнікі падмуроўкі. Я патроху абыходзіла двор. Сюды не далятаў гоман вуліц - толькі цэгла хрусцела пад нагамі - і таму ўзнікла пачуццё некай дзіўнай абасобленасці гэтага месца, такога ціхага і запусцелага пасярод даволі такі гаманлівага цэнтра Воршы. Нават стала крыху страшна - ніводнага чалавека навокал, старажытныя, маўклівыя будынкі... Нібыта падыходзячы да сцен усе бліжэй перамяшчаешся не толькі ў прасторы, але і рухаешся па шкале часу, з кожным крокам наперад адначасова адступаеш у даўніну на некалькі дзесяцігоддзяў...
І таму тым больш нечаканай для мяне была сустрэча з цэлай чарадой маляроў, што як ноты па лінейках расселіся па рыштаваннях на адваротным баку будынку. I чары разам спалі :-) Я пацікавілася, ці ня ведае хто з іх, што тут было. Большасць паціснула плячыма і адвярнулася, адна дзяўчына паспрабавала дапамагчы: "А што вы шукаеце?". Але сапраўдны сюрпрыз чакаў мяне ў асобе маладога хлапца, які адстраніў дзяўчыну са словамі "чакай, Алена", добра ўладкаваўся на перакрыццях, ацер спацелы твар, і . . . Далей я толькі маўчала. "Які кляштар вы шукаеце? Калі езуітаў, то гата ён. Кляштар быў заснаваны ў тысяча . . . годзе, манахамі ордэна езуітаў. Вунь там быў касцёл, гэта жылы корпус, у ім, дарэчы, пасля скасавання кляштару, размяшчалася гарадская турма, вось гэтыя рэшткі - гаспадарчыя пабудовы . . ." і гэтак далей, і гэтак далей. Я заварожана слухала, а потым доўга не магла асэнсаваць - які кляштар езуітаў?! Адкуль? І чаму ў Кулагіна толькі адзіна пра трынітарыяў напісана?
Пакуль гэткія думкі круціліся ў мяне ў галаве, я патроху рухалася далей - на другім баку вуліцы Камсамольскай, але таксама на бісектрысе вугла паміж Аршыцай і Дняпром, размяшчаецца яшчэ адзін цікавы будынак (8), які, на мой погляд, таксама мог мець дачынне да кляштару. Гэты будынак таксама знаходзіцца ў стадыі рэстаўрацыі. І на ім - гэта проста нейкі цуд! - я заўважыла шыльду! Праўда, ад яе мяне аддзелялі некалькі дзесяткаў метраў павыварочваных кавалкаў асфальту, кучы шчэбню ды пясок. . . Але ж ці гэта перашкода для цікаўнасці?! :-) Ну, падумаешь, некалькі разоў мае спартыўныя тапачкі згубіліся недзе ў гэтых барханах! На жаль, ахвяры ў выглядзе абутку былі амаль дарэмныя - шыльда мела дычыненне толькі да сучаснасці і паведамляла, што ў гэтым будынку размяшчается гарадскі архіў. Толькі і карысці, што нейкі дзядзька, які флегматычна назіраў за тым, як я перабіраюся цераз залежы будаўнічага смецця, нечакана прыветна запытаўся, ці ведаю я, што гэта вельмі стары будынак і што некалі тут быў жылы корпус манастыра.
|
|
(7) |
(8) |
Такім чынам, абодва будынкі - двухпавярховыя, размешчаныя ў цэнтры горада - аднолькава падыходзілі пад апісанне кляштару трынітарыяў. Ды яшчэ невядома адкуль узяўся езуіцкі кляштар. Задача, якую я ставіла сабе, ускладнілася - замест таго, каб вырашыць для сабе пытанне аб месцазнаходжанні аднаго помніка, мне ўжо трэба было ўпарадкаваць два. Мне прыйшлося ехаць з Воршы яшчэ ў большай разгубленасці, чым я ехала туды. Усю дарогу дамоў я так і гэтак круціла ў галаве новыя сведкі, але я яшчэ не ведала што мяне чакае :-).
Пытанне з езуіцкім будынкам вырашылася хутка - невядома з якімі меркаваннямі аднолькавыя па стану кляштары (менавіта - касцёл зруйнаваны, а жылыя памяшканні захаваліся) Кулагін размесціў у розных частках кнігі. Адны - у асноўную частку, іншыя - у такім жа стане - у раздзел "Страчаная спадчына". Езуіцкі калегіум знайшоўся, але разам з ім знайшлося і апісанне яшчэ некалькіх кляштароў. І - што заблытала мяне канчаткова - некалькі з іх таксама знаходзіліся менавіта ў цэнтры горада, менавіта двухпавярховыя мелі жылыя будынкі, былі абнесены агарожай (рэшткі агарожы я бачыла каля першага "прэтэндэнта") і, нават, турма размяшчалася ў двух з іх, а не ў адным. І не магчыма было па тых сведках, што прыводзіць Кулагін, адназначна вырашыць, што есць што. Карацей - усе змяшалася ў доме - то бок у галаве - Аблонскіх :-). Я вырашыла паспрабаваць сістэматызаваць звесткі і з дапамогай іншых крыніц вырашыць гэта пытанне. Такім чынам, ісходныя дадзеныя:
1. першы будынак, ля якога я была (7): на левым беразе Аршыцы, недалёк ад вул. Камсамольскай; двухпавярховы, захаваліся шматлікія падмуркі і кавалак сцяны. Былая турма.
2. другі (8): на левым беразе Аршыцы, на вул. Камсамольскай, двухпавярховы. Гарадскі архіў.
Паводле Кулагіна маем:
1. Кляштар трынітарыяў Знаходзіўся на цяперашней вул. Камасамольскай. Часткова захаваўся 2-павярховы манастырскі корпус. Быў абнесены мураванай агароджай.
2. Кляштар францысканцаў Знаходзіўся ў цэнтры горада, за дамініканскім касцёлам. Захаваўся кляштарны корпус, які быў перароблены на турму.
3. Кляштар бернардзінцаў, прыстасаваны ў 1832 пад вайсковы шпіталь.
4. Кляштар езуіцкі Знаходзіўся на левым беразе Аршыцы, побач з замкам. Касцел, школа з бурсай, будынкі калегіума, аптэка, гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся на вялікай тэрыторыі ў форме абгароджанага няправільнага пяцікутніка. Будынак калегіума быў двухпавярховы. У 1839 г. кляштар ператвораны ў гарадскую турму. Кляштар знаходзіцца ў стадыі рэстаўрацыі.
5. Кляштар бенедыкцінак
6. Кляштар марыявітак
7. Кляштар місіянераў. Знаходзіўся за межамі горада.
Ці, калі звесці ўсе ў табліцу:
|
Кляштар |
Знаходзіцца ў цэнтры горада |
Захаваўся кляштарны корпус |
Корпус двух-павярховы |
Iснавала агарожа |
Размяшчаліся |
1 |
трынітарыяў |
так |
так |
так |
так |
? |
2 |
францысканцаў |
так |
так |
? |
? |
турма |
3 |
бернардзінцаў |
? |
? |
? |
? |
шпіталь |
4 |
езуітаў |
так |
так |
так |
так |
турма |
5 |
бенедыкцінак |
? |
? |
? |
? |
? |
6 |
марыявітак |
? |
? |
? |
? |
? |
7 |
місіянераў |
не |
? |
? |
? |
? |
Такім чынам, маем: пра апошнія тры амаль нічога не вядома, з астатніх чатарох маем дзве найбольш верагодныя кандыдатуры - трынітарыяў і езуіцкі - ужо па Кулагіну ў ніх найбольшасць пунктаў супадае. А далей трэба ўдакладняць і іншыя звесткі выкарыстоўваць. Калі пачаць з найменш цікавага, то трэба канчаткова адмовіцца ад разглядання апошніх трох - кляштар місіянераў знаходзіўся па-за межамі Воршы, пра кляштары марыявітак і бенедыкцінак "Спадчына" (1993 г., № 3) піша, што нічога, акрамя архіўных дакументаў ад іх не засталося.
Наступны пункт для разглядання - кляштар францысканцаў. Ен, як можна бачыць з табліцы, знаходзіўся недзе ў цэнтры і быў прыстасаваны пад турму. Такім чынам, ён часткова падпадае пад апісанне першага з будынкаў. Але таксама Кулагін паведамляе, што кляштар знаходзіўся за дамініканскім касцёлам. Дамініканскі касцёл - гэта сучасны касцёл св. Iосіфа і на здымку, які прыведзены ў "Спадчыне", добра бачны яго абрыс - вышэй па вуліцы Савецкай. Такім чынам, яго месцазнаходжанне - на правым беразе Аршыцы, што выключае яго з дальнейшага разглядання.
Далей ідзе кляштар бернардзінцаў. Нечакана "Спадчына" часткова запаўняе прабелы ў табліцы - гэты кляштар знаходзіўся на левым беразе Аршыцы і яго жылы корпус меў два паверхі.
|
Кляштар |
Знаходзіцца ў цэнтры горада |
Захаваўся кляштарны корпус |
Корпус двух-павярховы |
Iснавала агарожа |
Размяшчаліся |
1 |
трынітарыяў |
так |
так |
так |
так |
? |
2 |
бернардзінцаў |
так |
так |
так |
? |
шпіталь |
3 |
езуітаў |
так |
так |
так |
так |
турма |
Як можна бычыць, тры кляштары падыходзяць пад апісанне - а адсутнасць звестак па двух пунктах нічога не даказвае, не дае ні станоўчага, ні адмоўнага адказа. Трэба разбірацца далей. I тут я знайшла звесткі, з дапамогай якіх кляштар бернардзінцаў можна выключыць з далейшага разглядання: у кляштарным корпусе і па наш час размяшчаецца аддзяленне гарадской бальніцы - мабыць, падаўжальніка традыцый вайсковага шпіталю.
Засталіся дзве пабудовы - і два прэтэндэнты. Абодва знаходзяцца на левым беразе Аршыцы, адзін непасрэдна на вуліцы Камсамольскай, другі крыху далей ад яе, але яго таксама можна аднесці да гэтай вуліцы, абодва маюць двухпавярховыя карпусы і вакол абодвух існавала агароджа. Засталося ўдакладніць дэталі. І гэта можна зрабіць. "Аршанская даўніна" (Шынкевіч А.М., 1992) паведамляе, па-першае, што ля езуіцкага кляштару захавалася частка манастырскай сцяны (!), а па-другое - што калегіум езуітаў быў заснаваны ля паўночна-усходняй ускраіны замчышча, г.зн. непасрэдна ля яго (!!). I з той жа "Аршанскай даўніны" можна даведацца пра кляштар трынітарыяў, што "жылыя манастырскія памяшканні прыстасаваны пад гарадскі архіў і кватэры" (!!!). Такім чынам, на мой погляд, пытанне было вырашана. Першы будынак (7) - гэта езуіцкі кляштар, другі (8) - кляштар трынітарыяў. А далей, у той жа "Аршанская даўніне", я знайшла не толькі ўскосныя доказы, але і прамыя, а іменна - дакладны адрас жылога корпусу кляштара трынітарыяў - вул. Камсамольская, дом 21, што адпавялае знаходжанню другога з будынкаў. Вось так.
P.S. Увосень, на экскурсіі, экскурсавод нечакана памяняў месцамі прыналежнасць гэтых будынкаў. I гэтак жа нечакана, праз некалькі дзен апасля вандроўкі (калі ізноў закраліся сумнення - эксукрсавод жа, спецыяліст!) мне ў рукі трапіла схема (Т. Габрусь "Страчаная спадчына"), якая ўсё ж такі расставіла ўсё па сваіх месцах. На схеме (паводле рэканструкцыі Чантурыі) паказана што ёсць што - дзе кляштар трынітарыяў, а дзе езуіцкі калегіум. Вядома, скажаце вы, няма чаго тут было даследваць, калі можна было адразу знайсці ў кнізе! Але ж калі вынікі тваей, няхай і маленькай, працы і разважанняў падцвярждаюцца незалежным чынам, гэта вельмі прыемна, што тут зробіш! :-)
Фота 1-7: Грода Надзея
Фота 8: Уладзiмир Ткачэнка
2003 год
Другие материалы по теме
Источник: http://www.radzima.org |