Главная** PLEASE DESCRIBE THIS IMAGE ** Регистрация ** PLEASE DESCRIBE THIS IMAGE ** Вход

:: Сделать Стартовой Избранной :: Суббота, 23 Ноября 2024, 06:34

Меню сайта
  • Наша Орша

Мини чат


Опросы
На что вы готовы, чтобы пережить трудные времена?
Всего ответов: 2336

Главная » Статьи » История города » Монастыри и храмы

Аршанская бажнiца Апекi Мацi Божай

У кожным горадзе ёсць помнікі архітэктуры, якія вызначаюць аблічча места і з цягам стагоддзяў становяцца яго пашпартам, яго візітоўкай. Аблічча Рыма непарыўна звязана з Калізеем, Парыж ва ўсім свеце пазнаецца праз Сабор Парыжскай Божай Маці (Нотр Дам дэ Парі), Масква вядомая сваім Крамлём, Вільню найлепшым чынам прэзэнтуе Вострая Брама, Нясвіж — Слуцкая Брама і замак.

Орша. Кляштар базыльянаў і бажніца Апекі Маці Божай. Пач. ХХ ст.

Вобраз Оршы 200 гадоў звязваўся з выдатнейшым архітэктурным комплексам Базыльянскага кляштара, кампазіцыйнай дамінантай якога была бажніца Апекі Маці Божай. Гэта было і тады, калі яшчэ існавалі многія помнікі ў гістарычным цэнтры горада і асабліва тады, калі святыня Апекі Маці Божай заставалася амаль адзіным у горадзе помнікам дойлідства, нягледзячы на тое, што кляштар быў заснаваны ў сярэдзіне ХVІІІ ст. ужо практычна за рысай гістарычнага цэнтра места. Ён быў размешчаны такім чынам, вырашаны ў такіх прапорцыях да іншых помнікаў і асяроддзя, што цудоўна ўспрымаўся і прачытваўся з розных месцаў горада. Гэта быў аршанскі Нотр Дам, святыня аршанскай Божай Маці.

Безабаронны храм знішчылі самым злачынным метадам. І вось ужо 30 гадоў на месцы цудоўнага помніка, які быў сэрцам Оршы, гуляе вецер, расце дзядоўнік...

Орша. Саборная царква Нараджэння Багародзіцы і званіца. Пач. ХХ ст.

У сярэдзіне ХVІІІ ст., калі закладваўся уніяцкі мужчынскі кляштар базыльянаў, агульны сацыяльна-палітычны, культурны стан краіны вызначаўся наступным чынам: Беларусь залячыла раны пасля самай кравапралітнай маскоўскай вайны (мінула 97 гадоў з часу яе завяршэння), прайшоў значны час пасля шведскай вайны і расейскай вайсковай прысутнасці, што таксама сталася катастрофаю для нашай краіны. Нягледзячы на пастаянную пагрозу з Усходу, Беларусь 50 гадоў жыла ва ўмовах міру. Гэта дало краіне шанец на адбудову гаспадаркі і культуры. У межах гістарычнага цэнтра Оршы практычна ўся зямля ўжо была падзелена і занята, у ХVІІ—ХVІІІ стст. былі збудаваныя дамы гарадской знаці і гараджанаў, кляштары і храмы, навучальныя ўстановы. Яшчэ ў 1590 г. канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега купіў у кальвіністаў кавалак зямлі каля замка і заклаў на гэтым месцы езуіцкі касцёл, а ў 1604 г. заснаваў калегіум. У гэтай навучальнай установе выкладаліся тэалагічныя і філасофскія дысцыпліны, матэматыка, замежныя мовы. Адукацыя ў калегіуме была бясплатная, набываць яе маглі не толькі католікі, але і вернікі іншых канфесіяў. Пры калегіуме існавала вучэльня, дзейнічаў школьны тэатр. Аршанскі езуіцкі калегіум атрымаў сваё поўнае завяршэнне ў 1741 г., калі быў збудаваны каменны касцёл Арханёла Міхала, асвечаны ў 1768 годзе. У 1636 г. на фундуш гомельскага старосты князя Андрэя Млоцкага былі заснаваны кляштар бернардзінцаў і мураваны касцёл Нараджэння Багародзіцы (у мурах кляштара сёння месціцца гарадская бальніца імя Сямашкі).

Орша. Дамініканскі касцёл (злева) і францішканскі касцёл і кляштар (справа). Пач. ХХ ст.

У 1649 г. князь Геранім Друцкі-Сакалінскі ўзвёў мураваны двухвежавы касцёл дамініканцаў святога Язэпа Абручніка. У 1680 г. спадар Калкоўскі збудаваў мураваны касцёл святога Антонія і мураваны двухпавярховы будынак францішсканскага кляштара. Касцёл меў 7 алтароў. У 1714 г. браты Адам і Уладзіслаў Саковічы заснавалі мураваны кляштар трынітараў і ўзвялі ў ім касцёл пакутаў Панскіх. Гэта быў адзін з самых адметных і вялікіх архітэктурных комплексаў горада. Ён уражваў як сваімі маштабамі, так і яркай архітэктурнай формай, кампазіцыйнымі рашэннямі. Савецкія ўлады ў розныя гады ў касцёле і кляштары ўтрымлівалі палкавую школу, аэраклуб, склад. У час другой сусветнай вайны касцёл атрымаў моцныя пашкоджанні, але і пасля вайны выкарыстоўваўся як складское памяшканне, пакуль у сярэдзіне 50-х гадоў не быў знесены. Памяшканні кляштара, дзякуй Богу, і сёння выкарыстоўваюцца пад жыллё і ў іншых мэтах. У ХVІІІ ст. быў заснаваны і збудаваны жаночы кляштар марыявітак, які размяшчаўся на поўнач ад езуіцкага комплексу.

У розных месцах гістарычнага цэнтра Оршы з пачатку ўвядзення хрысціянства будаваліся праваслаўныя храмы, якія не захаваліся, бо, як правіла, былі драўляныя. Тым не менш яшчэ ў ХVІ ст. у Зааршыччы дзеілі Уваскрасенская ды Мікольская цэрквы.

Орша. Пакроўская царква. Духоўнае вучылішча.

У 1460 г. вялікі князь Казімір Ягайлавіч узвёў у Оршы, на левым беразе Дняпра, насупраць замка, драўляную царкву Іллі Прарока. Напэўна, драўляны храм быў збудаваны ў гонар выратавання ягонай жонкі, вялікай князёўны Альжбеты, якая ў дзень прарока Іллі, 2 жніўня, ледзь не патанула падчас пераправы праз Дняпро ў гэтым месцы. У 1691 г. на правым беразе Аршыцы, насупраць замка, была ўзведзена саборная царква Нараджэння Багародзіцы са званіцай. У 1620 г. ерусалімскі патрыярх Флафан надаў Оршы прывілеі на заснаванне праваслаўнага кляштара, і ў 1623 г. пачалося будаўніцтва куцеінскага манастырскага комплексу, дзеля чаго была адпушчана значная тэрыторыя зямлі на поўдні за горадам, на левым беразе Дняпра, які атрымаў назву «Куцеінскі». У першай палове ХVІІ ст. у паўночным прадмесці горада, на левым беразе Аршыцы з’явіўся уніяцкі жаночы кляштар (хутчэй за ўсё для яго выкарысталі стары праваслаўны). Ён, напэўна, быў драўляны, бо аніякіх слядоў ад яго не засталося. Да таго, як перакупіць зямлю для езуіцкага комплексу, на гэтым месцы ў час рэфармацыі быў збудаваны кальвінскі збор. У Зааршыччы стаяла габрэйская сінагога, і на гандлёвай плошчы ў Оршы, пасля надання месту ў 1620 г. магдэбургскага права была збудавана гарадская ратуша.

З разгледжаных прыкладаў горадабудаўніцтва Оршы больш чым за паўтара стагоддзя вынікае, што гістарычны цэнтр горада развіваўся паводле ўзору еўрапейскай культуры з досыць яскрава выяўленымі нацыянальнымі праявамі, што асабліва адбіліся ў архітэктуры. Гэта адначасова сведчыць пра урбаністычны характар гарадской культуры Беларусі, якая складвалася ў ХV—ХVІ стст. і да ХVІІІ ст. дасягнула асаблівага росквіту. У ХVІІ—ХVІІІ стст. аршанская архітэктура — цалкам мураванае дойлідства. На прыкладзе тых помнікаў, якія захаваліся і сталі прадметам даследвання, можна сцвярджаць, што аршанскай архітэктуры гэтай пары характэрныя стылі барока і класіцызму. Першая палова ХVІІІ ст. у гісторыі беларускага мастацтва вядомая як працяг спелага стылю рэнесансу. Напэўна, у гэтым стылі быў збудаваны вялікакняскі палац і іншыя пабудовы замка. Замкавая царква Святой Тройцы ХV ст. хутчэй за ўсё ўзводзілася ў стылі готыкі, аб чым сведчаць аналагічныя помнікі ў Наваградку, Вільні, Полацку.

З Оршай цесна звязана жыццё выдатнага дзеяча гісторыі і культуры Беларусі, вялікага канцлера Льва Сапегі. Пасля Філона Кміты-Чарнабыльскага пасаду аршанскага старосты доўгі час займалі прадстаўнікі роду Сапегаў — Андрэй Іванавіч, Аляксандр Рыгоравіч, Казімір-Леў Сапега. У 1620 г. на пасадзе аршанскага маршалка быў князь Сямён Сангушка. У гэты час аршанскім падстаростам стаў князь Я.Друцкі-Любецкі. У 1635-50-я гг. пасаду аршанскага старосты займаў князь Р.Ю.Друцкі-Горскі. Аршанскім земскім суддзёю быў князь Іван Лукомскі. Княгіня Ганна Статкевіч-Агінская заснавала ў Куцейне жаночы Успенскі кляштар. Княгіня Алена Саламярэцкая таксама прымала ўдзел у фундацыі кляштара. Ігумен куцеінскага кляштара Яіль Труцэвіч узначаліў друкарню, у якой за кароткі час было выдрукавана шмат выданняў, важных для беларускай культуры, адукацыі і школьніцтва. У 1630 годзе ў Оршу прыехаў выдавец Спірыдон Собаль, які выдаў першы буквар і ўпершыню ўвёў ва ўжытак гэтае слова, якое пазней перайшло ў расейскую мову і там канчаткова замацавалася.

Орша. Базыльянскі кляштар і бажніца Апекі Маці Божай. 1968 г. Фота аўтара.

Такі быў культурны кантэкст, на фоне якога пачалося будаўніцтва аднаго з лепшых у гісторыі Беларусі помнікаў дойлідства — аршанскага уніяцкага комплексу: святыні Апекі Маці Божай і базыльянскага кляштара.

У 1758 г. з ласкі Божай і з ініцыятывы і фундатарства аршанскага старосты Івана Лянскоўскага пачалося ўзвядзенне мужчынскага базыльянскага кляштара. Будаўнічым працам папярэднічала вялікая творчая праца па стварэнні архітэктурнага праекта комплексу. Ансамбль узводзіўся выдатнымі майстрамі і па тым часе даволі хутка: за 16 гадоў ён быў завершаны, аздоблены ўнутры і асвечаны ў 1774 годзе. Кляштар размясціўся недалёка ад гістарычнага цэнтра горада, на правым беразе Аршыцы. Гэта сведчыла пра тое, што цэнтр места канчаткова склаўся і быў забудаваны, а таксама пра тое, што горад пашыраў свае межы: у паўднёвым Задняпроўі былі збудаваныя комплексы куцеінскага манастыра, на паўночным прадмесці — місіянерскі кляштар і на паўночным захадзе — комплекс базыльянскага кляштара з бажніцаю. Кляштарны будынак мае галерэйную сістэму планіроўкі, пакрыты вальмавым дахам. Падвальны і першы паверхі маюць крыжовыя скляпенні, другі — бэлечнае перакрыццё. Фасады аздоблены пілястрамі, руставанымі цягамі і плоскімі нішамі. Велічны гмах трохнававай базылікі з двухвежавым фасадам быў збудаваны ў стылі віленскага барока. Светлыя стромкія вежы святыні і вялікі купал цэнтральнай навы, якія былі бачнымі з розных пунктаў места, нібы трымалі на сабе ўвесь горад і надавалі яму строгі урбаністычны вобраз. І наогул храм рабіў Оршу ўзнёслаю, урачыстаю. Асабліва ўражвала бажніца, аблічча якой адбівалася на люстраной гладзі Аршыцы.

...Я памятаю гэтае непаўторнае хараство з дзяцінства. Сам храм, яго вобраз і дух былі блізкімі стану маёй душы, настроенай на ўспрыманне прыгожага і вечнага, эталонам якога для мяне стала бажніца. Праз яе вобраз я далучаўся да культуры, да мастацтва. У маім усведамленні гэтая святыня існавала вечна. Мяркую, што так усведамляць свет вакол сябе я стаў у 5—6 гадоў. Маё маленства праходзіла ў непасрэднай блізкасці ад храма, на левым беразе Аршыцы. Візуальная прысутнасць святыні была пастаяннаю. Уздзеянне бажніцы было магутным і дабратворным. Я быў шчаслівым ад гэткага суседства, супольнага лёсу і існавання.

З цягам часу ў людской памяці сцёрлася ўласнае імя святыні, і яе называлі проста царквою. Пасля вайны яна стаяла без купалаў і даху, але гэта былі рамантычныя руіны, і такі стан святыні цалкам адпавядаў стану беларускай культуры: параненай, скалечанай, аднак жывой і прыгожай...

Рэшткі ўнутранай аздобы бажніцы. Жнівень 1969 г.
Фота аўтара.

У 1950—60-я гады бажніца была нікому не патрэбная. Уніятаў у Оршы ўжо даўно не было. Пасля 1839 г. расейскі акупацыйны ўрад з дапамогаю бізуна і перніка гвалтам перагнаў значную частку вернікаў у «адзіна правільнае» праваслаўе. Нейкая частка грэка-католікаў перайшла ў каталіцтва лацінскае. Нязгодных высялялі ў Сібір, на Далёкі Усход і іншыя рэгіёны імперыі. Дэпартацыя для беларусаў пачалася разам з прыходам у краіну расейскай адміністрацыі і ўладкавання акупацыйнага рэжыму. Імперскіх асаднікаў на Беларусі не задавальняла ўсё — вера народа, яго мова і культура, звычаі, архітэктура ды і самі беларусы. І пачалася ў краіне праца па наданні ёй «истинно русского образа». У першую чаргу ўсюды наводзіўся праваслаўны парадак у духоўнай сферы. Уніяцкую царкву як духоўны інстытут ліквідавалі цалкам, перахрышчвалі нават беларускіх праваслаўных і пераасвячалі праваслаўныя храмы. Беларуская уніяцкая царква, якая была апошнім апірышчам беларушчыны і як храм і як вобраз нацыі, станам яе духу і напамінкам пра яе культуру, падлягала карэннаму перайначванню знешняга выгляду. Перабудоўваліся на псеўда-расейскі манер не толькі уніяцкія, каталіцкія, рэфармацкія храмы, перабудоўваліся і праваслаўныя святыні, якім у большасці надавалі прымітыўны, а часам проста пачварны выгляд. Усе беларускія праваслаўныя храмы Вільні атрымалі той вобраз, які мы бачым сёння, у ХІХ ст. Аналагічная гісторыя адбылася і з іншымі помнікамі сакральнай архітэктуры, якія былі знявечаны перабудовамі і імкненнем разбурыць беларускі вобраз, надаць помнікам аблічча расейскага духу і характару. Дарэчы, храмы гатычнага і рэнесанснага стыляў новыя адміністратары асабліва не паважалі і часта іх зусім разбуралі. (Знішчэнне беларускіх помнікаў — вынаходніцтва не бальшавікоў, яны толькі ўзвялі гэтую злачынную практыку ў ранг працы актуальнай і планамернай.)

Руіны святыні Апекі Маці Божай.
Жнівень 1969 г. Фота аўтара.

У ХІХ ст. была значна перароблена і уніяцкая бажніца Апекі Маці Божай Аршанскай. З гэтага часу яна страціла свой адметны першародны вобраз. Святыню ператварылі ў праваслаўную царкву, пры якой дзеілі вучэльня і манастыр. Усе аршанскія храмы былі перайначаны, пазбаўлены свайго аблічча і пераведзены ў праваслаўе. У "гонар" задушэння паўстання пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага на загад Мураўёва-вешальніка ў краі паўсюдна будаваліся праваслаўныя храмы ў псеўда-расейскім стылі. Яны заўважна кантрастуюць з беларускім дойлідствам як антымастацкая, антыгістарычная з’ява. Менавіта ў гэты час на падмурках драўлянага храма Іллі Прарока была збудаваная аршанская Іллінская царква, якая сваім абліччам і зместам не мае нічога агульнага з беларускай культурай і духоўнасцю. Такіх цэркваў на Беларусі ў 60—80-я гады ХІХ ст. было збудавана вялікае мноства. Яны ўсе, як блізняты, падобныя сваёй антымастацкасцю і адсутнасцю стылю, прывязкі да беларускай культуры. У народзе іх называюць мураўёўкамі. Адзначым, што ні адна з гэтых цэркваў не была нават пашкоджаная. У гады савецкага панавання знішчаліся самыя лепшыя, самыя старажытныя беларускія святыні. У шэрагу асуджаных на знішчэнне апынулася і бажніца Апекі Маці Божай.

Рэшткі святыні пры мурах кляштара. Гэта ўсё, што пакінулі нашчадкам ад святыні. Фота аўтара. 1970-я гады.

Ніхто не мог прадбачыць гэтага няшчасця. Тым не менш у адпаведных кабінетах выспяваў план і канкрэтныя захады па ліквідацыі помніка. Гэты чорны дзень настаў для Оршы ў сярэдзіне жніўня 1969 года.

Пасля сканчэння мінскай Мастацкай вучэльні я застаўся працаваць у сталіцы. У той жнівеньскі дзень ехаў у Оршу наведаць бацькоў у свой першы адпачынак. Тады і адбылася гэтая жахлівая сустрэча. На мяне зеўрыла нутром канаючая святыня, у якой не было правай навы і вежы. Чугунная «баба» заўзята працавала ўжо не адзін дзень... Я быў у шоку, стаяў і плакаў. Першы раз убачыў бажніцу знутры і быў узрушаны яе дасканалаю прыгажосцю. Я стаяў перад канаючым феніксам. Ён маўкліва знікаў, пераўтвараўся ў пыл і прах. А побач заўзята мітусіліся бяздушныя нікчэмнасці, якія ведалі хіба што, калі націскаць рычагі, марылі пра сваю звыклую пляшку гарэлкі, і гэтым, відаць, вымяраўся іх сэнс быцця і культурны абсяг...

У наступныя выходныя дні я зрабіў страшныя і сапраўды ўжо гістарычныя фотаздымкі, а неўзабаве «баба» давяршыла сваю чорную справу і самазвалы яшчэ доўга вывозілі святыню (не магу сказаць «друз») на вечныя могілкі.

Як мага хутчэй я паехаў у Менск, мяркуючы, што са сталіцы можна зрабіць больш эфектыўныя захады па ўратаванні святыні. Адразу былі напісаны лісты ў тыднёвік «Літаратура і мастацтва» і Савет міністраў. Я наіўна спадзяваўся, што ўся рэдакцыя газеты і Саўмін кінуцца ратаваць помнік і караць вандалаў. Аніякай рэакцыі ніадкуль не дачакаўся. Значна пазней даведаўся ад Уладзіміра Караткевіча, што ён таксама намагаўся спыніць злачынства. Але ўсё было марна. Ад бажніцы Апекі Маці Божай Аршанскай застаўся толькі невялікі кавалак цаглянай кладкі: гэта рэшткі вежы левай навы, якая прымыкала да будынка кляштара з паўночнага боку.

Знішчэнне аршанскай бажніцы Апекі Маці Божай выпадак, на жаль, заканамерны. Ён цалкам адпавядаў нацыянальнай культурнай палітыцы савецкіх уладаў усіх рангаў. І гэтая палітыка не давала збояў. Некалькімі гадамі раней былі зруйнаваныя выдатныя помнікі нацыянальнай культуры ў Полацку, Віцебску, Гародні, Пінску і іншых гарадах. Сярод іх — храм Звеставання ХІІ стагоддзя ў Віцебску. У Гародні для знішчэння Фарнага касцёла святога Вітаўта запрасілі падрыўную каманду з Ленінграда (ведалі, дзе браць спецыялістаў па руйнаванні нашай культуры). Гэтая брыгада за сваю злачынную працу атрымала грашовую прэмію, баян і падзяку гарадскіх уладаў! Усё было зроблена «зграбна і тонка»... У Оршы знішчэнне культурнай спадчыны мела свае адметнасці: помнікі руйнавалі чыгуннай «бабай». Упершыню такое дзікунства я ўбачыў дзесьці ў 1958 ці 1959 годзе, калі руйнавалі саборную царкву Нараджэння Багародзіцы канца ХVІІ ст. Храм, вымураваны з чырвонай цэглы, стаяў на правым беразе Аршыцы насупраць замчышча. Праўда, у народзе яго ўсё ж называлі касцёлам. Так склаўся лёс, што я ўжо тады разумеў вартасць гэтага помніка, яго значэнне для нашай культуры. Напярэдадні яго знішчэння я зрабіў некалькі замалёвак святыні ў сваім дзіцячым альбоме. Гэта былі мае першыя самастойныя пленэрныя замалёўкі. Я вучыўся, напэўна, у класе 6-м і ўжо сур’ёзна займаўся маляваннем. Першым маім настаўнікам у мастацтве быў Сцяпан Сямёнавіч Дзерваед. Ён шмат папрацаваў над маёй душой, наставіў вока і руку. Я бясконца ўдзячны яму за тое, што ён з’явіўся на маім шляху. Магчыма, маім сённяшнім удзелам у мастацтве я абавязаны яму. На жаль, той дзіцячы альбомчык не захаваўся. Знішчэнне царквы Нараджэння Багародзіцы спарадзіла ў маёй дзіцячай душы ўнутраны пратэст супраць тых, хто руйнаваў храмы і разам з тым абудзіла сапраўдную любоў да архітэктуры, разуменне вартасці помнікаў і самой культуры. Факт вандалізму, сведкам якога я быў у дзяцінстве, засеў стрэмкаю ў маім сэрцы на ўсё жыццё. Цяпер археолагі праводзяць раскопкі падмуркаў гэтай царквы, а побач нехта збудаваў нейкую страшэнную драўляную пачвару ў знак далейшага здзеку з нашай памяці. У запаведнай гістарычнай зоне ўсякае новабудаўніцтва забаронена законам. Тым не менш на месцы помніка спакойна ўзводзіцца антымастацкая, саматужная спаруда, якая абражае нашую нацыянальную культуру.

Мы, жыхары Беларусі канца стагоддзя і тысячагоддзя, сёння як ніколі адчуваем сябе абрабаванымі і знявечанымі маральна. Мы апынуліся на мяжы нацыянальнай катастрофы. Духоўнае калецтва, генацыд і Чарнобыль не прайшлі бясследна. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы для нашай дзяржавы, а значыць і для культуры, адраджэнне беларускай нацыі працягваецца. Яно ўжо няспыннае. Гарантам яго з’яўляецца нацыянальная дзяржава. Мы жывем у новым грамадстве, зусім у новым свеце. На золку 2000 год, і гэта дае нам права ставіць новыя задачы і ажыццяўляць самыя смелыя праекты дзеля далейшага адраджэння. Упэўнены, што сённяшні стан беларускага грамадства дазваляе нам ставіць на парадак дня аднаўленне многіх значных помнікаў дойлідства. Такія праекты ўжо даўно існуюць у шмат якіх гарадах Беларусі і ў першую чаргу ў Мінску і Віцебску, што для нас асабліва важна. Праца ў гэтым кірунку набывае рэальныя абрысы.

Дык быць на вызначаным Богам месцы (пры старанні аршанскага старосты Івана Лянкоўскага і пры падтрымцы ўсіх аршанцаў як сваім талерам, так і сваім мазалём) храму Апекі Аршанскай Маці Божай! Паўстаць яму з небыцця, невуцтва і бязбожніцтва! Быць адноўленым і храму Нараджэння Багародзіцы, як і іншым злачынна знішчаным помнікам. З гэтай ідэяй мы ўваходзім у ХХІ стагоддзе. Оршы ў новым стагоддзі ізноў быць пры сваіх помніках-дзецях. Мы павінны вярнуць гораду страчанае урбаністычнае аблічча, пераўтварыць яго зноў у еўрапейскі горад.
 


Источник: http://media.catholic.by
Категория: Монастыри и храмы | Добавил: admin2 (15 Ноября 2006) | Автор: Мікола КУПАВА
Просмотров: 3770 | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Форма входа





Пользователи

Всего: 127685
Новых за месяц: 0
Новых за неделю: 0
Новых вчера: 0
Новых сегодня: 0



Категории
Бизнес
Бомонд
Здоровье, экология
Даты
Дожинки-2008
Культура
Новости этого сайта
Образование
Общество
Оршанский район
Пресс-служба горрайотдела МЧС по г. Орша
Пресс-служба оршанского ГОВД
Пресс-служба ИМНС РБ по г. Орша
Проиcшествия, криминал
Связь
Слухи
Спорт
Транспорт


Сегодня с нами
Сегодня с нами были:



Случайное фото

Новые статьи





При использовании материалов сайта указание авторов и ссылка на источник материала обязательна! Мнение администратора сайта может не совпадать с мнением авторов статей. За объявления несут ответственность рекламодатели. © 2006-2024
Яндекс.Метрика