Сёння ўявіць беларускае мастацтва без гэтага імя проста немагчыма. Ён жыў для духоўнага ўзвышэння народа, працаваў на карысць нашай Бацькаўшчыны шмат і актыўна, творча і шматгранна. Творчая спадчына Язэпа Драздовіча, якая захавалася на сённяшні дзень, стала багатым здабыткам нашай нацыянальнай культуры. Выстава "Язэп Драздовіч – легенда зямлі беларускай” прадстаўлена фондам Германавіцкага музея культуры і побыту.
Язэп Драздовіч - графік і жывапісец, скульптар і разьбяр, майстар дэкаратыўна-ужытковага мастацтва… У гісторыі Беларусі мала налічыш людзей, якія валодалі б такім суквеццем талентаў, што былі ў гэтага чалавека. Надзвычай шырокае кола яго захапленняў і заняткаў. Дакранаючыся да любой галіны мастацтва рука Язэпа Драздовіча пакідала свой непаўторны след.
У мастацтве Я. Драздовіч шмат у чым быў першы. Яго называюць "беларускім Леанарда да Вінчы”, паколькі яны роўныя па велічы мыслення і фантазіі. Яго называюць "вечным вандроўнікам” і гэта адпавядае праўдзе – з кайстрай за плячыма мастак абхадзіў Беларусь уздоўж і ўпопярок, падарожнічаў па Літве і Польшчы. Яго называюць вялікім летуценнікам – за захапленне космасам, унікальныя даследаванні, развіццё касмічных тэорый у мастацтве на пачатку 30-х гадоў, маляўнічыя касмічныя замалёўкі і фантастычныя аповесці.
Язэп Драздовіч быў выдатны майстар пэндзля, алоўка і разца. Вялікую вядомасць Язэпу Драздовічу прынеслі жывапісныя і графічныя творы, у якіх знайшлі сваё месца і сівая мінуўшчына, і сучаснасць, і далёкая-далёкая будучыня. Але сказаць, што ён быў толькі мастаком, гэта значыць амаль нічога не сказаць, паколькі мастацтва было толькі адным бокам яго творчасці. Творца даволі сур’ёзна займаўся гісторыяй, археалогіяй і этнаграфіяй. У час сваіх вандровак збіраў фальклор, рабіў замалёўкі старажытных прадметаў побыту, займаўся вывучэннем і даследваннем мовы, у якой бачыў назапашаны за стагоддзі скарб народнай мудрасці. Праявіў сябе і ў літаратуры як паэт і празаік. Шмат сіл і часу ахвяраваў на педагагічную дзейнасць.
Неардынарная асоба Язэпа Драздовіча не адно дзесяцігоддзе заставалася таямніцай нават для спецыялістаў выяўленчага мастацтва. Хто ж ён, гэты чалавек, дзейнасць якога хоць і была пэўны час невядома, але ўсё ж заняла належнае месца ў айчыннай гісторыі?
Язэп Нарцызавіч Драздовіч нарадзіўся ў 1888 годзе на Віцебшчыне, у засценку Пунькі цяперашняга Глыбоцкага раёна, у збяднелай шляхецкай сям’і. У два гады застаўся без бацькі. Яго і пяцёра братоў выхоўвала маці. Набыў пачатковую адукацыю, потым скончыў Віленскую школу рысавання (1906-1910). Доўгі час служыў у арміі (1910-1917). У 1919 годзе працаваў у Беларускім літаратурна-выдавецкім аддзеле пры Камісарыяце асветы БССР. З 1919-1920 гг. – мастак-дэкаратар у Беларускім дзяржаўным тэатры. У 1921-1924 гг. – кааператар на Дзісеншчыне. З 1924-1926 г.г. – выкладчык малявання ў Глыбоцкай школе, з 1927-1930 гг. – у Радашковіцкай і Наваградскай беларускіх гімназіях. У 1927 годзе заснаваў мастацкую студыю пры Віленскай гімназіі. З 1931-1939 гг. – вандроўны мастак. З 1940-1941 гг. – выкладчык малюнка і батанікі ў Глыбоцкай сярэдняй школе. Апошнія гады працаваў над уласнымі творамі выяўленчага мастацтва. Язэп Драздовіч памёр у 1954 годзе.
Як адзначыла ў сваім слове дырэктар Установы культуры "Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны” Ірына Воранава, - сімвалічна, што гэты незвычайны вернісаж праходзіць ў сценах музея У.С. Караткевіча і што менавіта гэта выстава адчыняе мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Сёння ўявіць беларускае выяўленчае мастацтва без Язэпа Драздовіча, як беларускую літаратуру без Уладзіміра Караткевіча, немагчыма. Гэта дзве легенды беларускай зямлі. Пры аглядзе іх спадчыны заўважаюцца выразныя паралелі ў жыцці і творчасці. Сёння гэтыя постаці - побоч. Іх аб’ядноўвае не толькі талент, але і шчырае служэнне Бацькаўшчыне.
На ўрачыстае адкрыццё выставы сабралася шмат моладзі, мастакоў, аматараў мастацтва, беларусазнаўцаў, творчай інтэлігенцыі. Аб сваіх уражаннях гаварылі ў выступах прысутныя: мастакі (сябры Беларускага саюза мастакоў) - Мікола Таранда і Анатоль Жураўлёў; майстра Дома рамёстваў - Таццяна Шынкарова; выкладчыца ДШМ №1- Мая Чарвінская; мастак і паэт - Уладзімір Жытноў і іншыя.
Пад час адкрыцця выставы адбылася прэзентацыя новай кнігі кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта Віцебскага дзяржаўнага універсітэта Міхася Цыбульскага "Язэп Драздовіч: "Прыйдзе час…” У зборнік, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння беларускага мастака, увайшлі матэрыялы ІІ Драздовічаўскіх навуковых чытанняў, артыкулы, матэрыялы пра жыццё і творчасць мастака, даследванні ўплываў яго творчасці на развіццё сучаснага мастацтва Беларусі. Адзін з экзэмпляраў выдання аўтар падарыў Аршанскаму музею У.С. Караткевіча.
На выставе прадстаўлены графічныя аркушы, разьба, каля 30 твораў жывапісу: краявіды, партрэты, сюжэтныя кампазіцыі, маляваныя дываны. Язэп Драздовіч быў прыхільнікам розных мастацкіх стыляў. Пра гэта сведчаць яго карціны авангарднага, сімволіка-алегарычнага, рэалістычнага характара. Творы на касмічную тэму пазначаны рысамі мадэрна. Яго карціны маюць глыбокі філасофскі падтэкст і вызначаюцца непаўторнай манерай пісьма. Вольная імправізацыя, дэкаратыўнасць, стрыманасць у колеры, лаканічнае і яснае выказванне ідэі прывабліваюць к мастацтву Язэпа Драздовіча людзей рознага ўзросту.
Значнае месца ў экспазіцыі займаюць маляваныя дываны, дзе адлюстравана як родная прырода, так і фантастычныя краявіды. На адных - раслінны ўзор, кветкі, травы. На другіх - жывёлы, птушкі, дываны з помнікамі старажытнай архітэктуры. Майстар ніколі не паўтараецца ў вобразах і матывах сваіх дзівосных работ.
Язэп Драздовіч спрабаваў свае сілы ў скульптуры і дробнай пластыцы. Найбольш яскрава гэта праявілася ў падарожных кіях. Кожны кій аздоблены разьбой, рознымі выявамі, чалавечымі галовамі, жывёлінамі.
З цікавасцю ўспрымаюцца творы мастака, паколькі ад іх ідзе прамяністае святло дабра і гармоніі. Нас заўсёды будзе прыцягваць таямнічасць, узнёсласць вобразаў, а таксама моц фантазіі летуценніка, мысленне якога з лёгкасцю пранікала праз глыбіню часу і прасторы.
Многія гады, нібы каменьчык на вяршыні гары, маўкліва знаходзілася спадчына нашага земляка Язэпа Нарцызавіча Драздовіча… Час запатрабаваў яе. Зварухнуўся гэты каменьчык, прывёўшы ў рух цэлую лавіну, якая знесла забыццё, і перад намі ва ўсёй сваёй чысціні, глыбіні і ззянні адкрыўся шматгранны, народны талент. Язэп Драздовіч верыў: прыйдзе час… Гэтымі словамі творца, вандроўнік і летуценнік часта пачынаў дзённікавыя запісы, гутаркі з моладдзю.
Валянціна Мачкова, фота Алены Шкраба. Газета «Телеком-экспресс».