У аршанскім музеі Уладзіміра Караткевіча адбылася прэзентацыя
новага зборніка літаратурнага аб’яднання «Дняпроўскія галасы». Аднайменнае
выданне прысвечана 60-годдзю аб’яднання, створанага пры рэдакцыі газеты
«Ленінскі прызыў» (зараз «Аршанская газета»). Аўтар прадмовы «На добрай глебе
– добры колас» – журналіст, кіраўнік творчай суполкі ў 1968–1977 гг. Фёдар
Кулакоў. Ён згадвае шмат аўтараў, чые паэтычныя галасы гучаць па-над Дняпром
сёння. Вакол літаб’яднання гуртуюцца людзі, якія шануюць свае карані, дбаюць пра
літаратурную будучыню Аршаншчыны. Сярод аўтараў зборніка — члены Саюза
пісьменнікаў Беларусі: Генадзь Казак, Канстанцін Нілаў, Анатоль Прохараў, Рыгор
Лазуркін і іншыя. …У зале панавала атмасфера адзінства,творчай роднасці
прысутных. Гэта не дзіўна, бо менавіта ў музеі Уладзіміра Караткевіча збіраюцца
члены літаб’яднання. Тут праходзяць прэзентацыі твораў аршанскіх літаратараў,
адбываюцца святы паэзіі, дні памяці Уладзіміра Караткевіча. Загадчыца музея
Галіна Юркевіч і старшы навуковы супрацоўнік Вольга Пашкевіч робяць усё, каб
«Дняпроўскія галасы» пачувалі сябе тут як дома. З выхадам зборніка прысутных
павіншавала начальнік аддзела культуры Аршанскага гарвыканкама Ганна Святлова.
На прэзентацыю былі запрошаны госці з Віцебска: лаўрэат міжнародных прэмій
старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара
Краснова-Гусачэнка і паэтка Валянціна Пчолка, якая асабіста была знаёма з
Уладзімірам Караткевічам. Гучалі вершы, аўтарскія песні, цёплыя словы і
добрыя пажаданні. Як паведамілі ўкладальнікі зборніка, рыхтуецца да выдання
другі том гэтай паэтычнай анталогіі Оршы.
Леся Красавік
|