Пасля даволі працяглага перапынку Віцебшчыну з сольнымі
канцэртамі наведаў экс-музыкант гуртоў «Палац» і «Крыві», лідэр і кіраўнік
каманды «WZ-Orkiestra» Зміцер Вайцюшкевіч. Выканаўцу, які грае ў стылях рэтра,
рок, гарадскі шансон і іншых, цёпла сустракалі ў Оршы і Гарадку, а заключным
акордам стала выступленне ў Віцебску, у абласной філармоніі. Тут было ўсё: і
гарачая падтрымка залы, якая гучна падпявала ўлюбёныя песні, і шчырыя маналогі,
і кветкі з палкімі пацалункамі ад дзяўчат (а іх у гэты вечар была большасць)… Гучалі кампазіцыі на вершы класікаў беларускай літаратуры, спевы на рускай,
польскай, японскай мовах. Скарыстаўшы момант, я пагутарыў з цікавым чалавекам. – Зміцер, апошнім часам вас неяк не чуваць. Можа,
меў месца праславуты творчы застой? – Ды не. Выдаў новы альбом
«Анёлак». Выступаў у Злучаных Штатах Амерыкі і Швецыі. Вядома ж, не забыўся пра
сваю радзіму: сёлета адыграў каля 50 канцэртаў у абласных цэнтрах і
аграгарадках, дамах састарэлых і школах… Пасля Віцебска еду ў Магілёў. Лічу, што
кожны беларускі артыст, які хоча нешта сказаць на гэтай зямлі, не павінен
цурацца правінцыі.
– Аднак на вашым рахунку і выступленні ў 25-ці
краінах свету, прэстыжныя ўзнагароды. – Я паставіў сваёй мэтай
будаваць культурныя масты між краінамі. У маім творчым багажы японскі, польскі,
шведскі альбомы, на словы Уладзіміра Маякоўскага. Ёсць намер стварыць
што-небудзь па творах аднаго з амерыканскіх паэтаў. За мяжой павінны ведаць пра
нас. Хрэстыматыйны прыклад – Марк Шагал, які ўзяў і пабудаваў свой мост і
паляцеў у сусвет над Віцебскам.
– Вы заўсёды прынцыпова карыстаецеся
беларускай мовай… – Гэта наша бяда, што людзі саромеюцца размаўляць
па-свойму, беларуская мова амаль не гучыць са сцэны. І вельмі прыемна, калі
пасля канцэрта людзі падыходзяць і дзякуюць за маю пазіцыю.
–
Вайцюшкевіча ведаюць як самага «пладавітага» беларускага выканаўцу. Ужо
выдадзены тузін альбомаў! – Калегі з гэтага смяюцца і здзекуюцца.
Адны зайздросцяць па-добраму, іншыя – не зусім. Я лічу, што выдаваць раз у год
альбом – гэта нармальна. Я ж не працую на фабрыцы і не з’яўляюся кіроўцам
маршруткі. Музыка – гэта маё жыццё і хлеб, тое, што мне прыносіць радасць.
Таксама натуральна шукаць любога кантакту з публікай.
– І адкуль на
ўсе праекты хапае энергіі? – Па-першае, пэўна, ёсць дадзеныя ад
бацькоў. Стараюся весці здаровы лад жыцця. Раз на тыдзень хаджу ў лазню, два-тры
разы плаваю ў басейне. Я не карыстаюся нейкімі там пігулкамі ці допінгам, бо
люблю сваю прафесію.
– З цікавасцю даведаўся, што ў вас ёсць уласны
хутар. – Сам я жыву ў Мінску, але ўжо даўно прапісаўся на хутары
Вайцюшкі ля роднай Бярозаўкі, што ў Лідскім раёне на Гродзеншчыне. Цудоўныя
мясціны на беразе Нёмана (сёлета рака дайшла ажно да плота)! Зараз перабудоўваю
хату, ёсць паўгектара зямлі. Аформіў усе неабходныя дакументы для стварэння
аграсядзібы. Але нешта вагаюся: запускаць у сваю хату чужых людзей, каб зарабіць
яшчэ грошай, ці не? Дарэчы, заўважаю тэндэнцыю, што людзі вяртаюцца з буйных
гарадоў у родныя вёскі. Мае сябры з Мінска набываюць дамы за 50-70 кіламетраў ад
сталіцы.
– Сёння Змітру Вайцюшкевічу няма роўных у напісанні
беларускіх калыханак. – Справа ў тым, што ў мяне два сыны, малодшаму
напрыканцы красавіка спаўняецца год. Вось жыццё і прымусіла. Ёсць вялікая бяда,
што ў Беларусі няма свайго Шаінскага. Мы ўсе слухаем «В траве сидел кузнечик»,
таму што гэта геніяльна. А беларускія кампазітары такога не пішуць, таму што
лянівыя і непрабіўныя. Вось і застаецца Вайцюшкевіч.
– Як бы вы
ацанілі стан беларускай музыкі? – Наша музыка не горшая, чым у
суседзяў. А па фальклоры мы «наперадзе Еўропы ўсёй». Сярод лідэраў гурты
«Тройца», «Осіміра», «Стары Ольса», «Палац». Гэта тое, што нас ад іншых выгадна
адрознівае. Ідэйна мы мацнейшыя за тое ж «Золотое кольцо».
– Як вам
прыдзвінскі край? – Колькі тыдняў таму быў у Друі. Вельмі
спадабалася. А ў Лынтупах проста супер! Якія там дамы і хутары, старая мэбля,
якую я таксама збіраю. Мяне ўсё вельмі ўразіла.
– Якія будуць
пажаданні чытачам «НС»? – Будзьма беларусамі!
Алесь Бынькоў, фота аўтара, «НС»
|