У мінулы аўторак Беларусь адзначыла векавы юбілей Героя Савецкага Саюза Канстанціна Сяргеевіча Заслонава.
Урачыстыя мерапрыемствы прайшлі ў Оршы, дзе пад кіраўніцтвам легендарнага "Дзядзькі Косці” падпольшчыкі толькі за тры кароткія месяцы (са снежня 1941-га па люты 1942-га года)узарвалі 6 паравозаў, пусцілі пад адхон каля 170 варожых саставаў, вывелі са строю сістэму водазабеспячэння, знішчылі больш за 400 афіцэраў і салдат вермахта. Ля помніка герою на чыгуначнай станцыі ля будынка вакзала адбыўся шматлюдны мітынг, у якім прынялі ўдзел людзі розных пакаленняў: ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны да тых, хто сёння толькі пачынае жыццё. Усе з удзячнасцю гаварылі пра вялікі ўклад у Перамогу патрыёта Радзімы К.С. Заслонава.
У мемарыяльным музеі славутага падпольшчыка і легендарнага партызанскага камандзіра адкрылася выстаўка "Чалавек з легенды: Заслонаў, якога мы не ведалі”, дзе экспануюцца не толькі здымкі, фотакопіі дакументаў, асабістыя рэчы, муляжы вугальных мін, "яжоў” для дыверсій на дарогах, але і малюнкі, зробленыя рукой Канстанціна Сяргеевіча. Нядаўна музею перададзены яго дачкой Музай лісты, напісаныя Заслонавым сям’і.
Навучэнцы Аршанскага каледжа чыгуначнага транспарту былі запрошаны на навукова-практычную канферэнцыю "Жыццё – подзвіг”, прысвечаную знамянальнай даце (матэрыялы канферэнцыі "Віцьбічы” надрукуюць у бліжэйшых нумарах).
А калегі знакамітага чыгуначніка аддалі даніну павагі герою асобым чынам: праязджаючы міма помніка Канстанціну Заслонаву, яны салютавалі яму працяглымі гудкамі лакаматываў.
Таццяна КУЗЬМІЧ
|