Месцічы вёскі Смаляны ператварылі свой храм у адхожае месца. За адсутнасцю грамадскай прыбіральні, вяскоўцы і турысты не знайшлі нічога лепшага, як выкарыстоўваць для фізіялагічных патрэбаў будынак касцёла XVII стагоддзя.
Смаляны—невялічкая вёсачка ў Аршанскім раёне. У мінулым належала князям Сангушкам, Курбскім, Астрожскім. Мясціны з багатай гісторыяй, што сыходзіць у глыб вякоў. Найвялікшую каштоўнасць уяўляюць руіны замку (XVII ст.), касцёл (XVII —XVIII ст.) і драўляная царква (XVIII ст.).
Смаляны сустракаюць нас хмурна-хмарным небам і ветрам, які зрывае апошняе лісце з дрэў. Крочым да касцёлу Дзевы Марыі, пабудаванага Сангушкамі. Некалі тут адпявалі Тамаша Зана. Падыходзім бліжэй. Бачна, як моцна забруджана ўсё знутры, непрыемныя пахі рэжуць успрыняцце некалі велічнага архітэктурнага помніка.
Зайсці ў сярэдзіну не атрымліваецца — суровыя мужчыны з бутэлькамі ў руках накіроўваюцца будынак касцёла. Мы вырашаем сысці, бо ўступаць у кантакт з мясцовым насельніцтвам такога тыпу няма ахвоты. "—Толик, тока не зови больше никого. И ещё бутылку чего возьми!” — крычыць адзін з кампаніі свайму сябру…
Дарога ўсыпана жоўтым дываном апалага лісця, мы крочым па ёй далей. Прыгадваю гісторыю не такіх далёкіх часоў, з аднога са сваіх папярэдніх візітаў у Смаляны, і расказваю яе сваёй спадарожніцы — тады, запытаўшы ў краме пра наяўнасць прыбіральні ў гэтых мясцінах, я пачула : "А у нас в магазине нету, но вы знаете, тут костёл недалеко… Мы и сами туда ходим… Ну а что делать?”
Азіраюся на касцёл. Шыльдачка "Ахоўваецца дзяржавай” злосна пасьміхаецца нам услед. Ля замку мы сустракаем мужчыну, які чытае свежую газету і выгульвае сабачку. Чалавек знайшоў вольныя вушы і з радасцю пачаў расказваць розныя цікавосткі пра лёс родных мясцін. Мы не супраць паслухаць: мужчына казаў пра тое, што Смаляны мусяць быць турыстычным цэнтрам, а таксама пра тое, што з сябрамі перыядычна ходзяць прыбіраць касцёл і замкавую тэрыторыю.
"— Ды і старыя, і маладыя прыходзяць. Як толькі цёпла становіцца, дык адразу. Заўсёды тут нехта ёсць і што тут толькі не робіцца. Дый не толькі тут! Нават у касцёле не саромеюцца і піць, і патрэбы спраўляць, дый увогуле розным займаюцца…Ну, вось скажыце вы, ці нармальна?”
"—Зусім не нармальна” — кажу я і шкадую пра тое, што ні адзін здымак не адлюструе ўсёй трагічнасці сітуацыі.
Выпадковы суразмоўца пакідае нас сам-на-сам з замкам. Падымаю вочы да неба і бачу сэрцайка, што глядзіць на нас праз абрынутыя скляпенні таго, што было калісці адным з самых прыгожых помнікаў нашых зямель.
Гэта і ёсць адказ. Толькі праз любоў і асэнсаванне павагі да месца адкуль мы прыйшлі, можна нешта змяніць. Толькі вось пытанне, ці кожны ўмее любіць? І ці можна навучыць гэтаму?
Стася Реус
|