Главная** PLEASE DESCRIBE THIS IMAGE ** Регистрация ** PLEASE DESCRIBE THIS IMAGE ** Вход

:: Сделать Стартовой Избранной :: Пятница, 22 Ноября 2024, 20:47

Меню сайта
  • Наша Орша

Мини чат


Опросы
На что вы готовы, чтобы пережить трудные времена?
Всего ответов: 2336

Герои сайта

Главная » 2009 » Сентябрь » 2 » Смальяны: старонкi гiсторыi i сучаснасць

Смальяны: старонкi гiсторыi i сучаснасць

«Віцебшчына блізкая і невядомая» – так называлася экскурсійная паездка, у якую мяне аднойчы запрасіў сябра, што працуе ў турыстычнай фірме і цікавіцца краязнаўствам.

З таго падарожжа найбольшыя ўражанні пакінула наведванне вёскі Смальяны (ці Смаляны, як па старой памяці называюць яе мясцовыя жыхары), што прыблізна ў 30 км ад Оршы. Дзіўна, што гэтае мястэчка з даўняй і поўнай таямніц гісторыяй яшчэ не стала нашай турыстычнай «мекай». Сёлета Смальяны святкуюць свой 525-гадовы юбілей. З гэтай нагоды я вырашыла яшчэ раз наведацца на землі, дзе ў свой час валадарылі Іван Бельскі, вялікі князь Жыгімонт Стары, яго жонка італьянка Бона Сфорца, гетман Канстанцін Астрожскі, магнацкі род Сангушкаў, і больш уважліва прыгледзецца да іх сённяшняга жыцця.

* * *
З вясны гэтага года Смальяны маюць статус аграгарадка. І гэта ўмацавала надзею тутэйшых жыхароў, што ёсць будучыня ў іх малой радзімы, ёсць перспектывы. Тым больш, што з новым статусам гэты куточак Віцебшчыны набыў і адпаведныя яму рысы. Абнавіліся пошта, аптэка, школа і дзіцячы садок. З’явілася аддзяленне ашчаднага банка. «Віцебскаблгаз» абяцае ў 2010 годзе правесці газіфікацыю. Будуецца жыллё. У 2008-м з’явілася 15 новых дамоў у Смальянах і вёсцы Агранамічная, дзе знаходзіцца агракаледж. 

На тэрыторыі сельсавета 2013 жыхароў, больш за чвэрць з іх – пенсіянеры. Пра адзінокіх старых людзей клапоцяцца. У міні-інтэрнаце часовага пражывання ў вёсцы Тарчылава суседняга сельскага Савета сёння жывуць трое смальян. 

Лічбы сведчаць, што ў Смальянах амаль няма беспрацоўных: «на біржы» штогод стаяць 2-3 чалавекі. І сапраўды, працы тут хопіць усім. Было б жаданне... Бяда Смальянаў, як і многіх іншых нашых вёсак, – п’янства. Патранат, саветы прафілактыкі, кадзіраванне за кошт прадпрыемства – чаго толькі не робяць мясцовыя ўлады, каб хоць крыху змяніць сітуацыю.

– Хапае ў нас і бацькоў, якія вінны дзяржаве грошы за ўтрыманне сваіх дзяцей у інтэрнатах, – са смуткам зазначае старшыня сельскага Савета Галіна Карпушонак. – І запазычанасць у некаторых з іх немалая.

Сярэдні заробак людзей, працуючых у сельгаспрадпрыемстве, за першае паўгоддзе склаў 515 тысяч рублёў, а за чэрвень – 707 тысяч. 

– Думаецца, што найлепшым стымулам для карэкці­роўкі паводзін людзей магла б стаць канкурэнцыя, – дзеліцца меркаваннем кіраўнік мясцовай улады. – Калі той жа механізатар разумее, што замену яму знайсці цяжка, шмат чаго пачынае сабе дазваляць, не баіцца згубіць працу. 

Будучыню Смальян Галіна Уладзіміраўна бачыць у дзецях. Іх сёння каля 220 вучыцца ў мясцовай школе, 40 ходзяць у дзіцячы садок і яшчэ чалавек 30 наведваюць базавую школу-сад у вёсцы Шыбекі. Радуецца старшыня і сённяшняй моладзі. 

– Працавітыя ў каледж ідуць, а пасля яго яшчэ больш сумленнымі робяцца, – кажа яна. І праз паўзу дадае: – Хоць гэта і не агульная характарыстыка. 

Па назіраннях Галіны Карпушонак, сучасныя смальянскія дзяўчаты злоўжываюць курэннем нават больш за хлопцаў, якія апошнім часам часцей да спорту цягнуцца. Да здаровага, актыўнага адпачынку ў аграгарадку ўсіх заахвочваюць. Ужо каторы год з моладдзю працуе цудоўны трэнер Віктар Тарасенка, які рыхтуе мясцовую жаночую валейбольную каманду пры філіяле школы алім­пійскага рэзерву. Яго дзяўчаты нядаўна занялі першае месца ў вобласці, ездзілі ў Гродна, дзе таксама выступілі прыстойна. Сёння ў школе займаюцца 40 чалавек. Таксама ў аграгарадку працуе трэнажорная зала, у якой могуць займацца ўсе жадаючыя. 

Карэнных жыхароў засталося няшмат. Усё больш прыезджых, перасяленцаў, асабліва, чамусьці, мурманчан, для якіх Смальяны сталі другой радзімай. Набываюць яны дамы і даюць новае жыццё закінутым хацінам. Спачатку толькі на адпачынак улетку прыязджаюць сем’ямі, а потым і назусім застаюцца. 

Трыццаць гадоў таму звязала свой лёс са Смальянамі і Галіна Карпушонак.

– Тут знайшла сваё шчасце, калі вучылася ў каледжы,– кажа яна. – Малодшы сын нікуды адсюль з’язджаць не хоча, і старэйшы, студэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, нікому не спусціць дурных слоў пра родны куток...

– Як жа не любіць месца, дзе жывеш? – па-філасофску зазначае сакратар сельсавета Валянціна Хатулева. – Толькі раней весялей жылося. Калі яшчэ быў адзі­ны саўгас-тэхнікум, Дом культуры адносіўся да яго. Пасля раздзялення ўстанову перадалі каледжу, што заканамерна. У каледжы, у вёсцы Агранамічная, жыве шмат моладзі. Там ім і гурткі, і дыскатэкі. І вучоба таксама, бо ў большай частцы ДК цяпер месцяцца вучэбныя аўдыторыі, перанесеныя са старога корпуса. Але ж хіба старэйшаму пакаленню не трэба культурнае жыццё? Раней у Смальянах існаваў самадзейны хор, які потым ператварыўся ў фальклорны ансамбль «Вечарніцы». Адпачынак для душы ў ім знаходзілі 45 выканаўцаў і дзесяткі ўдзячных слухачоў. Цяпер калектыву няма дзе збірацца, і ён спыніў сваё існаванне. 

Дваякае стаўленне ў мясцовай улады і саміх жыхароў да абноўленай урачэбнай амбулаторыі, у якую па праграме ўладкавання аграгарадка пераўтварылі ўчастковую бальніцу. Кабінеты, лабаранцкія папрыгажэлі, сталі больш зручнымі. Па словах галоўнага ўрача Галі­ны Аношка, за дзень тут прымаюць каля 25 чалавек. Аднак і самі работнікі амбулаторыі, і пацыенты лічаць: без бальніцы ўсё ж нязручна – магчымасці дзённага стацыянара не тыя.

* * *
Першае, што заўважаеш, завітаўшы ў Смальяны, – гэта шэры, напаўразвалены фасад усё яшчэ велічнага касцёла святой Марыі, што ўзвышаецца непадалёк ад галоўнай плошчы. Стагоддзі таму тут, у цэнтры мястэчка, стаяла ратуша з добрага сасновага дрэва, з купалам над дахам, «пабітым гонтамі». Паблізу ратушы знаходзілася двухпавярховая важніца (месца, дзе ўзважвалі прывезеныя тавары), пры ёй – высокі ганак з парэнчамі і точанымі балясінамі. Адсюль пачыналіся рады гандлёвых крам і хаты жыхароў з гародамі і гаспадарчымі пабудовамі. Побытавая назва гэтага месца – «рынак» – адпавядае і гістарычнаму мінуламу мястэчка, і сённяшнім рэаліям.

Цяпер ля плошчы гандлюе ў абноўленай краме прамысловымі і харчовымі таварамі раённае спажывецкае таварыства. Канкурэнцыю яму стварае мясцовая бізнесвумен (і такія ў Смальянах ёсць!), якая адкрыла на другім баку плошчы невялічкую краму, на даху якой «пасяліла» змайстраваных буслоў, а на тэрыторыі вакол «пусціла ў плаванне» лебедзяў. На трэцім баку заняў месца модуль комплекснага прыёмнага пункта бытавых паслуг, а завяршыў кампазіцыю рынкавы «пятак». Па шматлікіх просьбах жыхароў паставілі некалькі столікаў – гандлёвых месцаў, абгарадзілі невялікую пляцоўку плотам. Па панядзелках, серадах і асабліва суботах тут яблыку няма дзе ўпасці: гандлююць і вопраткай, і абуткам, і гароднінай-садавіной... 

– Раней, – як потым патлумачыла старшыня сельсавета, – на гэтым месцы зазвычай прадавалі парасят. Гандляры і пакупнікі прыязджалі з усіх ваколіц і нават суседніх раёнаў. Але гады тры як перасталі: знізіўся попыт на такі тавар.

* * *

На сваю гаспадарку мала ў каго ў сельсавеце хапае энтузіязму. У асабістым статку ўсяго 218 галоў, каля сотні з іх – у жыхароў Смальянаў. І амаль кожная кароўка прыносіць гаспадару прыбытак за кошт здадзенага малака. Толькі ў 2008 годзе насельніцтва сельсавета здало яго 703 тоны. Было б, відаць, і больш, калі б атрымалася наладзіць дзейсную схему збору прадукцыі з падвор’яў і кантролю яе якасці. Сельгаспрадпрыемства, якое прымае малако ў насельніцтва, пакуль не можа гэтага забяспечыць.

Смальяне хацелі ўжо звярнуцца да прадпрымальнікаў. Адзін з іх нават прапаноўваў свае паслугі. Аднак прадпрымальнік, па словах старшыні сельсавета, можа ўзамен прапанаваць толькі грошы. А сельскагаспадарчае прадпрыемства да таго ж дапамагае насельніцтву ў час пасяўной ды ўборачнай – за невялікую плату. Таму пакуль вяскоўцы не спяшаюцца «перабягаць» да бізнесменаў. 

* * *

У «Зборы помнікаў Віцебскай вобласці» Смальяны абазначаны як месца знаходжання руінаў замка Белы Ковель, што стаяў у нізінным месцы, на левым беразе ракі Адроўка. Праз войны і нядбайнасць наступных пасля Сангушкаў гаспадароў Белы Ковель быў разбураны і разабраны на цэглу. У выніку ад замкавага комплексу засталіся толькі рэшткі самай высокай пяціяруснай вежы. Цяпер, каб здзейсніць паломніцтва да яе, трэба апошнія крокі рабіць па топкім, зарослым кустоўем месцы. На яшчэ велічных сценах, што захоўваюць сляды тонкага рэльефнага дэкору, з гадамі з’явіліся прыкметы сучаснай «культуры» накшталт надпісаў «я быў тут» і прызнанняў у каханні. 

З замкавай цэглы ў 1864 годзе на заходняй ускраіне Смальянаў была пабудавана Аляксееўская царква. У савецкія часы ў ёй зрабілі склад, а потым наогул закінулі. Такі ж лёс напаткаў і касцёл, дзе да 1984 года мес­ціўся гараж. Смальянскі краязнаўца настаўнік беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Віктар Мяжэвіч згадвае, што ў савецкі час палякі прапаноўвалі рэстаўраваць касцёл, але ў Смальянах практычна не засталося вернікаў-каталікоў, таму яго пакінулі на волю часу. 

Культавай пабудовай XVIII ст. у Смальянах з’яўляецца Спаса-Праабражэнская царква, пад якой не так даўно быў знойдзены мураваны храм Узвіжання Святога Крыжа. Па мясцовай легендзе, царква выстаяла вайну, таму што, як сказаў калісьці нейкі правідзец, «павінна дачакацца другога прышэсця Хрыста». Зрэшты, легенд пра Смальяны так шмат, што яны ў гэтай справе нават могуць паспрачацца са славутым Нясвіжам. 

Здараецца, у Смальяны прыязджаюць палякі: наведаць касцёл, магілу «нейкага польскага караля», як кажуць некаторыя мясцовыя жыхары, а насамрэч – Тамаша Зана, сябра Адама Міцкевіча, разам з якім у гады вучобы ў Віленскім універсітэце ён стварыў і ўзначаліў таварыства філаматаў. Надоўга польскія госці не затрымліваюцца. Крыўдна, што наладзіць экскурсіі па гістарычных кропках Аршаншчыны, разрэкламаваць турыстычныя багацці гэтай зямлі ніхто пакуль не бярэцца.

– Няма энтузіястаў, – падсумавала Галіна Карпушонак.

Грошай таксама няма. Ні адзін архітэктурны помнік не мае шыльды з гістарычнай даведкай пра яго. Па сённяшні дзень у Смальянах адсутнічае свой краязнаўчы музей, хаця этнаграфічных і іншых матэрыялаў за доўгі час набралася багата. Частку пасля капітальнага рамонту школы захоўвае ў сябе Віктар Мяжэвіч.

– Можна было б зрабіць музей пры школе, у другім корпусе, дзе раней былі цяпліцы, – разважае настаўнік, – ды зноў жа на рамонт памяшкання патрэбны грошы.

* * *

У турыстычны маршрут па ваколіцах Смальянаў варта ўключыць не толькі стогадовыя руіны, але і памятныя мясціны з больш блізкай гісторыі. 

У красавіку 1942 г. каля Смальянаў эсэсаўцы расстралялі каля 600 мірных жыхароў, у асноўным яўрэяў. Забітых распраналі, а целы скідвалі ў вялікія ямы, выкапаныя ў лесе на ўскраіне вёскі. Сёння на гэтым месцы мемарыял, які намаганнямі улад і педагогаў Шыбекскай школы выглядае дагледжаным. Родныя пахаваных тут прыязджаюць час ад часу з-за мяжы, дзякуюць за памяць...

Захоўваюць успаміны пра тыя жахлівыя гады і старажылы вёскі. У наваколлі мястэчка дзейнічалі партызаны, а ў саміх Смальянах – падполле. У памяць пра ўсе выпрабаванні тут узведзены помнік смуткуючай маці на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан. 

Не знікаюць кветкі і ля помніка ахвярам пазнейшай вайны – афганскай, якая забрала жыцці траіх тутэйшых хлопцаў.

* * *

Кажучы, што няма энтузіястаў у Смальянах, Галіна Карпушонак крыху прыбяднялася. Яны ёсць. Сярод іншых – Аляксандр Машкоў, які цяпер адбудоўвае бацькоўскі дом насупраць Свята-Праабражэнскай царквы, каб зрабіць тут  сельскую сядзібу для турыстаў. 

– Мяне здзіўляе, чаму праз гэтыя незвычайныя мясціны не праходзіць ніводны турыстычны маршрут, – падзяліўся набалелым Аляксандр Анатольевіч. – Таму і ўзяўся за справу. А падштурхнула да гэтага дачка, якая сёлета скончыла вучобу ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце на менеджэра ў сферы міжнароднага турызму. Разлічваю на яе дапамогу, а таксама на аднавяскоўцаў, асабліва суседа, які шмат ведае пра гісторыю Смальянаў, час ад часу ладзіць аматарскія экскурсіі.

Аднак у ажыццяўленні сваёй мары энтузіяст сустрэў нямала перашкод. Для ся­дзібы 20-ці ўласных сотак мала. Паміж домам Машкова і замкам ёсць закінуты ўчастак, дзе ніхто не жыве. Аднак гаспадары не згаджаюцца яго аддаць. Займацца ж толькі сядзібай Аляксандру Анатольевічу не дазваляе праца ў транспартнай інспекцыі. Разам з тым яна ж і дапамагае, бо засталося шмат сувязей, знаёмстваў – фактычна напрацаваная кліентура. 

* * *

З мінулага года ва ўсіх дакументах Смальяны сталі пісаць з мяккім знакам. Хаця і сёння некаторыя вяскоўцы, а разам з імі і частка гісторыкаў схільныя да напісання «Смаляны». Настаўнік Віктар Мяжэвіч распавёў, што сярод іншых гістарычных і этнаграфічных матэрыялаў маюцца кавалкі цэглы ад завода XVI стагоддзя. На іх – надпіс населенага пункта з мяккім знакам.

Зрэшты, гэта не так істотна. Куды больш важна як мага хутчэй зразумець, што багатая гістарычная спадчына Смальянаў павінна працаваць на дзень сённяшні. І гэта ўжо ў руках сучаснікаў.

Кацярына Князева

Категория: Оршанский район |
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Форма входа





Пользователи

Всего: 127685
Новых за месяц: 0
Новых за неделю: 0
Новых вчера: 0
Новых сегодня: 0



Категории
Бизнес
Бомонд
Здоровье, экология
Даты
Дожинки-2008
Культура
Новости этого сайта
Образование
Общество
Оршанский район
Пресс-служба горрайотдела МЧС по г. Орша
Пресс-служба оршанского ГОВД
Пресс-служба ИМНС РБ по г. Орша
Проиcшествия, криминал
Связь
Слухи
Спорт
Транспорт


Сегодня с нами
Сегодня с нами были:



Новые объявления




Случайное фото



При использовании материалов сайта указание авторов и ссылка на источник материала обязательна! Мнение администратора сайта может не совпадать с мнением авторов статей. За объявления несут ответственность рекламодатели. © 2006-2024
Яндекс.Метрика