У школу вышэйшага спартыўнага майстэрства, што ў Андрэеўшчыне, можа прыйсці кожны падлетак. Тут не патрабуюць здачы экзаменаў ці якіх-небудзь тэстаў, неабходна толькі жаданне самога хлопчыка ці дзяўчынкі займацца веласпортам. Як правіла, ездзіць на веласіпедзе здольны любы, бо кожнаму малышу яшчэ з дзетсадаўскага ўзросту бацькі абавязкова набываюць трохколавага "сябрука”.
З цягам часу яго змяняе больш "наварочаны” веласіпед, што дае магчымасць падлетку значна палепшыць сваю фізічную форму. А вось у Андрэеўшчынскай школе вам, рабяты, вопытныя трэнеры дапамогуць прафесійна ўдасканаліць набытыя навыкі, развіць такія якасці характару, як вынослівасць і настойлівасць, цярплівасць і імкненне да перамогі. Менавіта пра гэта мне і расказалі ўдзельнікі веласіпеднага клуба "Віцебск-Дынама”, што працуе на базе школы вышэйшага спартыўнага майстэрства, выхаванцы знакамітага на Аршаншчыне і на Беларусі трэнера па веласпорту з 34-гадовым вопытам работы Любові Сямёнаўны Нямковай.
Я сустрэлася з юнымі веласіпедыстамі пад час іх трэніроўкі і, як гаворыцца, з першых вуснаў даведалася пра тое, якую ролю ў жыцці рабят выконвае гэты від спорту. Самымі смелымі ў размове з журналістам аказаліся Марына Супрунова і Арцём Сянькоў. Моўны партрэт спартсмена-веласіпедыста ахвотна дапаўнялі іх таварышы. Трэба адзначыць, што вынік атрымаўся вельмі неблагі. Напрыклад, шасцікласніца Марына займаецца ў клубе 8 месяцаў. Заняткі веласпортам дапамаглі ёй упарадкаваць свой дзень. І хаця зараз вольнага часу стала менш, затое паспявае дзяўчынка зрабіць многае. Палепшыліся і адзнакі ў школе. Дарэчы, усе рабяты добра паспяваюць у школе. Шасцікласнік Арцём, пляменнік вядомай веласіпедысткі, бронзавай прызёркі чэмпіянату свету 2010 года Таццяны Шараковай, займаецца ў клубе сем гадоў. Безумоўна, хлопчык марыць стаць прафесійным велагоншчыкам. Нягле-дзячы на юны ўзрост, рабятам ужо даводзілася адчуць асалоду перамогі. Вучань 8 класа ДАСШ № 26 Павел Ліцкевіч год таму назад пабываў на самай высокай прыступцы п’едэсталу, а 16-гадовая выхаванка Андрэеўскай школы- інтэрната Марына Шаўчэнка мае ў сваім актыве 5 медалёў. Гэтая, знешне вельмі сціплая дзяўчынка, ужо кандыдат у майстры спорту. Па словах трэнера, яна мае ўсе задаткі, каб стаць зоркай першай велічыні беларускага веласіпеднага спорту, такой, як і былыя выхаванцы Любові Сямёнаўны – Аляксандр Кучынскі (сын трэнера) і Таццяна Шаракова. Апрача Марыны, тут нямала і іншых здольных рабят: Стас Бажкоў, Вольга Галіева, Алеся Кавалёва. Стас выканаў нарматыў майстра спорту міжнароднага класа, быў пятым на кубку міру ў Галандыі…
Працягваючы расповяд пра заняткі ў клубе, рабяты закранулі адну немалаважкую дэталь. Клуб рэдка хто пакідае па прычыне несклаўшыхся адносін паміж трэнерам і выхаванцам. Улад Курбатаў перад тым, як трапіць у школу вышэйшага майстэрства, спрабаваў сябе ў розных відах спорту і толькі тут вырашыў застацца назусім. Зразумела, не апошнюю ролю ў выбары хлопчыка выканала і трэнер. Любоў Сямёнаўна для рабят – бездакорны аўтарытэт. Яна патрабавальная, у меру строгая, вельмі перажывае за кожнае няўдалае выступленне. Шмат увагі надае так называемаму разбору памылак, дапушчаных пры выступленнях на спаборніцтвах. Рабяты адзначылі, што ў іх калектыве, а тут займаецца больш за 30 падлеткаў рознага ўзросту, пануе вельмі спрыяльны мікраклімат. Ніхто з іх не курыць, не ўжывае семкі і чыпсы, хаця сярод удзельнікаў клуба нямала падлеткаў са складанымі лёсамі. Яны разумеюць, што такія свавольствы дрэнна ўплываюць на работу лёгкіх, а гэта адзін з галоўных "рабочых” органаў веласіпедыста. Займаюцца выхаванцы штодзень па 3-4 гадзіны, з неабходнай хуткасцю ў 30-40 км. Каб на рознага ўзроўню спаборніцтвах, якія прахо-дзяць даволі часта, атрымаць добрыя вынікі, у адзіночнай гонцы неабходна праехаць 10 км за 13 хвілін. Гэта гарантуе першае месца, дзеля якога трэба шмат трэніравацца.
Як адзначыла Любоў Сямёнаўна Нямкова, трэнеры цесна супрацоўнічаюць з адміністрацыямі ДАСШ № 26 і Андрэеўскай школай-інтэрнатам. Дырэктар школы-інтэрната Кацярына Анатольеўна Шатовіч і намеснік дырэктара ДАСШ № 26 Аксана Ула-дзіміраўна Байцова робяць усё неабходнае дзеля таго, каб рабяты былі занятыя ў вольны ад вучобы час карысным захапленнем. У дадзеным выпадку – веласпортам.
Уласны сын зорнага трэнера – ужо даўно прафесійны спартсмен. Больш за дзе-сяць гадоў Аляксандр Кучынскі працуе на лепшых трэках Еўропы, удзельнічае ў сусветных спаборніцтвах. Але, як і Таццяна Шаракова, ён часты госць у роднай школе, дзе трэні-руюцца яшчэ нікому не вядомыя юныя веласіпедысты. Аляксандр і Таццяна ахвотна даюць парады і слушныя заўвагі, а яшчэ знакамітыя землякі ў гэтых сценах – звычайная моладзь. Гледзячы на тое, як яны гарэзуюць з падлеткамі, не скажаш, што ім апладзіраваў сусвет.
Любоў Сямёнаўна Нямкова адносіцца з павагай да кожнага са сваіх выхаванцаў. Па яе меркаванні, не важна, будзе з яго вялікі спартсмен ці не. Галоўнае, даць адчуць падлетку, што ён асоба, навучыць паважаць самога сябе, і тады ён, хоць аднойчы, але абавязкова стане ў жыцці пераможцам.