Прадзільшчыцы Аршанскага льнокамбіната Алене Коўрык літаральна на рабочым месцы ўручылі ўзнагароду – ордэн Маці. Першы намеснік старшыні Аршанскага гарвыканкама Мікалай Саксонаў павіншаваў жанчыну ад імя гарадской улады. Прыйшлі сказаць ёй словы падзякі за выхаванне дзяцей і добрыя працоўныя паказчыкі прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства. Алена Коўрык нарадзіла і выхоўвае шасцярых дзяцей. У жаночым калектыве льнокамбіната ўсе адзначаюць, што яна ўмела спалучае прафесійную дзейнасць і выхаванне дзетак. Усе дзеці добра вучацца ў школе, а пасля школы дапамагаюць маці па гаспадарцы ды спасцігаюць музыку – іграюць на розных музычных інструментах. Вольнымі вечарамі любяць разам спяваць.
Прафком ільнокамбіната падтрымлівае сям’ю Алены: аказвае матэрыяльную дапамогу, выдзяляе пуцёўкі для дзяцей у санаторыі і летнія аздараўленчыя лагеры.
Дарэчы, у Оршы Алена Коўрык – 16-я шматдзетная мама, якая ўзнагароджана ордэнам Маці.
Вольга Шутава
|