Тамара Камісарава (на фота) – урач
лячэбнай фізкультуры паліклінікі №2 Оршы. Раніцай амаль кожнага
рабочага дня яна праводзіць заняткі з людзьмі рознага ўзросту ў
спартыўнай зале і на беразе ракі Днепр. Яе метад лячэння – комплекс
вызначаных індывідуальна для кожнага пацыента фізічных практыкаванняў і
водныя працэдуры на рацэ круглы год, не зважаючы на марозы і сцюдзёныя
вятры. Давялося пачуць ад яе пацыентаў, што дзякуючы
рэкамендацыям Тамары Адамаўны яны пазбавіліся балячак, вышлі з
дэпрэсіўнага стану. Каб паглядзець на свае вочы методыку лячэння
Камісаравай, у апошні рабочы дзень кастрычніка, марозны і ветраны,
адправілася з групай пажылых людзей на Днепр. У асноўным у гэтай
групе жанчыны ва ўзросце ад 57 да 82 гадоў. Яны выканалі комплекс
практыкаванняў ў спартыўнай зале, абсталяванай у паліклініцы, а затым
пайшлі на раку, што зусім побач. Распрануліся да купальніка– і ў ваду,
не зважаючы на лёгкі марозец. Пасля купання распавялі, што да сустрэчы
з Тамарай Адамаўнай не вылазілі з хвароб. Каго «дастаў» бранхіт, каго –
лішняя вага і радыкуліт. Урачы ніяк не маглі прыпыніць развіццё хвароб
таблеткамі і ўколамі. І вось тады яны прыйшлі да Камісаравай. Займаючыся фізічнымі практыкаваннямі і прымаючы водныя працэдуры на
працягу гадоў, жанчыны забыліся на хранічныя хваробы. Не баяцца і
эпідэмій грыпу. Расказваюць, што летась, у самы пік захворваемасці, у
каго і надарыўся лёгкі насмарк, то ўсё роўна палезлі ў раку. Акунуліся,
і вірус адстаў у той жа дзень. Кожная з жанчын можа расказаць шмат
цікавага пра заняткі ў групе. Жанна Пашкоўская, напрыклад, распавяла,
што займаецца ў Камісаравай на працягу дзесяці год. За гэты час
пазбавілася ад хранічнага бранхіту. І ёй цяпер падабаецца ўражваць
людзей сваёй малажавай постаццю і маржаваннем. Яна ўспомніла, як
ездзіла зімой у Жыровіцкі манастыр на экскурсію у групе з 30 чалавек. Недалёка ад манастыра ёсць крыніца з лячэбнай вадой. Жанчына ў
30-градусны мароз распранулася ды і нырнула ў ваду. Усе вакол анямелі ў
здзіўленні. А потым на зваротнай дорозе ўсё дапытваліся, як, маўляў,
дайшла да жыцця такога. На працягу ўсяго шляху расказвала пра групу
здароўя Тамары Камісаравай. Да ўрача лячэбнай фізкультуры ў
паліклініку штодзённа наведваецца 70-80 чалавек. Нярэдка пацыенты
заходзяць у кабінет лячэбнай фізкультуры са словамі: «Прыйшоў за
здароўем». Тады Тамара Адамаўна пачынае аглядвацца па баках і кажа:
«Шукайце, дзе яно ляжыць, калі знойдзеце, то забірайце». Пасля такога
дыялогу урач тлумачыць пацыенту, што здороўе ён верне сабе сам толькі ў
тым выпадку, калі вельмі захоча , а яна, Камісарава, падкажа яму, як
гэта зрабіць. І сапраўды, нямала пацыентаў адсейваецца адразу з
першых заняткаў. Прыхільнікі таблетак не вераць у сілу лячэбнай
фізкультуры і спяшаюцца дадому ў ложак. Тыя ж, хто вельмі хочуць быць
здаровымі і паверылі ўрачу, крок за крокам пераадольваюць боль у нагах,
грудзях і паясніцы. Праз пэўны час сапраўды яны забываюць на хваробы. І
пра сябе паўтараюць словы ўрача: «Няма таго, чаго чалавек не зрабіў бы.
А калі не зрабіў, значыць, не хацеў». У маёй прысутнасці Тамара
Адамаўна займалася з мужчынай сярэдніх гадоў, які прыйшоў з болем у
пазваночніку. Яна паказвала яму лячэбныя практыкаванні. Ён адразу
казаў: не змагу так зрабіць, баліць спіна. Але стараўся паўтарыць рухі
настаўніцы. І атрымлівалася. Ён здзіўляўся і зноў паўтараў. Было бачна,
што мужчына паверыў урачу, і на яго твары, калі развітваўся, было
спадзяванне, што ўдасца пазбавіцца назойлівага болю ў пазваночніку. Згадзіцеся, што выцягваць людзей з хвароб не лекамі, а фізічнымі
практыкаваннямі, самой кожны раз паказаць і псіхалагічна ўпэўніць, што
так можна вылечыцца – нялёгкая работа. Што прымушае Камісараву
настойліва прапаноўваць свае метады? Тамара Адамаўна расказала,
што ў маладыя гады захаплялася спортам. Яна ўжо тады прапагандавала
лячэбную фізкультуру. А ў росквіце сіл, 12 год назад, калі была за
рулём машыны, яе легкавушку пратараніў п,яны вадзіцель. У той аварыі
атрымала траўму пазваночніка. Урачы прагназавалі інваліднасць і
прадказвалі ёй жыць да канца дзён з болем у спіне. Яна не згадзілася з
такім дыягназам і на працягу двух гадоў выцягвала сябе сама,
арыентуючыся на рэкамендацыі урачоў, якія прапаноўвалі нестандартнае
лячэнне фізічнымі практыкаваннямі. І ўцякла ад хвароб і немінучай
інваліднасці. Таму цяпер суперажывае чалавеку, які адчувае востры боль
у розных частках цела, пры гэтым ведае, як яму дапамагчы. І дапамагае. Тамара Адамаўна пастаянна ўдасканальваецца па сваёй спецыяльнасці.
Імкнецца штогод павучыцца на курсах у знакамітых урачоў, якія
прапагандуюць заняткі лячэбнай фізкультурай і выкладаюць іх методыку.
Яна знаходзіць неабходную літаратуру ў Беларусі, Расіі і далёка за
мяжой. Намагаецца абнавіць абсталяванне ў спартыўнай зале, якое,
дарэчы, у асноўным купілі спонсары. У Оршы пра яе можна пачуць як
пра фанатку сваёй прафесіі. Калегі ўпэўніліся, што гэта так, у час яе
спрэчкі з галоўным урачом, дзе яна даказвала, што на першым плане
павінна быць лячэнне не таблеткамі, а менавіта фізічнымі
практыкаваннямі, плаваннем, закальваннем арганізма чалавека. Намагалася
яна падабраць сабе і памочнікаў, якія б самааддана згадзіліся
дапамагаць пацыентам. Ды толькі за апошнія гады ўладкоўваліся на работу
восем спецыялістаў, а затрымаўся толькі адзін. Астатнія, папрацаваўшы з
месяц, адмаўляліся рабіць далей. Матывавалі ўсё тым, што працаваць
трэба шмат, пры гэтым свае духоўныя сілы аддаваць хворым людзям, а
ўзамен – толькі нізкі заробак. Адкуль жа чэрпае сілы, каб
дапамагаць пацыентам, Тамара Камісарава? Яна сцвярджае, што пакуль
выжывала з траўмай пазваночніка, зразумела па-іншаму сэнс жыцця: не
трэба крыўдзіцца, злавацца на людзей, яны такія, якія ёсць. Калі
зразумееш гэта, то застанецца толькі радасць ад таго, што ты жывеш,
ходзіш на сваіх нагах і бачыш сонца. І калі ты шчаслівы гэтым, то і людзям дапаможаш, якім нямілы свет з-за нажытых хвароб.
Вольга Шутава, фота аўтара, «НС»
|