Жыхары ўскраінных вуліц горада Барань яшчэ ў ліпені звярнуліся ў пракуратуру і Аршанскі гарвыканкам, каб абараніць свае правы па забеспячэнню пітной вадой, а значыць і сваё здароўе.У пісьмах у розныя інстанцыі яны паведамлялі, што ліўневыя дажджы ў чэрвені падтапілі грунтовымі водамі грамадскія калодзежы на шасці вуліцах і перавулках Барані. Зробленыя санітарна-эпідэміялагічнай службай аналізы якасці вады паказалі, што ў калодзежах у наяўнасці бактэрыяльнае, а ў некаторых і хімічнае забруджванне. Узровень перавышае дапушчальныя нормы. Лета скончылася, а ачыстка шахт калодзежаў ад глею так і не зроблена, не рамантуюцца стыкі кольцаў.
Праблема пітной вады ў гэтым мікрараёне востра стаіць з 2005 года. І штогод жыхарам толькі абяцаюць пракласці вадаправод. Сёлетнія дажджы яе толькі абвастрылі.
Пакуль жыхары Барані чакалі адказу з пракуратуры, прыйшло чарговае паведамленне з занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі за подпісам І. Бацюковай. У ім сказана, што работы па ачыстцы і дэзінфекцыі вады не далі станоўчых вынікаў і вынесена пастанова галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача г. Оршы і Аршанскага раёна аб забароне выкарыстання насельніцтвам грамадскіх калодзежаў у г. Барань па вуліцах Калгаснай, Пралетарскай, Лясной, двух Калгасных і Чэрвеньскаму перавулках. Неабходна інфармаваць жыхароў, што калодзежамі карыстацца нельга, і арганізаваць сюды падвоз пітной вады.
Праз некалькі дзён бараньцы атрымалі адказ і ад намесніка старшыні гарвыканкама С. Жэлдзібаева. Ён пісаў, што забеспячэнне чыстай вадой вырашаць часткова ў верасні – кастрычніку. За кошт сродкаў прадпрыемства «Водаканал» будзе ўсталявана адна водаразборная калонка на вуліцы Калгаснай.
Прайшоў яшчэ месяц пасля гэтага адказу. Абяцаную калонку зрабілі. Але яе адной на ўсе вуліцы і перавулкі зусім недастаткова. Таму многія жыхары мікрараёна па-ранейшаму бяруць пітную ваду з калодзежаў, якія афіцыйна закрыты санітарнай службай.
Старшыня Бараньскага гарвыканкама Васіль Русакоў паведаміў, што будаўніцтва вадаправода было ўключана ў план яшчэ летась. Ёсць неабходная дакументацыя. Але ў маі стала вядома, што плануемыя срокі ва ўмовах скарачэння фінансавання расходаў з бюджэту сёлета выдзелены не будуць. Бараньцы зноў накіравалі ў аблвыканкам і сталічныя міністэрствы лісты з тлумачэннем неабходнасці пракладкі вадаправода. Але пакуль фінансавання няма.
Вольга Шутава, «НС»