У красавіку 2010 года Установе культуры "Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны” была падаравана навуковая бібліятэка і архіў нашага земляка, вучонага-філосафа Анатоля Ігнацьевіча Пятрушчыка. Вядома, што сярод аршанцаў заўсёды было вельмі многа таленавітых людзей, асабліва творчых прафесій, такіх як мастакі, паэты. Ёсць яшчэ і людзі навукі. Сярод іх вучоны-філосаф Анатоль Ігнацьевіч Пятрушчык. Нарадзіўся ён у Оршы ў 1935 годзе. Пасля заканчэння школы паступіў у Ленінградскі дзяржаўны універсітэт на філасофскі факультэт. Па размеркаванню быў накіраваны на працу ў Беларускі палітэхнічны інстытут. Затым працягнуў вучобу ў аспірантуры Інстытута філасофіі пры Акадэміі Навук. Там жа пасля і застаўся працаваць. Пасля абароны дысертацыі працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута філасофіі Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, загадваў аддзелам праблем чалавека.
Філасофія стала для яго любоўю на ўсё жыццё. Адданасць ёй мела беспрыцэндэнтны характар. Ён займаўся гэтай навукай апантана, глыбока і сур’ёзна. Анатоль Ігнацьевіч добра ведаў працы многіх філосафаў як старажытнасці, так і сучаснасці. Заўсёды вельмі глыбока і ўдумліва падыходзіў да іх вывучэння. Да прыкладу, у перададзенай бібліятэцы ёсць сачыненні Гегеля. Кнігі ад коркі да коркі спісаныя яго пазначэннямі, развагамі, каментарыямі, што сведчыць аб аналітычнай асаблівасці яго розуму. І гэта не адзіны прыклад.
Асноўны накірунак даследаванняў Анатоля Ігнацьевіча – канкрэтна гістарычныя умовы і перадумовы развіцця чалавека МЫСЛЯЧАГА. Гэтаму прысвечана больш ста пяцідзесяці прац. Сярод іх дзве манаграфіі, навуковыя артыкулы, навучальныя праграмы па дыялектычнай логіцы, газетныя публікацыі (пад псеўданімам Антось Прывабны), эсэ. Таксама Анатоль Ігнацьевіч аўтар кніг "Творчая актыўнасць суб’екта ў пазнанні”, "Прадуктыўная роля агульных формаў мыслення ў навуковым пазнанні”. У апошнія гады жыцця працаваў над кнігай "Розум як вышэйшая форма духоўнасці”. Наш зямляк быў перакананы: "Чалавек павінен думаць!!!”. Гэты курс ён чытаў сваім студэнтам, вучыў іх разважаць, аналізаваць, выказваць свае думкі.
Цікава, што чалавек, які так апантана займаўся філасофіяй, меў вельмі паэтычны склад натуры. Гэта рэдкае спалучэнне. У перададзеным асабістым архіве вучонага ёсць "Записная книжка” з яго вершамі. Яны лірычныя, тонкія, шчырыя – аб Беларусі, роднай Оршы, прыродзе, каханні. Анатоль Ігнацьевіч вельмі любіў паэзію. Любімым паэтам яго быў Аляксандр Сяргеевіч Пушкін, многія яго творы вучоны ведаў на памяць. Цікавіўся мастацкай крытыкай – чытаў В. Белінскага, А. Дабралюбава, М. Чарнышэўскага.
Таксама, наш зямляк з юнацтва захапляўся музыкай – сам граў на акардыёне, любіў спяваць. У перададзеным асабістым архіве ёсць некалькі паўагульных сшыткаў з тэкстамі любімых песен. Анатоль Ігнацьевіч запісваў усё, што яму падабалася і кранала душу – песні, вершы, вытрымкі з твораў.
Унутраны свет гэтага чалавека быў багаты знаходкамі, падзеннямі, пошукамі, сустрэчамі. Увесь час ён думаў аб тым, каб яго праца, яго знаходкі былі карысны для яго народа, і каб усё, што было напрацавана і сабрана ім, таксама, належыла народу. Таму, выконваючы гэта жаданне, Вера Якаўлеўна, удава Анатоля Ігнацьевіча, перадала яго навуковую бібліятэку і навуковы архіў у яго родную Оршу – горад, які ён вельмі любіў. Увесь свой вольны час ён заўсёды праводзіў у бацькоўскай хаце на беразе Дняпра, займаўся садам, які сам пасадзіў. Тут ён і пахаваны на могілках па вуліцы Чырвонаармейскай.
Падараваная гораду бібліятэка – сапраўдны навуковы скарб. Яе Анатоль Ігнацьевіч збіраў усё жыццё, пачынаючы са студэнцкіх гадоў. Філасофія, псіхалогія, сацыялогія, эканоміка, культуралогія, паліталогія, гісторыя, мастацтва, лінгвістыка, логіка, прыродазнаўства, мастацкая літаратура, даведнікі і слоўнікі, рэдкія выданні – літаратура для распрацоўкі тэм па розных галінах навукі і мастацтва. Вядома, вялікую частку бібліятэкі складаюць кнігі па філасофіі: сачыненні Арыстоцеля, Платона, Цыцэрона, Гегеля, Г. Спенсера, А. Лосева, П. Дзіксана, Ф. Аўэрбаха, філасофскае наследдзе Канта, К. Гельвецкага, Д. Анахта, А. Шопенгаўэра і іншых, гісторыя філасофіі розных краін і часоў, кнігі з серыі "Помнікі філасофскай думкі”, вялікая колькасць артыкулаў і рэфератаў па філасофіі розных навукоўцаў. Таксама, вялікія магчымасці для тых, хто займаецца псіхалогіяй: працы Л. Выгоцкага, Б. Ананьева, С. Рубінштэйна, В. Вагнера і іншых вядомых аўтараў.
Цікавая і разнастайная падборка мастацкай літаратуры: антычная літаратура, старажытная руская літаратура, замежная літаратура розных эпох, кнігі паэтаў сярэбранага веку, вядомыя аўтары і творы ХХ ст., кнігі прадстаўнікоў розных літаратурных напрамкаў, мастацкая крытыка і гісторыя літаратуры.
Таксама, разам з бібліятэкай перададзены і асабісты архіў Анатоля Ігнацьевіча: яго навуковыя працы, артыкулы, распрацоўкі заняткаў са студэнтамі, каталогі, публікацыі, гукавыя запісы лекцый, дакументы і іншае. Здзіўляе парадак вядзення архіва, адчуваецца рука навукоўца: усё дакладна пранумеравана, згрупіравана па тэмах, падшыта, складзены каталогі. Сярод асабістых рэчаў тое, што было дорага чалавеку як памяць – марская фуражка (напамін аб службе на флоце), навушнікі, якія змайстраваў яшчэ ў маладосці, каб слухаць радыёперадачы ў розных умовах, друкарская машынка, стары медны званочак і іншае. А яшчэ ікона Святога Іаана Хрысціцеля. Па словах Веры Якаўлеўны, гэту ікону Анатоль Ігнацьевіч вылавіў у Дняпры ў Оршы пасля вайны. Яна была яму вельмі дарагая.
Зараз навуковая бібліятэка і архіў нашага земляка праходзяць навуковую апрацоўку і ў хуткім часе будуць даступныя для аршанцаў. І вельмі хочацца, каб жаданне Анатоля Ігнацьевіча збылося усё напрацаванае і сабранае ім было карысным для людзей.
Вольга Пашковіч, старшы навуковы супрацоўнік Аршанскага музея У. С. Караткевіча. Газета «Телеком-экспресс».