У карціннай галерэі, размешчанай у будынку былога езуіцкага калегіума ў Оршы,
урачыста закрыўся пленэр, прысвечаны заснавальніку беларускай станкавай графікі
Міхасю Падалінскаму, шырока вядомаму ў грамадскіх колах ХІХ стагоддзя. У
радаводзе мастака, які знайшоў распрацоўшчык творчага праекта пленэра загадчык
кафедры універсітэта культуры і мастацтва Уладзімір Рынкевіч, пазначана, што
нарадзіўся М. Падалінскі ў Оршы. Таму і збіраліся тут мастакі з усёй Беларусі,
каб узнавіць імя і забытую славу М. Падалінскага ў яго родным
горадзе.
Удзельнікі пленэра на працягу дзесяці дзён занатоўвалі помнікі
архітэктуры, маляўнічыя куткі прыроды на берагах Дняпра і Аршыцы. Аматары
мастацтва, якія прыйшлі на закрыццё пленэра, мелі магчымасць пабачыць каля сотні
палотнаў, створаных у Оршы. Паводле меркаванняў прыезджых мастакоў, выказаных
падчас урачыстасці, горад мае свой твар, бо тут збераглі шмат гістарычных
помнікаў. Па-добраму зайздросцілі госці і таму, што ў адным з іх ёсць шыкоўная
карцінная галерэя.
Мастакі паабяцалі пакінуць у Оршы шэраг палотнаў з
пленэра. Шчырую падзяку яго ўдзельнікам выказалі першы намеснік старшыні
гарвыканкама Мікалай Саксонаў і старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Віталь
Сівакоў.
Наступным этапам праекта па вяртанню імён знакамітых раней мастакоў
стане выстава творчых работ у Мінску і выданне брашуры аб жыцці і дзейнасці
Міхася Падалінскага.
Вольга Шутава, Фота аўтара
На фота: Мастак з
Гродна Мікалай
Бандарчук (у
цэнтры) і
студэнты Акадэміі
мастацтваў Антон
Вырво і
Раман
Каршуноў.