Карэнных жыхароў у вёсцы Дрыбіна Аршанскага раёна ўжо няма.
Летам сюды прыязджаюць толькі некалькі родзічаў памерлых, каб пасадзіць на
спадчынных агародах цыбулю ды моркву. Доўга не затрымліваюцца ў глухой вёсцы, бо
тут ужо ні вуліцы, ні нават сцяжынкі не пабачыш уздоўж дамоў. Прамежкі між хат
зараслі пустазеллем і кустоўем. І дачніку тут, у атачэнні пустых дамоў,
няўтульна.
Вось у гэтым месцы на краі вёскі і пасяліўся 16 гадоў назад
гараджанін Віктар Валодзін (на фота). Ён пабудаваў сабе
невялікі дамок накшталт дачы, прыстасаваў пад хлеў старыя будыніны і нагарадзіў
нешта тыпу загонаў і хлявоў ды заняўся жывёлагадоўляй. Спачатку купіў карову. А
потым яго статак павялічваўся з кожным годам.
Сёлета Віктару споўнілася 49
гадоў. Ён жыве ў вёсцы з маці Галінай Афанасьеўнай. На яго падворку 31 галава
жывёлы: 16 дойных кароў, быкі, цяляты. Афіцыйна плошча зямлі, на якой утрымлівае
жывёлу вясковец, – 83 соткі. Для такога статку гэта амаль нішто. У сельсавеце
расказалі, што на працягу многіх гадоў В. Валодзін пасвіў кароў на тэрыторыі
вёскі, на закінутых прысядзібных участках. Час ад часу ў сельсавет скардзіліся
дачнікі, што жывёла гэтага гаспадара гуляе па акрузе без нагляду.
Накапілася
шэраг прэтэнзій да фермера без статуса і з боку мясцовага СВК «Пішчалаўскі», бо
яго жывёла нярэдка пасвілася на ўгоддзях сельгаспрадпрыемства, псавала калгасныя
пасевы. І ўсё ж ні старшыня сельсавета Таццяна Ждановіч, ні кіраўнік гаспадаркі
Генадзь Негерыш не прымалі радыкальных мер, каб неяк паставіць заслону такой
арыгінальнай гаспадарчай дзейнасці Валодзіна. Да такой рысы ён падыйшоў
сам.
Вясной канчаткова выйшаў са строю стары грузавы аўтамабіль, адзіны
тэхнічны сродак на яго падворку. І гаспадару не было на чым вывезці малако на
прыёмны пункт. Папрасіўся здаваць яго ў СВК «Пішчалаўскі». Яму адмовілі,
упіраючы на патравы і незаконнае выкарыстанне зямлі ў ваколіцы вёскі. Тады ён
напісаў скаргу ў рэспубліканскую інстанцыю аб тым, што не прымаюць малако.
Прыехала камісія і згладзіла канфлікт: малаказборшчыкі сталі заязджаць у
Дрыбіна.
З-за таго, што паламаўся грузавік, Валодзін не вывез і не рэалізаваў
гной, што накапіўся за зіму. І цяпер паміж домам і хлявамі высяцца горы
ўгнаення, надаючы падворку жахлівы, антысанітарны выгляд.
Не прымае мясцовае
сельгаспрадпрыемства сёлета ў яго і цялят. Валодзін не меў даведкі з сельсавета,
у якой указваецца, што гаспадар прапісаны ў вёсцы. А тую даведку не маглі выдаць
з-за таго, што пашпарт у Валодзіна аказаўся пратэрмінаваны. Ён, запрацаваўшыся
каля кароў, забыўся абнавіць дакумент. Да таго яшчэ і пабудаваная ім ў вёсцы
Дрыбіна хата не аформлена як нерухомая маёмасць.
У сельсавеце рашылі не быць
бюракратамі: аформілі даведку на маці Віктара, у якой пашпарт у парадку. Але
цялят мясцовай гаспадарцы так і не ўдалося прадаць, бо «Пішчалаўскі» не мае на
рахунку грошай, каб расплаціцца з Валодзіным, які прапануе сельгаспрадпрыемству
11 цялят і два – яшчэ на падыходзе. «Кожнае цяля – 300-400 тысяч рублёў. Вось і
лічыце, што яму трэба выплаціць каля пяці мільёнаў рублёў, якіх у гаспадарцы
няма», – патлумачыў галоўны эканаміст гаспадаркі Алег Ціханскі.
Калі глядзець
практычна, то ферма Валодзіна эканамічна нявыгадная ні гаспадару, ні дзяржаве.
Пры такой колькасці галоў Валодзін здаваў дзяржаве ў маі 25 літраў малака
раніцай, 35 – вечарам. Гаспадар не імкнецца ўдасканаліць племянныя якасці кароў,
не разжыўся ён за гэтыя гады і тэхнікай. Сам жыве па-спартанску і на жывёлу
пераносіць гэткі ж метад утрымання. Віктар Валодзін у свой час вывучыўся на
механізатара ў прафтэхвучылішчы, а даглядаць і даіць кароў яго навучыла цётка,
якая працавала даяркай. Але каб весці гаспадарку эфектыўна, трэба ўлічваць шмат
што яшчэ, найперш гаспадарыць на зямлі па законах, каб не замінаць акружаючым
людзям.
Планаваць Валодзін не ўмее. І не знайшлося ні ў адным дзяржаўным
органе таго чыноўніка, спецыяліста, які б падказаў яму, што і як трэба зрабіць,
каб атрымаць у карыстанне зямлю, колькі будзе каштаваць яе арэнда і г. д. Вось і
дайшло па сутнасці да дзікага фермерства.
Чалавек, як бачна з гэтай
гісторыі, апантана працуе дзеля самога працэсу працы. Ён выкарыстоўвае пад пашу
прысядзібныя ўчасткі і падворкі вымерлай вёскі, дзе няма ні калодзежа, ні
калонкі. За пітной вадой ходзіць у вёску Барадзіно. Пад,язных шляхоў таксама
няма. На працягу многіх годоў, па яго словах, ён прапаноўваў старшыні
сельгаспрадпрыемства ў складчыну зрабіць да Дрыбіна дарогу. Сам навазіў груды
друзу і прыдбаў трубы для адводу вады ў палаводдзе. Старшыня ж спасылаўся на
недахоп сродкаў.
Так і жыве Валодзін без вады і дарогі, без прапіскі.
Праўда, для кароў ёсць вадаём каля хлява, а дарога жывёле не
патрэбна.
...Нядаўна стала вядома, што Віктар Валодзін згадзіўся прыйсці ў
сельсавет і напісаць заяву, каб яму выдзелілі пад пашу тры гектары зямлі.
Паабяцаў таксама кіраўніку мясцовай улады, што на працягу месяца аформіць усе
дакументы: абновіць пашпарт, паперы на ўладанне домам і прапіску. Кажа, што
купіў нядаўна даільны апарат… Значыць, трэба верыць, што ён усё ж стаў на шлях
цывілізаванага фермерства? І такія памкненні чалавека, які не гарэлкай цікавіцца
і на зямлі працуе, трэба ўсяляк падтрымліваць.
Вольга Шутава, фота аўтара
|