Абласны этап рэспубліканскага конкурсу самадзейнай мастацкай творчасці
навучэнцаў прафесіянальна-тэх-нічных і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў
«АРТ-вакацыі» раскрыў шмат новых талентаў. Ён сабраў у канцэртнай зале абласнога
аб’яднання па арганізацыі пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі пераможцаў
раённых этапаў.Гала-канцэрт быў прысвечаны 65-й гадавіне вызвалення Беларусі
і складаўся з трох частак: народнай («Родная зямля»), ваеннай («Віват,
Перамога!») і сучаснай («Энергія, творчасць, будучыня»). Ацэньвала выступленні
прафесійнае рэспубліканскае журы.
Пакуль адны калектывы выступалі – другія
рэпетавалі ў фае за дзвярыма. Вясёлыя дзяўчаткі з узорна-фальклорнага калектыву
«Весніца» Віцебскага дзяржаўнага прафліцэя лёгкай прамысловасці №4 адбівалі
мудрагелістыя «па». Ваяўнічыя хлопцы ў чорных банданах і камуфляжы, якія збоку
пазіралі на дзяўчат, аказаліся таксама танцавальным калектывам з Аршанскага
прафліцэя машынабудавання (на здымку). За шэсць гадоў свайго існавання «Шэп» быў удзельнікам
многіх конкурсаў. А хлопцы і дзяўчаты з Новалукомльскага прафліцэя толькі што
выступілі і дзяліліся ўражаннямі аб тым, як рэагавала публіка.
– Цудоўна
прымаюць! – радаваліся ўдзельнікі гэтага народнага калектыву. – Запрашайце яшчэ,
прыедзем з задавальненнем!
Быццам подыумныя мадэлі, прыцягвалі позірк
дзяўчаты ў казачных бальных сукенках з народнага тэатра моды «Стыль» Віцебскага
ПТВ №19.
– Мы самі прыдумалі, самі пашылі, самі і дэманструем сваю творчасць,
– сказалі мадэлькі.
Выступоўцы трэцяга блока канцэрта ў гэты час
«падба-дзёрваліся» на халаднаватым вулічным паветры. Аднак на сцэне – ні ценю
хвалявання. Усе з годнасцю прадставілі свае раёны. Гала-канцэрт запісваўся на
відэа, каб журы магло пасля яшчэ раз праглядзець усе выступленні і ацаніць іх
больш аб’ектыўна. Канчаткова вынікі і імёны тых, хто прадставіць вобласць на
рэспубліканскім этапе «АРТ-вакацый» у Мінску, стануць вядомы сёння.
Кацярына Князева, фота аўтара