У Оршы і ваколіцах адбудоўваюцца адразу некалькі цэркваў і манастыроў. Тут упершыню з’явіўся буквар і стрэліла "кацюша”. На гэтай зямлі нарадзіўся Караткевіч і пакінуў свой след Стэндаль.
"Беларускім Суздалем” нехта неяк назваў Оршу, аднагодку Мінска (гарады з’явіліся на старонках летапісаў у адзін год - 1067-ы). На жаль, многае з мясцовай даўніны ў вірлівым ХХ стагоддзі было страчана. Але здараюцца цуды - і старажытны горад як птушка фенікс паўстае да новага жыцця. Адраджаюцца храмы, манастыры, краязнаўцы вяртаюць з забыцця цікавыя эпізоды тутэйшай гісторыі. Журналісты "НГ” знайшлі сем фактаў, якія здзіўляюць падарожніка па аршанскім Падняпроўі.
"Большое спасибо за конфекты”, або Геній Караткевіча
"Зямлёй пад белымі крыламі” назваў нашу краіну Уладзімір Караткевіч. Калі б не пісьменнік, не было б у нас ні легендарнага "Чорнага замка Гальшанскага”, ні "Дзікага палявання караля Стаха”, ні "Хрыста, які прызямліўся ў Гародні”. Але ж 26 лістапада 1930 года здарыўся цуд нараджэння будучага класіка ў аршанскай радзільні доктара Рыскіна. І дом той ацалеў да нашага часу -- таксама цуд, а ў 2000 год тут адкрыўся музей Караткевіча. Так споўнілася прароцтва. Бо, бегучы неяк у лівень міма гэтага будынка, малады Уладзімір сказаў сваёй каханай дзяўчыне: "Калісьці тут будзе мой музей!”. І цяпер гэтую гісторыю загадчыца музея Галіна Юркевіч расказвае ўсім наведвальнікам.
Сёння ў доме пачатку ХХ стагоддзя можна ўбачыць нават інтэр’ер… мінскай кватэры пісьменніка. Толькі тут можна пабачыць сапраўдныя асабістыя рэчы Караткевіча: рабочы стол, гадзіннік. На крэсле ляжыць партфель, вісіць пінжак з шалікам. Побач стаіць тэлевізар "Гарызонт”, -- які, вядома, нічога не паказвае. Як ніхто не чытае кніг, расстаўленых на паліцах шафаў…
Але гучыць голас класіка з пласцінкі, ажываюць вобразы з яго маленства. Толькі тут прачытаеш лісты, якіх няма ні ў адным са збораў твораў пісьменніка. У 1939 годзе з Оршы Валодзя пісаў сваім цётцы Жэні ды дзядзьку Валодзю: "Имею отлично по естествознанию, географии, дисциплине, русскому и белорусскому чтению и по рисованию. Большое спасибо за конфекты, они очень вкусные, особенно лакмэ и клюквенная -- у нас таких нет. К нам недавно подбросили котенка -- очень забавный, весь черный, губы красные, кончик хвоста беленький. И вообще любит баловаться. Целую вас крепко!”. У канцы ліста Караткевіч намаляваў кацяня ды зрабіў прыпіску: "Мой котенок Кинули”. Мянушку Кінулі даў падкідышу, мабыць, сам Валодзя. Пісьмо чытаецца як мастацкая замалёўка -- у радках 10-гадовага хлапчука ўжо адчуваецца почырк пісьменніка. Пераконваешся: геніямі не становяцца, імі нараджаюцца.
"Агнявы налёт падобны да ўрагану”, або Першыя стрэлы "кацюшы”
У аповесці "Сівая легенда” Караткевіч называў Оршу "крэпасцю страшнай”, абаронцы якой у сярэднявеччы "не толькі выстойвалі, але і наносілі страты ворагу”. У час абароны горада ад нямецкіх захопнікаў, 14 ліпеня 1941 года, упершыню ў гісторыі прыгрымелі залпы "кацюшы”.
Савецкія войскі адступалі пад націскам праціўніка, які быў мацнейшы ў некалькі разоў. Байцам Чырвонай Арміі на зямлі пільна патрэбна была дапамога з неба. Але наша авіяцыя не мела сіл дужацца з варожай. "Запасным козырам” стала выпрабаванне новай зброі - устаноўкі для стральбы рэактыўнымі снарадамі, распрацаванай на варонежскім заводзе імя Камінтэрна.
2 ліпеня з Масквы пад Оршу выступіла першая батарэя рэактыўнай артылерыі пад камандаваннем Івана Флёрава. 14 ліпеня тады яшчэ "эксперыментальная” батарэя з сямі машын заняла агнявыя пазіцыі на ўзлеску за тры кіламетры ад станцыі Орша. У 15 гадзін 15 хвілін першы залп з сямі ўстановак, якія пазней назавуць "кацюшамі”, ударыў па ворагу. Другі раз праціўнік атрымаў "пад дых” пры спробе пераправіцца праз раку Аршыцу.
З-пад Оршы ў Берлін нямецкія генералы з жахам дакладвалі: "Рускія выкарысталі батарэю з небывалай колькасцю гармат. Войскі, абстраляныя рускімі, сведчаць: агнявы налёт падобны да ўрагану. Снарады разрываюцца адначасова. Людскія страты значныя”. За прарэзлівае выццё ракет, якія ляцелі з "кацюш”, немцы называлі іх "сталінскімі арганамі”.
Стрэлы "кацюшы” пад Оршай дазволілі адцягнуць час акупацыі Падняпроўя і эвакуіраваць на усход тысячы людзей і многія прадпрыемствы.
"Абсерваторыя старэйшая за англійскую”, або Стоўнхендж пад Дубкамі
У аддзеле ідэалогіі Аршанскага райвыканкама расказалі, што ў 1926 годзе ва ўрочышчы Дубкі, што на супрацьлеглым ад Оршы беразе Дняпра, у Крапівенскім сельсавеце, даследчыкі знайшлі пячоры даўжынёй ад шасці да дзесяці метраў. Адны вучоныя тлумачылі назначэнне адтулін "празаічна”: тут калісьці былі шахты для здабывання крэменю. Іншыя выказвалі "паэтычную” версію: у гэтых сховах жылі манахі-пустэльнікі.
Да таямнічай мясціны карэспандэнтаў "НГ” згадзіўся праводзіць чытач нашай газеты ад самага яе заснавання, дырэктар базавай школы ў вёсцы Ларынаўка Васіль Зінковіч. Разам з ім мы прайшлі праз мясцовыя джунглі і савану - лясныя зараснікі і яры, шырокія палі, пакрытыя ссохлай травой. Пераскокваючы праз кратовыя горкі, урэшце выйшлі да Дняпра. Аднак пячор не знайшлі. Васіль Пятровіч мяркуе, што іх затапіла рака. Расчараваныя, мы пайшлі ўгору, дзе чакаў яшчэ адзін цуд.
- На гэтых камянях, кажуць старыя людзі, была калісьці абсерваторыя, старэйшая за англійскую, -- стоячы на абымшэлых валунах, што ўраслі ў схіл пагорка, раскрываў мясцовую таямніцу спадар дырэктар. Са слоў Васіля Зінковіча, да валуноў ужо не раз прыязджалі археолагі і нават уфолагі. Вучоныя дапускаюць, што калісьці тут была пабудова накшталт Стоўнхенджа - велізарных камянёў, пастаўленых магічным колам на поўдні Англіі. Стоўнхендж лічыцца язычніцкім культавым цэнтрам, а яго камяні незвычайнай формы нібыта дапамагалі назіраць за зоркамі.
"Вядуць глыбока ўніз вузкія сходы”, або У пошуках падземнага храма
Таямніцы дубкоўскіх пячор мы, відаць, ужо не раскрыем. Між тым у межах сённяшняй Оршы, на беразе перасохлай ракі Куцеінкі, існаваў адзіны ў краіне пячорны храм Уваскрэсення праведнага Лазара. Пра яго грамадскасць пачула ў 1926 годзе ад мясцовага краязнаўца Цехановіча. Пячорная царква і падземны ход яшчэ ў 10-я гады ХХ стагоддзя нібыта "былі выкрыты” манахамі Куцеінскага манастыра. У царкву "вядуць глыбока ўніз вузкія сходы”, -- паведамляў Цехановіч.
У канцы ХХ стагоддзя праверыць праўдзівасць слоў краязнаўца прыязджалі археолагі Ігар Чарняўскі і Вольга Ляўко. Яны раскапалі падмуркі храма, які стаяў над падземнай царквой, - Богаяўленскага сабора. Сабор быў драўляны і згарэў ад маланкі яшчэ ў 1885 годзе. Над яго рэшткамі цяпер узвышаецца крыж. А што да храма Лазара, то ўваход у яго так і не быў знойдзены.
Загадкавы храм "схаваны” ў двары старажытнага манастыра, які праваслаўныя аршанцы заснавалі яшчэ ў 1623 годзе з ласкі самога канстанцінопальскага патрыярха. Ацалела толькі адна манастырская царква -- Свята-Траецкая. Праваслаўны храм пабудаваны ў стылі барока, фасад аздоблены дэкаратыўным шчыпцом. Падобныя да гэтага будынка цэрквы калісьці былі толькі ў Магілёве. Гэта прыклад магілёўскай школы дойлідства, помнікі якой амаль не дайшлі да нашага часу.
"Всяких рукодельных хитростей изрядных ремесленные изыскатели”, або Хто будаваў Маскву і выдаў першы буквар
Больш за ўсё Куцейна праславілася дзякуючы сваім майстрам. У 1654 годзе Оршу захапілі войскі рускага царства. Тагачасны Патрыярх Маскоўскі і усяе Русі Нікан, даведаўшыся пра куцеінскіх манахаў, прапанаваў ігумену манастыра Яілю Труцэвічу пераехаць далей ад месца ваенных дзеянняў - на Валдай. Ігумен Яіль памёр у дарозе, а ў 1655 годзе яго намеснік Дыянісій з паслушнікамі нарэшце дабраліся да новага месца жыхарства. У славуты Іверскі манастыр з’явіліся беларускія манахі, якія былі яшчэ і выдатнымі майстрамі.
Пра вырабы куцеінскіх "всяких рукодельных хитростей изрядных ремесленных изыскателей” дайшла вестка да Масквы. У белакаменную сталіцу былі ўзяты майстры кафлянай справы. Яны прынеслі новую тэхналогію аздаблення печаў, якія абагравалі мяшчанскія і царкоўныя дамы. Манахі ўвялі ў рускую культуру новую традыцыю песнапенняў, а таксама тэхніку разьбы па дрэве. Выразаць іканастасы куцеінцаў запрашалі не толькі ў Маскву, але і ў Ноўгарад.
У Куйцейне ў 1631 годзе друкарня, якой тады кіраваў Спірыдон Собаль, выдала першы на тэрыторыі Беларусі лемантар. Само слова "буквар” увёў ва ўжытак менавіта Собаль. Асабліва каштоўным набыткам для Расіі стала куцеінская друкарня: яна пераехала спачатку на Валдай, пасля ў Маскву, дзе ў канцы XVII стагоддзя ёй стаў кіраваць беларус Сімяон Полацкі. Ірына Воранава, дырэктар музейнага комплексу "Гісторыя і культура Аршаншчыны”, ужо не першы год даследуе куцеінскія старадрукі. З дваццаці вядомых кніг, выпушчаных манахамі пад Оршай, на Беларусі яна налічыла ўсяго 14 экземпляраў. А сам "Буквар” дайшоў у адзінкавым асобніку -- зберагаецца рарытэт… у Львове.
"Галоўная краса горада -- манастыры”, або Па слядах Стэндаля і Напалеона
Васілій Севяргін, акадэмік Расійскай імператарскай акадэміі навук, вядомы распрацоўшчык рускай навуковай тэрміналогіі, праязджаючы праз Оршу ў пачатку XIX стагоддзя, спярша не надта ўразіўся горадам, дзе яму спаткаліся адны "дрэнныя драўляныя будынкі”, але затым заўважыў: "Галоўная краса горада -- манастыры”. Да сёння ацалелі будынкі каталіцкіх кляштараў францысканцаў (цяпер жылы дом), трынітарыяў (там размешчаны загс і архіў), базыльянаў (ля моста праз Днепр ад вуліцы Міру), бернардзінцаў (бальніца каля гарвыканкама). Пры Ільінскай царкве на левым беразе Дняпра ў наш час створаны жаночы манастыр. Вернуты вернікам і касцёл Святога Юзафа.
- У 60-я гады мінулага стагоддзя амаль пры кожным былым манастыры яшчэ стаялі храмы, - расказвае Мікалай Саксонаў, намеснік старшыні Аршанскага гарвыканкама. - Аднак цэрквы не сталі аднаўляць: адны лічыліся ў аварыйным стане пасля Вялікай Айчыннай вайны, другія заміналі руху па вуліцах, якія збіраліся расшыраць. Знайшліся фармальныя прычыны - і помнікі дойлідства пачалі руйнаваць. Я сам быў тады малым, але памятаю, як зносілі царкву каля колішняга базыльянскага кляштара. Так званая баба не магла разбіць моцныя муры, і справу даручылі падрыўнікам. Але храм не рассыпаўся, а разваліўся на кавалкі - "вялікія глыбы”. У будучыні мы адновім усе нашы святыні.
Першы храм у Оршы, дарэчы, зруйнавалі не атэісты. У сярэдзіне XIX стагоддзя не стала касцёла Архангела Міхаіла. Суседні калегіум езуітаў у самым цэнтры горада быў ператвораны ў астрог. Турма тут існавала амаль да нашых дзён.
- На пачатку 90-х гадоў рэстаўратары падрыхтавалі праект аднаўлення будынка канца XVII стагоддзя, але не знайшлося сродкаў на працяг работы, -- згадвае Ірына Воранава. - І толькі да леташніх "Дажынак” езуіцкія муры адрэстаўрыравалі, аднавілі і вежу калегіума, якая стала новым сімвалам Оршы.
Цяпер пад скляпеннямі, дзе калісьці жылі манахі і вучыліся студыёзусы, размешчана карцінная галерэя. У адной з залаў вісяць партрэты каралёў Рэчы Паспалітай і Льва Сапегі, канцлера Вялікага княства Літоўскага, якія фінансавалі калегіум.
Спадарыня Воранава расказала, што ў 1812 годзе тут спыняўся Напалеон. Імператар "праславіўся”… бязлітасным рабункам аршанцаў. Інтэндант яго арміі Анры Бёль, які пазней стаў вядомы як пісьменнік Стэндаль, вельмі ганарыўся, што ў беларускім горадзе не патраціў ніводнага сантыма на забеспячэнне французскага войска. "Вялікая армія” Банапарта кармілася за кошт мясцовага насельніцтва.
Неўміручы рыцар Сангушка, або Белы замак смалянскі
Рамантыкі часам называюць Беларусь краінай замкаў. Аднак усе нашы мураваныя сярэдневяковыя крэпасці захаваліся на захадзе краіны. Адзіная, бадай, цытадэль на Віцебшчыне - у Смалянах, вёсцы, якая сёлета адзначае сваё 525-годдзе. Праўда, ад замка застаўся толькі кавалак мура…
- А пабудаваў цвярдыню на беразе дзярноўкі князь Сямён Сангушка-Ковельскі на пачатку XVII стагоддзя, - расказвае знаўца даўніны Віцебшчыны Людміла Хмяльніцкая. - Мураваны замак атрымаў назву Белы Ковель - у гонар старадаўняга родавага маёнтка князя, што знаходзіўся на Украіне. Вялікія аконныя праёмы палацавых сцен і вежаў сведчаць пра тое, што замак узводзіўся не столькі дзеля абароны, колькі дзеля прыгожага жыцця. Палац акружала серабрыстая стужка ракі і мяккая зеляніна заліўнога луга.
Сямён Сангушка з маладосці вылучаўся адвагай у рыцарскай справе і цікавасцю да кар’еры дзяржаўнага мужа. Князь Сямён у 40 гадоў стаў сенатарам, атрымаўшы пасаду віцебскага ваяводы. Князь не аднойчы мог загінуць, аднак пазбегнуў гэтага не толькі на полі бою, але і ў звычайным жыцці. Неяк на пасяджэнні земскага суда, які разглядаў спрэчку паміж Сангушкам і Кшыштафам Завішам, апошні так раззлаваўся на князя, што выхапіў пісталет і стрэліў у праціўніка. Князя паспеў закрыць сабою яго служка, які атрымаў смяротную рану. Кажуць, што на схіле жыцця Сангушка загадаў размаляваць пакоі свайго замка карцінамі на тэмы смерці і забыцця…
Белы замак разбурылі яшчэ ў час Паўночнай вайны. Гаспадары спрабавалі не раз аднавіць палац, але ў XIX стагоддзі ўрэшце прадалі яго на разбор цэглы. З таго часу смалянская крэпасць славіцца на ўсю Усходнюю Беларусь як самая рамантычная руіна.
7 фактаў, якія ўражваюць і здзіўляюць
Імя ў летапісе Старажытная назва Оршы -- Ръша, або Рша, Раша (параўнайце: арыгінальная назва краіны България перадаецца па-нашаму Балгарыя). У 20--30-я гады горад па-беларуску "прапісвалі” Ворша (па тыпу слоў возера, вока).
Сіла зброі На рацэ Крапіўна пад Оршай 8 верасня 1514 года адбылася бітва паміж аб’яднаным войскам Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства ды збройнымі сіламі Вялікага княства Маскоўскага. Літоўска-польскія атрады складалі 30 тысяч чалавек, праціўнік выставіў 80 тысяч. Перамога меншай арміі Літвы і Польшчы выглядала настолькі непрадказальнай, што навіна пра "цуд пад Оршай” разляцелася па ўсёй Еўропе і ўвайшла ў сусветную гісторыю вайсковай справы.
Рарытэтны рукапіс У 1812 годзе пасля адступлення Напалеона з Оршы сярод маёмасці, выкінутай французскімі салдатамі з манастыроў, знайшлося старажытнае Евангелле. Яго назвалі Аршанскім. Рукапіс быў створаны ў другой палове XIII стагоддзя, калі кнігі яшчэ не друкаваліся і лічыліся вельмі дарагімі. Знаходка сапраўды рэдкая, бо кніг таго часу з тэрыторыі Беларусі амаль невядома. У канцы XIX стагоддзя манускрыпт трапіў у Кіеў, дзе захоўваецца і сёння ў зборах Акадэміі навук.
Крыніца энергіі На абшарах Асінаўскіх балот, каля сучаснага гарадскога пасёлка Арэхаўск, 8 лістапада 1930 годзе запрацавала першая ў Савецкай Беларусі электрастанцыя - Беларуская дзяржаўная раённая электрычная станцыя (БелДРЭС).
Нацыянальны каларыт У 1937 годзе пабудаваны Аршанскі льнокамбінат - першынец айчыннай тэкстыльнай прамысловасці, адзін з лідэраў сусветнай льняной індустрыі. Тут ствараюцца самыя "беларускія” тканіны, якія карыстаюцца вялікім попытам у турыстаў.
Другі дом песняра У вёсцы Ляўкі, недалёка ад Копысі, з 1936 года кожнае лета і восень праводзіў на ўласнай дачы Янка Купала. Тут, у далечыні ад тагачаснага Менска, дзе жыццё творчых людзей было неспакойнае, пясняр стварыў найлепшыя свае творы 30-х гадоў, сярод іх -- "Лён”, "Алеся”, "Хлопчык і лётчык”. А ў дачным гаражы дагэтуль стаіць купалаўскае аўто -- "Шэўрале”, падораны пісьменніку ўрадам Беларусі.
Першы Прэзідэнт 30 жніўня 1954 года ў радзільным доме гарадскога пасёлка Копысь з’явіўся на свет Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, абраны ў 1994 годзе першым Прэзідэнтам нашай краіны.
Выбіраем разам Ваш голас вельмі важны! Шаноўныя чытачы! Запрашаем вас прыняць удзел у выбары цудаў Беларусі. Для гэтага проста запоўніце анкету. Пастаўце "адзнакі” па сямібальнай шкале кожнаму з прапанаваных у гэтым выпуску цудаў Аршанскага краю.
Анкеты дасылайце ў рэдакцыю "Народнай газеты" з надпісам: "7 цудаў Беларусі”. Пакінуць свой голас і выказаць свае меркаванні аб праекце вы можаце і на сайце рэдакцыі ў Інтэрнэце: www.ng.by
Удзельнікаў галасавання чакаюць прызы!
7 цудаў Аршанскага краю
1. Геній Караткевіча 2. Першыя стрэлы "кацюшы” 3. Стоўнхендж пад Дубкамі 4. Куцеінскі манастыр 5. Першы беларускі буквар 6. Адноўлены езуіцкі калегіум 7. Белы замак смалянскі
У спіс цудаў Аршанскага краю прапаную ўключыць (чаму?)_________________________________________________
________________________________________________________
________________________________________________________
Маё імя і прозвішча_______________________________________
Адрас ___________________________________________________
Тэлефон_____________
Чытач "Народнай газеты” з _______ года.
Віктар КОРБУТ
|