На чарговай сесіі Аршанскага гарадскога Савета дэпутатаў слухалі справаздачу прэзідыума і старшыні аб іх дзейнасці ды становішчы спраў на падведамаснай тэрыторыі. Прагучалі і некалькі дэпутацкіх запытаў, і вострых выступленняў народных абраннікаў наконт існуючых у сацыяльнай сферы горада праблем.
Па-першае, у Оршы адчувальны недахоп лазняў. На сесіі агучылі зварот жыхароў мікрараёна Заходняя з мноствам подпісаў, якія з прыватнага сектара вымушаны ехаць у цэнтр горада, каб памыцца. Кошт праезду часам перавышае кошт самога білета ў лазню. Жыхары прасілі пабудаваць хоць адну лазню на тры мікрараёны: Заходняя, Лясная і станцыя «Усходняя».
Дадаткам да гэтага запыту былі і выступленні дэпутатаў аб неабходнасці лазні ў мікрараёне «Задняпроўе» і што ў горадзе адсутнічае санітарны прапускнік для асоб без вызначанага месца жыхарства.
Дэпутаты тут жа прааналізавалі, ці адпавядае сацыяльным стандартам колькасць памыечных месц. Аказалася, што на паперы яна ёсць, а на самай справе палова тых лазняў і памыечных месцаў закрыта на рамонт.
Тэму грамадскіх прыбіральняў на працягу многіх год дэпутаты таксама ўзнімалі на сесіях. Спадзяваліся, што ў час падрыхтоўкі да фестывалю «Дажынкі-2008» пабудуюць у горадзе новыя туалеты.
Сапраўды, да фестывалю знеслі дзве не адпавядаючыя санітарным нормам будыніны ў цэнтры горада, адну закрылі каля Палаца культуры льнокамбіната. Новыя будынкі сучаснага дызайну будаваць узяліся актыўна, ды так да гэтай пары і не закончылі ўнутраныя работы. Не здалі ў эксплуатацыю прыбіральню ў цэнтры горада, закрыта толькі што адбудаваная і ў дзіцячым парку на беразе Дняпра. Галоўны ўрач гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі дэпутат Сяргей Мазанік падкрэсліў, што гэты сацыяльны стандарт у Оршы таксама не вытрымліваецца. І дадаў: калі не адрамантуюць у бліжэйшы час туалет каля гарвыканкама, то яго санстанцыя вымушана будзе закрыць як неадпавядаючы санітарным нормам.
Праблема будаўніцтва новага палігона цвёрдых бытавых адходаў для Оршы таксама застарэлая. Цяперашні палігон свой нарматыўны тэрмін эксплуатацыі перавысіў у 2,5 раза і даўно ўжо не адпавядае прыродаахоўным і санітарным нормам. З-за перагружанасці і парушэнняў правіл эксплуатацыі там не праводзіцца сучасная паслойная ізаляцыя адходаў грунтам, і кожны год летам смецце ўзгараецца.
Як высветлілі дэпутаты, сёлета праект планавага будаўніцтва палігона не прайшоў экалагічную экспертызу і па гэтай прычыне за кошт сродкаў рэспубліканскага фонду аховы прыроды фінансавацца не будзе.
У рашэнне сесіі дэпутаты запісалі: тэрмінова даслаць праект новага палігона на экспертызу і дабівацца яго ўключэння ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму 2010 года.
А яшчэ адна, здавалася б, дробязная тэма агучвалася на сесіі. Да дэпутата Святланы Рыжыкавай мясцовыя жыхары звярнуліся з просьбай засыпаць вадаём, што знаходзіцца паміж чатырма высотнымі дамамі. Ён выкапаны даўно і эксплуатаваўся вайсковай часцю. Цяпер нічыйны. Запоўнены вадой і смеццем катлаван тоіць пагрозу для дзяцей і дарослых, бо можа стаць прычынай гібелі, траўматызму ці захворвання.
Жыхары намагаліся сваімі сіламі неяк справіцца, але для засыпкі патрэбна тэхніка і кіраўніцтва тымі работамі. Таму не раз звярталіся да ўлад за дапамогай і на сесію даслалі свой запыт.
Вольга Шутава
|