Яшчэ летась, у вераснi, з Оршы паведамлялi, што жыць бескватэрным у гэтым невялiкiм правiнцыйным гарадку значна танней, чым у сталiцы. Зняць аднапакаёвую кватэру тады можна было прыкладна за 100 долараў, а ў той жа час у Мiнску арэнда невялiкiх кватэр дасягала часам 300—350 долараў. Слабы сезонны попыт i iстотная дэвальвацыя абвалiлi доларавы цэннiк сталiчнай арэнды, сёння сярэднiя аднапакаёўкi ў не самых прывабных мiкрараёнах Мiнска можна адшукаць па 180—200 долараў за месяц. А ў Оршы арэнда аднапакаёвага жылля i зараз прапануецца клiентам за тыя ж 100 долараў. Няўжо сталiчная тэндэнцыя па патанненнi арэнды да асобных рэгiёнаў яшчэ не "даляцела"?
Попыт у Брэсце знiзiўся ў тры разы
Заходнi рэгiён краiны па сегменце выкарыстання жыллёвай нерухомасцi быў бадай самым актыўным i дарагiм, пасля сталiчнага рынку арэнды. Блiзкасць гэтага фарпоста да межаў з Польшчай прыцягвала ў горад дробных бiзнэсменаў, якiя здымалi мясцовыя кватэры, часам у якасцi перавалачных пунктаў. Новы кошт еўрапейскай валюты разам з сусветным фiнансавым крызiсам значна паменшыў аб’ёмы падобнага бiзнэсу, пасля чаго попыт на брэсцкiя кватэры пачаў знiжацца.
Яшчэ ў лiстападзе—снежнi мiнулага года арэнда лiквiдных аднапакаёвак у гэтым горадзе прапанавалася па 160—170 долараў. Сёння сярэднi кошт прапановы такога жылля знiзiўся да 140—150 долараў, але... Патэнцыйныя кватаранты па такiм цэннiку здымаюць невялiкiя кватэры вельмi неахвотна. Паводле iнфармацыi намеснiка кiраўнiка найбуйнейшага агенцтва нерухомасцi Брэста Івана Невада, большасць iх клiентаў заказваюць у агенцтве аднапакаёўкi па кошце ад 100 да 130 долараў. Гаспадары двухпакаёвых кватэр выстаўляюць сваё жыллё ў сярэднiм за 200—220 долараў, аднак рэальны попыт на такое жыллё — у межах 150—160 долараў. Сярэднi кошт трохпакаёвых кватэр ужо знiзiўся да 250 долараў, але ўжо зараз магчыма адшукаць невялiкую трохпакаёўку i за 200 USD. Спадар Невад упэўнены, што да пачатку лета сярэднi кошт арэнды ўсiх тыпаў кватэр у Брэсце знiзiцца прыкладна на 20—30 працэнтаў.
Невысокая арэнда Гомеля патаннее яшчэ
Кошт арэнды стандартных маленькiх кватэр у гэтым горадзе амаль нiколi iстотна не "зашкальваў" за сярэднестатыстычныя 100 долараў. Выключэнне складае толькi сезоннае павелiчэнне актыўнасцi попыту ў жнiўнi—вераснi, калi ў Гомель наведваецца новая хваля студэнтаў. Тады кошт аднапакаёвак можа дасягаць нават 130 долараў.
Паводле iнфармацыi галоўнага спецыялiста аднаго з гомельскiх агенцтваў нерухомасцi Дзмiтрыя Бiкуля, сёння на мясцовым рынку арэнды ўсё часцей з’яўляюцца аднапакаёўкi па кошце 80—90 долараў, а ў старых пяцiпавярховых дамах невялiкiя "хрушчоўкi" можна адшукаць i за 70 долараў.
Рыэлтары агенцтва адзначаюць, што за апошнi месяц двухпакаёвыя кватэры патаннелi прыкладна на 10 працэнтаў, сярэднi кошт iх сёння складае 120—140 долараў. Даволi слабым попытам сёння карыстаюцца i трохпакаёвыя кватэры, цэннiк на якiя вагаецца ў межах 150—160 долараў плюс квартплата. Блiжэй да цэнтра ў сучасных дамах прасторныя двухпакаёвыя i трохпакаёвыя кватэры каштуюць на 100—150 долараў даражэй, але попыт i на такое жыллё невялiкi.
Эксперты мясцовага жыллёвага рынку адзначаюць, што слабенькiя па якасцi аднапакаёвыя кватэры ў старых пяцiпавярховых дамах на крайнiх паверхах могуць да лета патаннець яшчэ на 10—20 долараў.
У Гродне плануецца плаўнае знiжэнне кошту арэнды
Эксперты дзяржаўнай рыэлтарскай канторы гэтага абласнога цэнтра адзначаюць, што з пачатку года ў Гродне цэннiкi жыллёвай арэнды ўжо знiзiлiся прыкладна на 10—15 працэнтаў. Сёння аднапакаёвыя кватэры здымаюцца за 100—110 долараў, двухпакаёвыя — за 140—150, трохпакаёвыя — за 150—160 долараў плюс квартплата.
Спецыялiсты агенцтваў нерухомасцi фiксуюць часовую стабiлiзацыю цэнаў на рынку жыллёвай арэнды. Разам з тым, рыэлтары прагназуюць, што да лета арэнда не зусiм якаснага жылля будзе плаўна таннець у тэмпе каля 2—3 працэнтаў у месяц.
Арэнда элiтнага жылля ў Маскве патаннела адразу на 25 працэнтаў
Менавiта на чвэрць за два апошнiя месяцы ў сярэднiм патаннелi элiтныя кватэры ў сталiцы Расii. Зараз такое жыллё здаецца ў арэнду па кошце ад 1,5 да 30 тысяч долараў у месяц. Да крызiсу арэндныя стаўкi складалi ад 2,5 да 60 тысяч долараў. Асноўны аб’ём прапановы элiтных кватэр у Маскве складае жыллё па кошце 5—6 тысяч долараў у месяц. Не вельмi iстотна за апошнi час патаннелi ў Маскве невялiкiя стандартныя кватэры. На ўскрайку сталiцы зараз можна адшукаць аднапакаёўкi i па 400—500 долараў, а часам i за 300—350, але вельмi невысокай якасцi.
Сяргей КУРКАЧ
|