У Нацыянальным выставачным комплексе «Бел-Экспа» з 11 па 16 лютага праходзіла 16-я міжнародная выстава-кірмаш «Кнігі Беларусі-2009». У ёй прымалі ўдзел 25 краін свету. Сярод твораў беларускіх аўтараў у экспазіцыйнай зале вучэбнай літаратуры выстаўляліся дзесяць кніжак Галіны і Сяргея Трафімавых, якія жывуць і працуюць у Оршы. Выйшлі яны ў выдавецтвах «Народная асвета», «Аверсев», «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Чатыры кніжкі мужа і жонкі Трафімавых аб’яднаны серыяй «Апавяданні Дзеда Прыродаведа»: «Бярозавы алфавіт», «Малышам пра цуда-ліпучкі», «Пра мяхі з сюрпрызамі» і «Елачкіны сакрэты».
У малодшых класах з задавальненнем іх чытаюць пры вывучэнні курса «Чалавек і свет». Паклапаціліся педагогі Галіна і Сяргей Трафімавы і пра здароўе сваіх маленькіх чытачоў, напісаўшы для іх кніжку «Мир без опасности: двор, улица».
Прадукцыя Трафімавых на прылаўках магазінаў не залежваецца. Невялікія па аб’ёме, па-мастацку аформленыя, выкладзеныя простай мовай з дапамогай яркіх вобразаў, кніжкі гэтых аўтараў прыцягваюць увагу і юных чытачоў, і настаўнікаў, і бацькоў. У Год роднай зямлі іх расповеды пра цуда-расліны, што растуць на нашых лугах і ў лясах, пра дзівосы ў жывёльным і птушыным царстве асабліва актуальныя. Яны вучаць дзяцей беражлівым адносінам да багацця краю.
Муж і жонка Трафімавы – педагогі і пісьменнікі са стажам. З таго часу, як выйшла іх першая кніжка, мінула больш за дзесяць гадоў. Сяргей Анатольевіч да гэтай пары спалучае педагагічную і пісьменніцкую працу.
У Оршы кніжкі Трафімавых добра ведаюць і выкарыстоўваюць у кожнай школе. Да таго ж Трафімавы не стамляюцца сустракацца з дзецьмі і настаўнікамі ў школах і бібліятэках свайго горада, адказваць на пытанні, знаёміць чытачоў са сваімі навінкамі.
Галіна і Сяргей напісалі шэраг кніг і для расійскіх школ па курсе «Окружающий мир». У 2006 годзе іх вучэбныя дапаможнікі назвалі лепшымі ў Расіі па вызначанай тэматыцы.
Вольга Шутава
|