Кожны адукаваны беларус ведае аб існаванні ў Оршы музея У.С. Караткевіча – вядомага не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі, паэта, празаіка, драматурга, літаратурнага крытыка, эсэіста, публіцыста, перакладчыка, сцэнарыста і Патрыёта сваёй Радзімы. Важнейшай датай для музея і для ўсіх прыхільнікаў творчасці пісьменніка, з’яўляецца дзень яго нараджэння – 26 лістапада. У гэтым годзе Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 78.
Традыцыйна ў дні ўшанавання памяці пісьменніка музей праводзіць імпрэзы, літаратурныя чытанні ў Прыдняпроўскім парку каля помніка У.С. Караткевічу, збірае творчую моладзь з розных куткоў Беларусі. Не стаў выключэннем і гэты год. Сярод наладжаных музеем мерапрыемстваў асабліва зацікавіла прэзентацыя новай кнігі, прысвечанай паэзіі У.С. Караткевіча, “Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…” Івана Фёдаравіча Штэйнера.
25 лістапада ўтульная зала музея сабрала выкладчыкаў, бібліятэкараў, беларусазнаўцаў, навучэнцаў школ горада і Аршанскага каледжа “УА ВДУ імя П.М. Машэрава”, каб з дапамогай доктара філалогіі, прафесара Гомельскага Дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны, член-карэспандэнта Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі І.Ф. Штэйнера па-іншаму зірнуць на творчасць Уладзіміра Караткевіча, перачытаць яго паэтычныя радкі.
Іван Фдаравіч нарадзіўся ў Столінскім раёне, што ў Брэсцкай вобласці. З гонарам ён распавядае пра сваю родную старонку, жывапісныя мясціны і старажытныя цэрквы якой, “столінскі гаварок”, што адрозніваецца ад звыклай нам беларускай мовы, не абыйшоў увагай і У.С. Караткевіч. У час вучобы ў Беларускім Дзяржаўным універсітэце І.Ф. Штэйнер асабіста пазнаёміўся з пісьменнікам. Гэтыя сустрэчы, глыбокае знаёмства з творчасцю У.С. Караткевіча далі магчымасць усвядоміць, што нам – беларусам – ёсць чым ганарыцца, што беларуская літаратура на самой справе шмат дала і шмат унесла ў еўрапейскую і славянскую культуру і літаратуру. Пасля заканчэння БДУ Іван Фёдаравіч паехаў працаваць у ГДУ імя Ф. Скарыны, дзе прайшоў шлях ад аспіранта да загадчыка кафедрай беларускай літаратуры, якой кіруе ўжо 25 гадоў. У той час, калі пачаў працаваць над дысертацыяй “Балада ў славянскіх літаратурах”, параўноўваючы нашу беларускую баладу з творамі польскіх, славацкіх, харвацкіх, македонскіх і іншых славянскіх паэтаў, убачыў велізарны патэнцыял паэзіі У.С. Караткевіча. Па ўзроўню задумы, яе ўвасабленню, па паэтыцы яна не саступае лепшым сусветным узорам. Гэта абудзіла гонар за Беларусь і жаданне зноў перачытаць усю паэтычную спадчыну У.С. Караткевіча з улікам ведаў пра іншыя славянскія і еўрапейскія традыцыі. Так пачалася праца над манаграфічным даследаваннем лірыкі класіка беларускай літаратуры ў кантэксце славянскіх і еўрапейскіх традыцый.
Як адзначае І.Ф. Штэйнер, паэзія Караткевіча ў цэлым яшчэ зусім не прачытаная, а таму выразна недаацэненая. Многія літаратурныя крытыкі лічаць своеасаблівую, арыгінальную, адметную лірыку У.С. Караткевіча толькі прадмовай, уступам да асноўнай, вартаснай творчай дзейнасці – эпічнай прозы, дзе ён разгарнуўся магутна, велічна, амаль геніяльна. Аднак Караткевіч не толькі пачынаў з вершаў (яго першая друкаваная кніга - зборнік паэзіі “Матчына душа”) - усё жыццё ён быў верны паэтычнаму слову. З-пад яго пяра выйшлі кнігі вершаў “Вячэрнія ветразі”, “Мая Іліяда”, пасмяротны зборнік “Быў. Ёсць. Буду.” І ў эпіцы ў выключнай ступені Караткевіч застаўся паэтам. Сваім даследаваннем Іван Фёдаравіч імкнуўся сцвердзіць велізарную самастойную значнасць і вартасць паэзіі Уладзіміра Караткевіча, якую ён называе найярчэйшай ўспышкай нацыянальнага прыгожага пісьменства.
У час прэзентацыі І.Ф. Штэйнер распавёў пра сваю кнігу, адказаў на шматлікія пытанні супрацоўнікаў музея і іншых прыхільнікаў творчасці Караткевіча. Дарэчы, Іван Фёдаравіч з’яўляецца аўтарам каля 30 самых разнастайных кніг. Сярод іх навуковыя даследаванні, метадычныя дапаможнікі. У наступнай кнізе ён плануе працягнуць даследаванне творчасці Караткевіча, звярнуўшыся на гэты раз да прозы. Сюрпрызам для ўсіх стала магчымасць убачыць на прэзентацыі інтэрвью з самім… Уладзімірам Караткевічам! Пастаноўка, якую падрыхтавалі вучні 8 “Б” класа ДАСШ №3 Жукава Ганна і Уманец Дзмітрый пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Інны Пятроўны Байковай, прыемна ўразіла прысутных. У час прэзентацыі ў падцвярджэнне слоў Івана Фёдаравіча, які адзначыў арганічную сувязь лірыкі Уладзіміра Караткевіча з класічнымі жывапісам, музыкай, гучалі класічныя музычныя творы ў выкананні інструментальнага ансамбля ДАСШ № 16 і вучняў школы.
Моладзі І.Ф. Штэйнер пажадаў творчых поспехаў і падкрэсліў: “Трэба не толькі вывучаць літаратуру, але і жыць па тых законах, якія прапагандаваў Уладзімір Караткевіч. Трэба быць рамантыкам у адносінах да ўсіх – ад маці і Радзімы да каханай”.
Па словах загадчыка музея У.С. Караткевіча Галіны Андрэеўны Юркевіч, кніга “Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…” І.Ф. Штэйнера займе пачэснае месца сярод навуковай літаратуры ў бібліятэцы музея і будзе цікава ўсім – навучэнцам, студэнтам, выкладчыкам, даследчыкам і ўсім прыхільнікам творчасці Уладзіміра Караткевіча.
Вераніка Ісаенка, фота аўтара
|