На адной з нарад Аршанскага гарвыканкам абмяркоўвалась пытанне аб тым, што ў горадзе трэба паставіць помнік чалавеку, які ўвасабляе сабой важную для горада прафесію.
Былі прапановы зрабіць такім увасабленнем чыгуначніка, ткача, ільнавода. Да агульнага меркавання гарадскія ўлады не прыйшлі. А рэспубліканская газета "Звязда” днямі надрукавала артыкул, у якім прапанавана такім знакавым для горада вобразам зрабіць… краязнаўцу.
"За апошнiя дзесяцiгоддзi краязнаўцы Оршы напiсалi дзясяткi кнiг i рыхтуюць да выдання новыя, - абгрунтоўвае сваю пазіцыю аўтар артыкула. - Можна назваць каля сотнi прозвiшчаў. Усiх не ўзгадаеш. Вось, напрыклад, у школах горада цэняць кнiгу "Мой родны край — Аршаншчына” — краязнаўчы зборнiк, якi склала Т. Варонiна. Гараджане ведаюць кнiгу "Аршанская даўнiна” А. Шынкевiча, "Храналогiю гiсторыi Оршы” А. Кудзiна, фiльмы Э. Навагонскага, артыкулы В. Лютынскага, Ю. Копцiка, В. Сцяпанава. Хутка пабачыць свет чарговая кнiга па гiсторыi горада В. Жукоўскага. Дарэчы, дзякуючы iм у шэрагу школ Оршы нават сталi выкладаць такi прадмет, як оршазнаўства.
Аршанскiя краязнаўцы не толькi нясуць веды ў народ. Яны выступаюць арганiзатарамi шэрагу мерапрыемстваў па захаваннi гiстарычнай спадчыны. Па iх iнiцыятыве i пры непасрэдным удзеле ачышчалi ад смецця двор i памяшканнi Куцеiнскага манастыра, каб вярнуць будынкi да жыцця. Iмi было наладжана некалькi навукова-практычных канферэнцый па гiсторыi Куцеiнскай лаўры як помнiка, якi занесены ў рэспублiканскi рэестр гiсторыка-культурных аб’ектаў.
Аршанскiя краязнаўцы падштурхнулi да правядзення мiжнароднай навукова- практычнай канферэнцыi "Куцеiнскiя чытаннi” ў 2005 годзе, дзе гучалi прапановы аб неабходнасцi адраджэння духоўнай жамчужыны Беларусi. Аб’яднаўшыся, гэтыя людзi выратавалi не адзiн гiстарычны аб’ект ад разбурэння.
Больш за дзесяцiгоддзе, напрыклад, змагалiся яны за фундамент царквы базыльянскага манастыра, дзе ўлады намагалiся пабудаваць iзалятар часовага ўтрымання пры мiлiцыi. Стукалiся ва ўсе дзверы, хадзiлi па iнстанцыях. I ўсё ж дастукалiся. Фундамент не парушылi. Цяпер там iдуць работы па ўзнаўленнi аднаго з будынкаў комплексу”.
Пакуль невядома, ці прыслухаюцца аршанскія ўлады да парады. А якім будзе сабіральны вобраз аршанскага краязнаўцы, застаецца толькі здагадвацца.
|