Главная** PLEASE DESCRIBE THIS IMAGE ** Регистрация ** PLEASE DESCRIBE THIS IMAGE ** Вход

:: Сделать Стартовой Избранной :: Пятница, 22 Ноября 2024, 21:58

Меню сайта
  • Наша Орша

Мини чат


Опросы
На что вы готовы, чтобы пережить трудные времена?
Всего ответов: 2336

Герои сайта

Главная » 2008 » Август » 23 » “На Беларусі Бог жыве”

“На Беларусі Бог жыве”

"Рша камен...” — эсэ з такой назвай да 900-годдзя свайго роднага горада прысвяціў слынны сын зямлі беларускай Уладзімір Караткевіч. "Горад-працаўнік, горад-паэт, горад-воін — жыць табе яшчэ тысячы і тысячы год”. У Оршы многа робіцца дзеля таго, каб жыла памяць пра выдатнага песняра, аўтара цудоўных дэтэктыўных аповесцяў, гістарычных раманаў, філасофскіх п’ес.

Караткевіч нарадзіўся амаль праз 300 гадоў пасля таго, як у гэтай самай Оршы з’явіўся першы беларускамоўны Буквар. З друкарні Куцеінскай лаўры ў сярэднявеччы выйшлі кнігі, якія лічацца найкаштоўнейшым нацыянальным скарбам. Шкада, але ў Оршы сёння вы не знойдзеце ніводнага экземпляра з Куцеінскай друкарні. Лёс манастыра падобны на лёс шматпакутнай Беларусі. Але гісторыя Бацькаўшчыны жыве ў выразных вобразах мастацкага слова Уладзіміра Караткевіча.
 
Узлёт і падзенне друкарні першага Буквара

Спірыдона Собаля называюць вандроўнікам-друкаром. Яго роля ў гісторыі старажытнай Оршы і ўсёй Беларусі ад гэтага не змяншаецца.

— І ўсё ж гэтая постаць заслугоўвае большага прызнання, — упэўнена галоўны захавальнік музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Ірына Воранава. — Толькі ў 1998 годзе ў Дзень свята беларускага пісьменства ў Оршы ўрачыста адкрылі дошку ў гонар друкара-асветніка на будынку каменнага храма Куцеінскага манастыра. Была надзея, што пачнецца паступовае аднаўленне лаўры. Але вось ужо десяць год прайшло, а работа дагэтуль не распачата. Між іншым, менавіта Куцеінскі манастыр, які адыгрываў ролю буфера паміж Усходам і Захадам, заставаўся ў ХVII стагоддзі аплотам праваслаўя на Беларусі, і зараз з’яўляецца самым значным месцам у горадзе, гэта яго брэнд.

Спірыдон Собаль нарадзіўся ў Магілёве. У 1628—1630 гадах заснаваў друкарню ў Кіева-Пячэрскай лаўры, выпусціў там пяць кніг, а потым вярнуўся ў заснаваны на месцы ўпадзення рэчкі Куцеінкі ў Днепр у Оршы манастыр. Першы беларускі Буквар ён стварае ў 1631 годзе. Куцеінскі манастыр стаў цэнтрам беларускай асветы, тут было надрукавана каля 20 выданняў. Кожная кніга, выдадзеная ў лаўры, была багата ўпрыгожана, мела дэкарыраваныя аркушы. Асаблівай мастацкай каштоўнасцю вызначаліся малюнкі на евангельскую тэматыку. Акрамя кніг выдаваліся і ноты. Ёсць звесткі, што наклады кніг былі немалымі: па 200—350 асобнікаў. Калі ж слава пра куцеінскіх друкароў дайшла да патрыярха Нікана, ён правёў кампанію па перасяленні часткі манахаў на Валдай у Іверскі манастыр. Куцеінская друкарня паступова прыйшла ў заняпад па прычыне працяглага канфлікту свецкай і духоўнай улад у Рускай дзяржаве. Страты, якія панёс манастыр у выніку вывазу ў Расію кніг, царкоўных рэчаў і друкарскага абсталявання, а тым больш саміх майстроў, былі незаменнымі.

— Каля 120 экземпляраў старажытных кніг з Куцейны захоўваюцца зараз у Бібліятэцы НАН Беларусі, у Нацыянальнай бібліятэцы, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры, — гаворыць Ірына Воранава. — На жаль, дагэтуль не існуе адзінай манаграфіі пра гісторыю Куцеінскай лаўры і яе друкарню. Ёсць толькі асобныя публікацыі. Вядома, што куцеінскія майстры ўпрыгожвалі Каломенскі палац у Маскве, саборы Крамля, Навадзявочы манастыр. Гэта было мастацтва вельмі высокага ўзроўню.

У 2005—2006 гадах Аршанскі гарвыканкам разам з Віцебскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы і НАН Беларусі праводзілі Куцеінскія чытанні.
 
— Тэрыторыя манастыра цалкам унесена ў спіс помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, — гаворыць першы намеснік старшыні гарвыканкама Мікалай Саксонаў, — у гэтым годзе ў Оршы адбылося выязное пасяджэнне рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях захавання гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Вырашана правесці дадатковыя археалагічныя даследаванні на тэрыторыі манастыра, бо шмат яшчэ гэтая зямля захоўвае таямніц. Будзем прасіць, каб археолагі да нас прыехалі ўжо ў наступным годзе.
 
Быў. Ёсць. Буду

У бліжэйшы час дзіцячая бібліятэка імя Уладзіміра Караткевіча ў Оршы справіць наваселле. Установа пераязджае ў адрэстаў-рыраваны помнік гісторыі ХVII стагоддзя  — былы езуіцкі калегіум. З імем Караткевіча ў Оршы звязана не толькі бібліятэка, але і вуліца, школа, музей. Уяўляеце, 10 год таму, калі Орша святкавала Дзень беларускага пісьменства, горад яшчэ не меў музея Уладзіміра Караткевіча. Ён з’явіўся толькі ў 2000 годзе.

— Музей знаходзіцца якраз у тым самым доме, дзе 26 лістапада 1930 года нарадзіўся будучы пісьменнік, які прынёс Оршы сусветную вядомасць, — так звычайна пачынае свой расказ дырэктар музея Уладзіміра Караткевіча Галіна Юркевіч. — У 30-я гады тут месцілася радзільная зала. Бацька яго Сямён Цімафеевіч паходзіў з вядомага шляхетнага роду на Беларусі, які меў свой герб. Маці Надзея Васільеўна засталася сіратой, але скончыла Марыінскую гімназію, працавала вясковай настаўніцай. Бацькі пісьменніка пазнаёміліся ў Рагачове...

Пры музеі створаны навукова-даследчы цэнтр. Сюды звяртаюцца з розных куткоў Беларусі даследчыкі творчасці Караткевіча, тут багатая калекцыя кніг, матэрыялаў пра аршанскія славутасці. Дарэчы, Аршаншчына, вёска Зубрэвічы — радзіма Янкі Сіпакова.

...Зазвінеў званочак уваходных дзвярэй. На парозе мінскія госці: пісьменнік Уладзімір Арлоў з сябрамі. Уладзімір часта наведвае гэты дом, дзе жыве нястомны дух караткевічаўскага далягляду.
 
— Дзякуючы Уладзіміру Караткевічу мы, студэнты гістфака БДУ 70-х гадоў, адкрывалі для сябе сапраўдную гісторыю Беларусі, — дзеліцца Уладзімір Арлоў з карэспандэнтам "НГ”. — Насуперак тым нецікавым падручнікам, дзе не было імёнаў славутых беларусаў, якія зараз ведаюць нават вучні малодшых класаў, кнігі Караткевіча адкрывалі нам акно ў свет гісторыі еўрапейскага народа. Праз яго мы зразумелі: Беларусь — краіна, якой можна і трэба ганарыцца. Дзякуючы Караткевічу мы даведваліся, што нашы гарады мелі Магдэбургскае права, што ў нас была эпоха Рэнесансу і рэфармацыі, у нас былі свае рыцары. Ён падводзіў да моманту ісціны, вяртаў нам пачуццё Беларусі. Праз яго мы пачыналі разумець, што з народам, які пазбаўлены гістарычнай памяці, можна рабіць любыя злачынныя сацыяльна-палітычныя эксперыменты. Я вельмі любіў яго эсэ. Для мяне самы славуты чалавек, якога дала Орша свету — гэта Уладзімір Караткевіч.

Кнігі Караткевіча перакладзены на многія мовы свету. Нядаўна пасол па справах Японіі ў Рэспубліцы Беларусь пераклаў на японскую мову кнігу Караткевіча "Блакіты золата дня”.

На літаратуру аршанскага волата гісторыка-рамантычнага пісьменства ў Оршы найбольшы попыт. Кнігі Караткевіча актыўна купляюць у кнігарнях. Загадчыца кніжнай крамы Людміла Ганак назвала аж шэсць найменняў кніг Уладзіміра Караткевіча, якія ў іх выстаўлены на паліцах. Тут ёсць і "Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, і "Каласы пад сярпом тваім”, і "Дзікае паляванне караля Стаха”, і "На Беларусі Бог жыве”.

Сапраўды, асоба Караткевіча настолькі ўплывовая, што яго знакамітую фразу "Быў. Ёсць. Буду” варта геаграфічна прышчапіць як да яго роднай Оршы, так і да ўсёй Беларусі. Праз пісьменства, культуру свет ведае пра нашу чароўную краіну, "дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі. А мужчыны, як скалы, — ударыш і зломіцца меч”.

Фота аўтара
Святлана ДЗЯДЗІНКІНА, "НГ”
Категория: Культура |
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Форма входа





Пользователи

Всего: 127685
Новых за месяц: 0
Новых за неделю: 0
Новых вчера: 0
Новых сегодня: 0



Категории
Бизнес
Бомонд
Здоровье, экология
Даты
Дожинки-2008
Культура
Новости этого сайта
Образование
Общество
Оршанский район
Пресс-служба горрайотдела МЧС по г. Орша
Пресс-служба оршанского ГОВД
Пресс-служба ИМНС РБ по г. Орша
Проиcшествия, криминал
Связь
Слухи
Спорт
Транспорт


Сегодня с нами
Сегодня с нами были:



Новые объявления




Случайное фото



При использовании материалов сайта указание авторов и ссылка на источник материала обязательна! Мнение администратора сайта может не совпадать с мнением авторов статей. За объявления несут ответственность рекламодатели. © 2006-2024
Яндекс.Метрика