Як паведаміў карэспандэнту "Народнай волі" дырэктар александрыйскага спартыўнага цэнтра (што ў Шклоўскім раёне) Андрэй Міронаў, мясцовы басейн працвітае. Яшчэ б…
"Прыехала мая дачка і прывезла мне трохгадовую ўнучку, — напісаў у рэдакцыю наш чытач з пасёлка Копысь. — Вырашылі яе звадзіць у басейн спартыўнага комплексу вёскі Александрыя, што на радзіме Аляксандра Лукашэнкі, але аказалася, што я павінен купіць два білеты — дарослы і дзіцячы. А гэта амаль 6 тысяч рублёў".
— Усё правільна, — тлумачыць мне дырэктар спартыўнага комплексу ў Александрыі Андрэй Міронаў. — Калі дзіцяці менш за 10 гадоў, то з ім абавязкова павінен прысутнічаць дарослы. А што датычыцца працы самога комплексу… Праз некалькі месяцаў нам будзе ўжо год — з 16 кастрычніка працуем на платнай аснове.
— Народ ходзіць у басейн?
— Яшчэ як! Напрыклад, на сённяшні момант у нас стопрацэнтная загрузка. Адразу можам прыняць 30 чалавек. І прыходзяць не толькі мясцовыя жыхары. Побач жа Орша знаходзіцца, гарадскі пасёлак Копысь… Прадпрыемствы прывозяць сваіх людзей, нават з Магілёва сюды нейкім чынам дабіраюцца. Да таго ж турфірмы, якія арганізоўваюць экскурсіі на радзіму Аляксандра Лукашэнкі, у праграму турпаездкі ўключаюць і наведванне нашага спорткомплексу. Так што жадаючых — хоць адбаўляй!
Алесь СВЯТЛАНІЧ
|