У Оршы ў працэсе падрыхтоўкі да Дажынак увесь час знаходзяць чалавечыя астанкі. Аднак дакладнай колькасці і каму яны належаць ніхто сказаць не можа.
Як распавёў Еўрарадыё аршанскі журналіст Алег Граблеўскі, днямі будаўнікі выкапалі больш за 20 астанкаў чалавек каля былога езуіцкага калегіума, дзе ў савецкія часы была турма.
Алег Граблеўскі:"20 чалавек можна называць дакладна, таму што гэтая колькасць была вызначана патолагаанатамамі. А што было дагэтуль у іншых месцах і ў іншыя дні, пра гэта ніхто не ведае”.
Па словах журналіста, рабочыя, якія займаюцца землянымі работамі, кажуць, што косці тут паўсюдна, таму і не здзіўляюцца іх знаходкам. Між тым, па законе пры знаходжанні астанкаў людзей пракуратура павінна распачынаць крымінальную справу. Але, як адзначае Алег Граблеўскі, справу закрываюць адразу пасля экспертызы, а каму належаць астанкі застаецца невядома.
"Судмедэкспертыза робіць заключэнне аб тым, што гэтым парэшткам больш за 50 гадоў. Звычайна спісваюць на тое, што гэта былі могілкі, або месцы расстрэлаў людзей фашыстамі, і справу закрываюць”.
Еўрарадыё датэлефанавалася ў пракуратуру Оршы. Там адказалі, што агульнай статыстыкі па знойдзеных астанках у іх няма, але касцей сапраўды знаходзілі вельмі шмат. Следчая Інэса Рагулева толькі адзін раз выязджала па падобным выкліку. Тады знайшлі астанкі 42 чалавек.
"Калі я выехала, знайшлі астанкі 42 чалавек. Экспертыза дала тэрмін даўнасці 50 гадоў і больш. Ахвяры яны ці не — гэта ўсё не справа пракуратуры”.
Паводле яе слоў, на астанках не было ніякіх медальёнаў, не было ў архівах і звестак пра пахаванні ў гэтым месцы, таму косці былі перапахаваныя спецкамбінатам як "безгаспадарныя”.
У сваю чаргу, журналіст Алег Граблеўскі мяркуе, што гэтыя астанкі могуць належаць ахвярам сталінскіх рэпрэсій, і спрабуе знайсці сваякоў расстраляных у 1930-я гады аршанцаў.
"Я знайшоў людзей, якія маюць дакументы з архіваў аб тым, што іх сваякі ў свой час былі расстраляныя менавіта ў гэтай аршанскай турме. Пасля яны былі рэабілітаваныя. І цалкам магчыма, што астанкі належаць іх сваякам”.
|