Прайшло каля двух тыдняў, як у Оршы гараджане намагаюцца асэнсаваць, што за будаўніцтва ідзе ля помніка пісьменніку і земляку Уладзіміру Караткевічу. А цяпер высветлілася, што помнік збіраюцца перанесці.
Афіцыйна паведамлялася, што будуюць аб’ект, дзе першы паверх – гэта прыбіральня. Тады грамадскасць Оршы прыйшла ў музей Ул. Караткевіча на сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады, каб спытаць у іх: чаму ля помніка пісьменніку ў Прыдняпроўскім парку будуецца прыбіральня?
Ад гарадской улады на пытанне адказвалі намеснік старшыні гарвыканкама Мікалай Саксонаў, загадчыца аддзела культуры Ірына Мігаль. Яны расказалі сходу, што помнік запланавана перанесці ў другое месца, тут жа ў парку. У далейшым будзе зроблена рэканструкцыя помніка . Словам, зробяць лепей, чым было. А наогул у парку ў сувязі з "Дажынкамі-2008” запланавана пабудаваць дзіцячы парк з атракцыёнамі і кафэ. Таму зараз тут вялікая будаўнічая пляцоўка.
Прысутныя на сходзе ў музеі задал шэраг пытанняў па тэме: ці есць рашэнне гарвыканкама наконт пераносу помніка, ці давялі да ведама хоць бы супрацоўнікам музея Ул. Караткевіча аб пераносе помніка, чаму загадзя не праінфармавалі грамадскасць аб гэткім будаўніцтве праз сродкі масавай інфамацыі? Адказ быў адмоўны: не давялі, рашэння няма, не праінфармавалі.
Прадстаўнікі грамадскасці на сходзе прапанавалі прыпыніць будоўлю прыбіральні каля помніка, зазначыўшы, што такім чынам помнікі не пераносяць, І яшчэ, што яны памятаюць урачыстае адкрыццё яго да 925-годдзя Оршы. З таго часу мінула 15 гадоў, і гэта месца стала святым для аршанцаў, яно занесена ў турыстычныя даведнікі па ўсей Беларусі.
|