Трое кандытараў прадпрыемства "Орша-сервіс” – Святлана Жабіцкая, Вікторыя Макуева і Ніна Сяргеева ў складзе беларускай зборнай прымуць удзел у сусветным чэмпіянаце кулінараў, які пройдзе ў Люксембурзе.
А нядаўна аршанская каманда паказала высокае майстэрства на міжнародным кулінарным кубку Крамля ў Маскве. У ім удзельнічалі 258 майстроў з розных краін, у тым ліку з Германіі, Францыі, Італіі, Карэі, Ізраіля. У намінацыі "Вясельны торт” аршанкі сталі сярэбраным прызёрам, падзяліўшы ўзнагароду з омскімі кандытарамі. Адметна, што першае месца ўвогуле не прысуджвалі.
Торт на вяселле, зроблены аршанскімі чараўніцамі, уяўляў сапраўдны твор мастацтва. Называўся ён "Фіеста”, а ў вышыню быў без малага метр – 95 сантыметраў. Яго выраблялі на самым сучасным абсталяванні і выкарыстоўвалі шакалад і карамелі розных колераў і канфігурацый, паведамляе газета "Народнае слова”.
|